Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Яўмен па-ранейшаму радасна хітаў галавой i радасна шчэрыўся.
— Што, не шкада дваццаці пяці рублёў, дзяцей у цябе няма, багата жывеш, дурныя грошы маеш?..
Яўмен прыхапіў вартаўніка за крысо ватоўкі i падцягнуў да сябе, да кайстры: паглядзі, маўляў, які карп, якая рыбіна. Вартаўнік адбіваўся, адпіхваў ад сябе Яўмена, мружыў вочы i прыгаворваў:
— Што ты, што ты, чалавеча, навошта? Не бачу i не бачыў я нічога. Нічога ў цябе няма...— А сам мімаволі то адным, то другім вокам зазіраў у кайстру. Яўмен адпусціў вартаўніка, той скочыў на веласіпед i шпарка памчаў па лесе. Ад'ехаўся ад Яўмена метраў на пяцьдзесят, спыніўся i пракрычаў здалёку, ужо ў спіну яму:
— Чуеш, не бачыў я нічога i нічога не ведаю, не сустракаліся мы з табой, ёлунень ты балотны... Драйман цябе каля тваёй хаты цікуе. Крый божа, трапіць табе яму на вочы, каровы не хопіць...
Так, Ядрыт-тваю-налева не схлусіў. Драйман чакаў Яўмена каля яго хаты. Да цемры сядзеў на прызбе, нібыта ў яго не было ніякіх спраў, не было сваёй хаты, адзіны меў клопат чалавек: чакаць нямога. I ён дачакаўся яго, кінуў у цемры папяросу, падняўся насустрач яму. Яўмен i Драйман сышліся пад вокнамі Яўменавай хаты, адкуль на вуліцу падала святло.
— Ну, вось я цябе i злавіў...— пачаў быў Драйман i асекся, прыкмеціўшы, што кайстра, якая вісела ў Яўметта цераз плячо, пустая, i ў руках яго нічога няма.
— Дзе, куды збаёдаў? — закрычаў асіплым голасам Драйман. Яўмен стаяў, глядзеў яму ў раз'юшаны твар, i ў заўсёды напружаных вачах яго быў спакой i думка пра нешта далёкае i прыемнае, што ніяк не датычылася гэтай сустрэчы. А Драйман аббег круга Яўмена i хацеў ужо, пэўна, пакінуць яго, але Яўмен як раптам прачнуўся, не даў яму збегчы, згроб аберуч i прыцягнуў да сябе.
— Ты што, ты што?.. Здурнеў, адпусці, не чапай мяне! — запрасіўся Драйман.— Што я табе благога зрабіў? Гэта ж ты спаліў мае сена...
A Яўмен не думаў адпускаць вартаўніка, цягнуў яго да сябе, як не так даўно цягнуў з вады карпа. Толькі вартаўнік не ўпарціўся, разы са два паспрабаваў вырвацца, вылузацца з яго рук, зразумеў, што не вырвацца, i пакорліва абмяк, знік. Яны адчулі дыханне адзін адпаго, апяклі адзін аднаго: Яўмен вартаўніка пахам пераброджанага ўжо віна, вечаровага лесу, смалы-жывіцы; той яго — тытунём, сапрэлым камбікормам.
— Ну, што табе трэба ад мяне? Служба ў мяне, разумееш, немчура... злодзей, вылюдак!..
Яўмен спрабаваў злавіць позірк Драймана, спрабаваў злавіць яго вочы, а Драйман гаварыў, мармытаў, сіпеў, сыпаў словамі, як абараняўся імі, ставіў з гэтых слоў плот паміж сабой i нямым.
— Жыць трэба. Усе хочуць жыць. Вось ты калода без'языкая, а таксама хочаш жыць. А я ж чалавек, пасада сабачая, але ж парадак павінен быць, разбэсціўся народ, распусціўся, няма пугi. Hi чорта, ні бога не баяцца.
Драйман выгаварыўся, усе словы ў яго выйшлі, але ён так i не даўся Яўмену зазірнуць сабе ў вочы. Замоўк, адкінуў галаву, ашчэрыў зубы, што сабака, які ўбачыў палку. Яўмен ужо яго не трымаў, адпусціў, адпусціў рукі, а сам як скамянеў, нешта зрабілася з ім накшталт таго, што было з ім у лесе каля пнёў. Драйман асцярожна адкрыў адно вока, але ўбачыў толькі месяц на небе.
У хаце Яўмена ўжо чакалі, на стол ужо была выстаўлена i пляшка гарэлкі. Да Яўмена яшчэ на парозе кінуўся сярэдні брат, абмацаў торбу i недаўменна залыпаў вачыма.
— Па ўсім сяле плёткі ідуць,— растлумачыла гэта яго недаўменне маці.— Ты карпа спаймаў, тры пуды. Дзе ж твой карп?
Яўмен моўчкі зняў торбу, кінуў яе ў кут, прайшоў да стала i наліў сабе шклянку гарэлкі. Выпіў не заядаючы. Таксама моўчкі, але з недаверам i чаканнем утаропіўшыся ў Яўмена, наліў сабе гарэлкі i выпіў сярэдні брат. Maцi паставіла на стол талерку з мінулагоднімі салёнымі агуркамі i сама села паміж сынамі. I ўсе трое сядзелі на ўслоне i маўчалі. I маўчанне гэта нікога з ix не гняло. Хоць i быў у ix хаце чацвёрты чалавек, які поўзаў па падлозе i гуў сам сабе, хоць i сама маці мела язык, але яна ўжо даўно звыкла, што хата яе нямая. I пры сынах, Рыгору i Яўмену, не вельмі прыкідвалася да таго малога, каб не пакрыўдзіць ix, не абразіць. Каб, дальбог, не прагнявіць таго, хто ў рэшце рэшт усё ж зміласцівіўся над ёй, дараваў ёй гэтае дзіця, каб залішне не выказваць свайго шчасця. Яшчэ ж ніхто не ведае, што будзе з гэтага дзіцяці, што яму наканавана. Але яна ўжо шчаслівая. Шкада толькі, што мужык-нябожчык не пабачыў яго, не пачуў яго голасу: не вытрываў чакаць, якім яно будзе, памёр. A якія ж не ёсць, дзеці,— усё ж дзеці. Яўмен гэта разумее, таму так i горнецца да малога i да маці горнецца. Калі тая дзеўка з розумам, усё будзе добра. Яна ўжо адпісала ёй, адпісала, каб не мучыла сябе i яго, а ехала сюды. Яна пагаворыць з ёй: жанчына жанчыну заўсёды зразумее. I яна спакойна за Яўмена. А вось сярэдні... Калі няма паблізу Яўмена, вып'е, зажурыцца, прыгадае нешта сваё, нямое, i, не маючы як выказаць тое нямое, накінецца на яе: навошта, маўляў, нарадзіла мяне, такая-сякая, навошта такім на свет пусціла...