Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
I карпа зноў кінулі ў тую ж самую ваду. Ён вырашыў пра сябе, што разаб'е галаву, вырвецца па волю, збяжыць з гэтай турмы. Але вырваўся карп толькі вось гэтай вясной, калі ўжо цела яго налілося i набрыняла, i ён думаць забыў пра свабоду. У нагульныя сажалкі пусцілі ваду, не падумалі, што прайшлі вялікія дажджы i пабліжаецца паводка. Паводкавая вада ноччу размыла дамбу. I вось карп, свабодны, гуляе па знаёмай яму канаве.
Канава як бы паменшала з таго часу, калі ён апошні раз, малады i жвавы, плаваў па ёй. Карп, як i ў маладосці, хацеў кінуцца да ўжо вядомага яму раўчака, які злучаў канаву з балотцам: цела пакутавала ад болю i жадання пазбавіцца ад цяжару, што ён насіў у сабе. А карп ведаў, што ў балоце сярод купін, ламачча, мінулагодняга, жорсткага i гнілога i сёлетняга, свежага, салодкага аеру зрабіць гэта зручней i лягчэй, чым дзе-небудзь у іншым месцы. Але ён толькі ўвайшоў у раўчак, пастаяў у ім, выставіўшы на паверхню гарбатую спіну: вады ў раўчаку зараз, як ні дзіўна, не хапала, каб схаваць яго цалкам. Карп прыгадаў, што не глыбей, не болей гэтай вады i ў балаціне, прыгадаў зубы i іклы, якія ганяліся за ім па той балаціне, i паволі ссунуўся зноўку ў канаву. Ён яшчэ быў здольны трываць, да таго ж карцела вывучыць канаву, мо што i змянілася за той час, што ён плаваў у сажалцы. Колісь жа канава, як i сажалкі, у якіх ён жыў, не мела выйсця. Яна вялізным колам акружвала ўсе рыбгасныя сажалкі. А вада ў яе падала аднекуль зверху, звысоку. I каб трапіць туды, наверх, патрэбны былі крылы. Але ж ад гэтай асноўнай канавы адыходзіла мноства маленькіх канаў, раўчакоў, лужын. I карп пабег вывучаць і правяраць зноў тыя раўчакі і канавы. За тры дні ён абышоў ix усе. За час, што ён адсутнічаў, жыў у сажалцы, нічога тут не змянілася. Канава, як i колісь, не мела ніякага выйсця. З адной турмы ён трапіў у другую, больш прасторную, з праточнай вадой, з казюркамі i чарвячкамі, але таксама ў турму.
Першы дзень прайшоў ціха. Ніхто яму не надакучаў. На беразе сядзелі толькі хлапчукі з вудамі. Карп легка абдурваў ix, жартам здымаў з кручкоў нажыўку, плёхаў хвастом каля ix вудаў, забаўляўся, смактаў маладыя карэньчыкі i сцябліпкі чароту, які толькі вытыркаўся ў вадзе з зямлі. Але на другі дзень усё змянілася. Яшчэ цёмначы завуркацелі пa дамбе машыны. Там, дзе яны сцішваліся, падалі неўзабаве ў ваду пустыя пляшкі з-пад гарэлкі, кавалкі хлеба, кілбасы. У самым пачатку дня, яшчэ таксама прыцомкам, па твані, якую ён абраў сабе, каб пераначаваць, заблёхаліся двое з сеткай. Абкружылі сеткай зараснікі ніцай лазы i травы, адышліся на бераг, дзвінькнулі шклянкамі:
— Ну, з пачаткам?
— З пачаткам... Калі ён тут, будзе юшка.
— Няма куды яму больш дзецца. Летам кожны раз тут па карпу ў сетку ўлазіла.
— Дык то летам...
— А што зараз, што зараз? Ноччу ён тут, да свету. Папомніш мяне. Гэта днём з агнём яго не знойдзеш. А ноччу ён ляжыць як міленькі ў гэтай гразі. Пайшлі?
I яны пайшлі. Пачалі блёхаць, каламуціць ваду, абтоптваць берагі. Карп лёг на бок i стаіўся. Ён ведаў: зараз самае разумнае — не варушыцца, не выдаваць сябе, не спрабаваць нікуды ўцякаць. Ад сеткі не ўцячэш. Адзін з рыбакоў ледзь не наступіў яму на хвост, спыніўся каля яго, кінуў у ваду пад самы нос смярдзючую з будылячча самакрутку:
— Маўчыць паплаў?
— Маўчыць...
— Вось i папомніш мяне... Стой, азваўся, азваўся. Во дае, во дае прыкурыць...
— Дае, толькі не ён, не той, не наш. Дробязь. У гэтым кіло тры, а той вытворца, кажуць, пуд...
Пра тое, што ўцёк карп-вытворца, ведалі не толькі вартаўнікі, рабочыя рыбгаса, але i вяскоўцы. I пайшло на карпа паляванне. З боку сажалак уздоўж канавы па дарозе, па дамбе, няспынна хадзілі вартаўнікі, углядаліся ў канаву, ці не дасць ён ім знака, ці не бачна яго шырокай спіны. Вартаўнікі расселіся i запалілі цяпельца на ўскрайку лужыны-балота, якое раўчаком злучалася з канавай i ў якое карп паасцярогся заходзіць, як толькі збег з сажалкі. У процілеглым ад цяпельца вартаўнікоў кутку балота басанож хадзілі з восцямі хлапчукі-падлеткі, скакалі з купіны на купіну, туліліся да кустоў i ўслухоўваліся: ці не блёўтне дзе карп. I вартаўнікі, i хлопцы ведалі адзін пра аднаго, але пакуль хлопцы не вытыркаліся з кустоў, не лезлі на вочы, на чыстае, вартаўнікі ix не чапалі, рабілі выгляд, што i не ведаюць нічога, не чуюць i не бачаць ix. А карпы, карасі біліся ў балоце. Дробязь, праўда.
Карп жа ішоў канавай, шукаў зацішнае i ўтульнае месца, дзе б перачакаць выхадны дзень, нядзелю, хоць як-небудзь пражыць гэты дзень. Гарэзліва скакалі над вадой, наказвалі сябе, сваё спрытнае цела сонцу маленькія акунькі i плоткі. Ад берага, які быў бліжэй да лесу, смачна пахла камбікормам, жытным хлебам, бульбай i алеем. Карп ведаў, што там, адкуль даносяцца гэтыя пахі, сядзяць вудзільшчыкі з вудамі. I пахі гэтыя — бульба, хлеб з алеем, камбікорм — яго пагібель. Xoпіш ты тых прысмакаў i атрымаеш кручок у губу. Таму ён імкнуўся не спыняцца, ціснуўся больш да берага, які быў бліжэй да сажалак, дзе было бяснечней, дзе быў ужо рыбгас i куды не рызыкавалі лезці вудзільшчыкі, хаця, разважыўшы, было зразумела, што поўнай бяспекі няма i там. Мог распрануцца i перабрысці на другі бераг які-небудзь рызыковы дзядзька, мог пераплысці канаву i хлапчук вясковы, а мог па дурасці, з п'япых вачэй, падысці сюды i адзін з тых, што прыехалі сюды, у рыбгас, з горада на легкавушках, каму дазволена лавіць i ў рыбгасных сажалках. Выратаваць яго быў здольны толькі няспынны рух, да поўнай знямогі, забыццё ўсяго, каб не засяроджвацца на пахах, не падыходзіць да берага, плысці сярэдзінай канавы.