Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 213 214 215 216 217 218 219 220 221 ... 228
Перейти на страницу:

Ушчэнт чужымі яны i развіталіся непадалёку ад інтэрната. Вольга забараніла яму ісці разам з ёй. У інтэрнат ён так i не пайшоў, перамогся да ранку на лаўцы ў скверы. I ранкам проста ca сквера пашыбаваў на працу. Ноч, якую ён правёў на вуліцы, была адной з самых жудасных яго начэй. Справа тут была не ў Вользе, не ў яго каханні да яе. Пра Вольгу ён памятаў толькі першую гадзіну, a ўжо ў другую гадзіну яго апапаваў адчай: ён жа парушае, парушае некім устаноўленыя правілы, правілы, устаноўленыя ім самім. Чаму гэта ён, як жабрак, цягаецца па вуліцы, спіць на вуліцы, у яго ж ёсць свой пакой, свой ложак. Як ён заўтра будзе глядзець людзям у вочы, як паглядзяць на яго людзі, як аднясуцца, як успрымуць усё гэта? Але ж, не зважаючы на гэты яго ўнутраны страх, яму было i прыемна. Нешта пераварочвалася, неяк па-новаму перакручвалася яго жыццё. Ноч была цёплая, на самым золку ў рэшце рэшт супакоіўся i аціх горад, адышла мітусня, апаў смурод. У горадзе ўладарыла вясна, яе пахі, яе жыццесцвярджальная цішыня, чысціня i задумёнасць. I гэтыя цішыня, чысціня i задумёнасць агарнулі i яго, нібыта ён нейкім чынам гэтай ноччу апынуўся ў сваёй роднай вёсцы, сядзеў над вадой i дыхаў вадой i вясной. I нічога-нічога не трэба было яму. Ён як бы i сам выйшаў з той вады, вясны i ночы. Ноч, вада i вясна выткалі яго, i, здавалася, з першым промнем сонца ён распадзецца, растворыцца ў святле дня, усхопіцца світанкава лёгкі ветрык i разнясе, разадзьме яго. Ён будзе паўсюдна, i нідзе яго не будзе. Ветрыкам ён пойдзе за Вольгай, будзе пяшчотна павяваць на яе, гладзіць яе, а яна i не даведаецца ніколі, што гэта не проста ветрык, а ён, Яумен. Яўмен баяўся світання, баяўся святла, баяўся сустрэчы з Вольгай. Ён адчуваў, што не здольны глядзець ёй у вочы, можа памерці ад яе позірку, не вытрывае тых позіркаў, у якія возьмуць яго ранкам жыхары інтэрната, слесары ў цэху. Што гэта ён натварыў, што гэта ён натварыў, як з глузду з'ехаў. I ўсё яны, жанчыны, жанчыны вінаватыя. Вольга... Кахання яму захацелася, дзяўчыны. Яна ж здзекавалася з яго, а ён i вушы развесіў. Хто такі ён, хто такая яна...

Яўмен гаварыў гэта сабе, упікаў сябе i ca смуткам i тугой думаў, што як бы там ні было, ён з гэтага дня няздольны разлучыцца з Вольгай, няздольны забыць яе. Няхай здзекуецца, грэбуе, абражае, ён ужо прыкіпеў да яе. Ён падманвае сябе, калі гаворыць, што вось зараз дачакаецца, апусцее інтэрнат, забярэ свае рэчы i знікне з гэтага горада, з'едзе ў сваю вёску. Калі быць шчырым, дык ён хоча, каб Вольга i далей працягвала так здзекавацца з яго.

Толькі Вольга, калі прыйшла ў цэх, нават i не зірнула ў яго бок, ні разу не кінула вокам ні тым днём, ні наступным, i ён абыходзіў яе, быў ужо сапраўды блізкі да таго, каб з'ехаць куды вочы глядзяць. Але ўсё на штосьці спадзяваўся, цягнуў, цягнуў i дацягнуў. На прахадной завода пасля змены яго прыціснулі сяброўкі Вольгі. На падаконніку ў мітуслівым натоўпе, гамане, штурханіне чорным алоўкам, якім, пэўна, падводзілі вочы, вялізнымі літарамі, нібыта ён i сляпы яшчэ, напісалі: «Ты што гэта пра сябе высока так думаеш, зняславіў дзеўку на ўвесь белы свет i не падыдзеш. Жарабок, думаеш, управы на цябе няма. Калі так i далей будзеш сябе паводзіць, злягчаем...» За акном прахадной на кусце бэзу сядзеў верабей, чытаў разам з Яўменам гэтую запіску i весела хітаў галавою iхвастом: так, так, так.

