Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Не! — захітаў ён галавой.— У нас не будзе дзіцяці. Не...— i адвярнуўся ад Вольгі, каб не бачыць таго, што скажа яна, каб не бачыць яе твару, не бачыць яе выскаленых ад болю, здзіўлення, нематы зубоў. Упёршыся вачыма ў акно-амбразуру, такое яно было маленькае, у акно, з якога нічога не было бачна, толькі неба не па восені высокае i чыстае. Неба, па якім тужліва летала пaвуцінне. Павуціны былі вельмі доўгія i вельмі прамыя, як напятыя струны, як тая жылка, на якой б'ецца схопленая кручком рыбіна.
Вольга закрыла неба, павуціну i акенца-амбразуру сваім целам:
— У нас будзе маленькі... Не пярэч мне, я была ўжо ў доктара...
— Ты пойдзеш да яго зноў.
— Не, ты можаш адвезці мяне туды толькі сілай. Сама я не пайду... Можа здарыцца, Яўмен, так, што ў мяне больш ніколі не будзе дзяцей...
— Ён будзе глуханямым, я таксама быў у дактароў.
— Можа быць глуханямым, а можа, не...— Вольга змоўкла, а ён прагнуў працягу, прагнуў, каб яна гаварыла яшчэ пра тое «не», прагнуў нейкага патаемнага слова, якое мо вядома ёй, якое вядома адной толькі жанчыне i якое пазбавіла б яго ад таго, другога, які зараз бедаваў i плакаў. А Вольга чакала, што адкажа ён. I ён адказаў, жорстка, як адсек:
— Не!.. Ён пракляне мяне, пракляне нас з табой. Калі не сам ён, калі яму пашанцуе нарадзіцца з языком, то яго дзеці праклянуць нас, унукі нашы, якія прыйдуць за намі ў больш радасны, больш шчаслівы час — i без языка.
— Ты баязлівец, ты зажырэў, ты стаміўся ад шчасця. Ты баішся рызыкаваць, баішся страдіць хоць малую частку таго, што маеш. A ці шчасце ты маеш, ці аб ім ты дбаеш? Спакою табе хочацца, спакою... Ці шчасце ж гэта, калі з дня ў дзень адно i тое ж, адно i тое ж... Гэта ж абыдзёнка. А ты — вол. Не без голасу, не без слуху табе трэба было нарадзіцца, а... Вось тады ты б быў поўнасцю шчаслівы i ўсім задаволены...
Не, яна не абразіла яго. Не здолела пераканаць, але i не абразіла, не пакрыўдзіла. Для яго не было ўжо, не існавала большай абразы i крыўды, чым усведамленне таго, што ён, дужы, моцны, прагне дзіцяці i не можа мець яго. Не можа праўдзіва адказаць нават самому сабе: чаго ён больш жадае, каб Вольга пагадзілася з ім i пазбавілася ад дзіцяці, ці настояла на сваім, кахае ён яе зараз, у гэтую мінуту, ці ненавідзіць. О, каб магчыма было мець тое дзіця, не ведаючы Вольгі, каб яна, даруй мне, Вольга, даруй... каб ты памерла пры родах i тады можна было б збегчы куды-небудзь ад людзей i гадаваць тое дзіця аднаму, аднаму адказваць за ўсё, узяць усё на сябе: адказнасць перад людзьмі, перад сынам, перад яго будучым, перад яго сынамі, каб яго маці, яго Вольга, не ведала тых пакут i таго болю, што зведала яго, Яўмена, маці...
Не хацеў ён у тую хвіліну бачыць Вольгу i вельмі баяўся страціць яе, адчуваў, што ўжо страчвае, яна адыходзіць ад яго. Вольга плакала на ложку, а ён нерухома сядзеў на крэсле, паглядаў у акно, за якім павуціннем уздымалася ў неба лета. Хацеў i не здолеў падысці да Вольгі, суцешыць яе, таму што сам быў расколаты надвая.
Пачуццё гэтай раздвоенасці засталося ў ім i пасля таго, як ён забраў Вольгу з бальніцы. Пасля бальніцы нічога ў ix жыцці, здаецца, не перамянілася. Былі ўсё тыя ж клопаты пра хлеб надзённы, усё тая ж мітусня i бязладдзе. Але яны, як было дагэтуль, не неслі ў сабе ўжо шчасця. Яўмен, здаецца, як i раней любіў Вольгу. Але між імі як бы прабегла нешта, прабегла, знікла, a застаўся цень толькі, i гэты цень яны насілі на сваіх тварах, ён лёг i на ix адносіны. Яны саромеліся адзін аднаго, няздольныя былі доўга заставацца адны i выйсці на людзі не наважваліся. Яўмен больш не знаходзіў у Вользе адбітку той вышэйшай мудрасці, якая палохала i прываблівала яго да яе ўвесь час. Начамі яны амаль што не спалі. Вольга іншы раз плакала, а ён ляжаў з расплюшчанымі вачыма. I ў цемры, што ахутвала пакой, у прысутнасці другой пары маладых нельга было запаліць святло i пагаварыць. Але неяк, калі яны засталіся адны, калі тая, другая пара на суботу-нядзелю паехала ў вёску да сваіх бацькоў, пагаварылі.
— З'ездзіў бы i ты да сваіх бацькоў у вёску,— прапанавала Вольга Яўмену.— Звёўся ўжо ўвесь.
— Ты праганяеш мяне? — спытаў ён яе.
— Не, не, Яўменка. Я адпускаю цябе.
— Лепей бы ты ўзяла адпачынак.
— А куды мне ехаць?.. Бацькоў няма, цётка пракляла, у дзетдом?.. Едзь у сваю вёску, да маці. Я адпускаю цябе.
Яўмен адчуваў i сам, што яму трэба куды-небудзь з'ехаць. Але ён так i не наважыўся пайсці з інтэрната на вачах у Вольгі, уцёк ад яе, як злодзей, калі яна была на змене. I з таго дня, здаецца яму, анямеў, страціў голас увесь белы свет, у кожнага жывога як вырвалі язык. I ён, нямы сам, жыве ў знямелым свеце, не чуе голасу зямлі, не чуе голасу сваёй грушы. A ці чуюць яго, голас зямлі, голас дрэў, a ці разумеюць ix мову, мову птушак, звяроў, рыб іншыя людзі? Ці ёсць разуменне паміж людзьмі i астатнім светам? Што, калі не толькі адзіны ён нямы на гэтым свеце. Што, калі толькі дзяды, якія абсаджвалі грушкамі-дзічкамі сваё селішча, мелі тое разуменне. Яго дзед ці прадзед пасадзіў грушку, а бацька ссек, а ён...