Яўмену i Вользе вылучылі ў ix жа інтэрнаце пакойчык, ім i яшчэ адной пары маладых. Пакойчык быў маленькі, дваім ужо i не размінуцца. Ложкі стаялі амаль што ўсутыч, два ложкі, два крэслы на чатырох, яшчэ два не было ўжо куды мясціць. Не было куды мясціць i стол. Замест стала, каб тое-сёе перахапіць, прыстасавалі тумбачку. Не вельмі зручнае, не вельмі ўтульнае жытло, але ж свой вугал. У кожным шчасці тоіцца няшчасце, i ў кожным няшчасці — сваё шчасце. Яўмен быў шчаслівы...

...Чмель ужо перасыціўся, прыдбаў мёду для сябе i для ўсёй сваёй чмялінай сям'і. Зморана прысеў па ліст адпачыць. Аднекуль з-пад гэтага ліста выкаціўся нябачны дагэтуль вялізны брухаты павучына. Як чаўнок, з неспадзяваным для такога выпешчанага, дагледжанага бруха спрытам засноўдаў туды-сюды, пацягнуў павуціну, пачаў абмотваць, абкручваць ёю чмяля. Ласы па чужыя кілбасы, падумаў Яўмен, тут табе i мёд, тут табе i мяса. А чмель, ці то адчуваў у сабе сілу, ці то наогул не адчуваў прысутнасді павука, зняможаны, аціхлы, сядзеў на лісце i не кратаўся. Павук зрабіў сваю жудасную справу, палічыў, пэўна, што чмялю ўжо не пазбегчы яго абдымкаў, на тонкай павуціне кінуў сябе з ліста ўніз, загойдаўся, быццам выглядаў з-за вугла i хаваўся. Гэта гойданне хутчэй за ўсё i скранула чмяля з месца. Ён паспрабаваў расправіць крылы, каб узляцець, ублытаўся ў павуцінне, заёрзаў, закруціўся. Яўмен ужо прыўзняўся са свайго логава, каб дапамагчы чмялю; дзесьці ж яго чакала сям'я, ён так рупліва амаль што гадзіну збіраў гэты мёд, каб аднесці яго сваім будучым дзеткам, якіх, пэўна, ужо выкладвала недзе ў купіне чмяліха. I Яўмен не мог дазволіць, каб на яго грушцы загінуў такі дбайны, такі руплівы сем'янін — чалавек, дый годзе. Ён паспеў яшчэ здзівіцца, што i на такой прыгажосці, сярод такой прыгажосці існуе смерць, але яго дапамога не спатрэбілася. Чмель сапраўды быў дужы, ён ужо рваў павуцінне, ужо выблытваўся з яго, як занепакоіўся павук. Вокамгненна ўцягнуў у сябе павуцінне, узляцеў угару. Ледзь-ледзь затрымаўся, пэўна, разважаючы, ці варта рызыкаваць, ці варта кідацца ў бойку з гэтым калматым зверам. Сквапнасць перамагла розум. Кінуўся ў тую аношнюю хвіліну, калі чмель уяго распраміў крылы. Яны закружылі на лісце, як на нейкім лобным месцы, пайшлі ў свой танец смерці, заскакалі адзін каля аднаго, як улюбёныя. Але хутка любоў гэта скончылася. Павук атрымаў сваё, свой смяротны пацалунак, перакуліўся дагары лапамі, паскроб паветра i аціх. А чмель, як пераможца, яшчэ трошкі адпачыў, цяжка ўзняўся, набраў вышыню i пацягнуў у лес.

1 ... 213 214 215 216 217 218 219 220 221 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)