Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Карп імкліва плыў сярэдзінай канавы ад небяспечнага месца, плыў так, што разыходзіліся хвалі i выскаквалі на бораг перапалоханыя жабы. А следам па боразе бег за ім назаўсёды няшчасны рыбак, махаў рукамі, крычаў. Шкада, пэўна, было сваю замежную снасць: японскую жылку, японскі кручок i невядома чый паплавок, які свіціцца ўначы. Пра гэта, пра паплавок, што ён свіціцца, карп даведаўся пазней, калі ўжо з вялікімі пакутамі пазбавіўся ад кручка, усплыў на паверхню, каб даведацца, што гэта такое над ім як зорка ззяе. А да таго часу ён цягаў за сабой i паплавок i жылку, цэлы дзень не ведаў, дзе прытуліць галаву, дзе схавацца. Абурала яго i людское вераломства — да якіх толькі хітрыкаў не дайшлі людзі: гэта ж трэба, сядзеў, тлуміў сабе чалавек i, пэўна, не адзін галаву, прыдумваў на яго, карпа, падманную, тоненькую, нябачную ў вадзе жылку, вынаходзіў кручок з вышмаргам... Каб ён не быў такі спрактыкаваны, каб яму не было гэтулькі гадоў ужо, ён i не ўбачыў бы той жылкі, над колер вады i травы... Якіх толькі не навыдумлялі прылад i прыстасаванняў, каб злавіць, знішчыць яго, карпа. I самае страшнае, самае жудаснае — гэта тое... шчупак не шчупак, але з такімі зубамі i ікламі, што куды там самаму вялікаму шчупаку. Ніякаму шчупаку не перамагчы i не ўберагчыся ад тых іклаў, калі яны ляцяць на цябе сонечным ясным днём, існуе толькі адзіны паратунак: прасіць літасці ў свайго карпавага бога. Металёвыя зубы, пасаджаныя на доўгую, метраў пяць, палку, цікуюць i знаходзяць цябе, калі ты ні аб чым не думаеш, калі ты заняты вялікім i святым: даеш жыццё новым карпам i карпікам, калі ты ca сваім мужыком, так, мужыком, таму што на самай справе ён, карп, не карп, a карпіца, гэта толькі людзі завуць яго вытворцам, ушаноўваюць так працягвальніцу, творцу карпавага роду, дык вось, калі яны, два творцы, пачулі ў сабе голас-покліч i, падпарадкаваныя гэтаму голасу-поклічу, у велічы i бязмежнасці вады сустракаюць адзін аднаго, пакідаюць глыб, патаемныя свае сховішчы-хаты i выходзяць на паверхню, да сонца, да цяпла, каб у цяпле i на сонечным прыпёку сярод маладой травы здзейсніць тое, што прадпісана вялікім законам жыцця, калі яны, рахманыя, засяроджаныя на вялікай таямніцы жыцця, з боллю, пакутамі i пяшчотай адзін да аднаго i да ўсяго жывога твораць новае жыццё, тады якраз i з'яўляюцца зубы, як прысуд жорсткага лёсу. Мо гэта i ёсць лёс, пакаранне за тое, што ты жывы i імкнешся даць жыццё да цябе падобным, таму што зубы трушчаць галаву i рэбры толькі жывому, а не кранаюць мёртвага, неадушаўлёнага, абмінаюць тых, хто i жывы, але яшчэ не стаў рыбай, не чапаюць i тых, хто так i застанецца «ні мяса, ні рыба»: яршоў, печкуроў, жаб. I ты, насуперак свайму прызначэнню, насуперак таму, што наканавана, абумоўлена самім жыццём, розумам тысячагоддзяў, ты, само ўвасабленне гэтага розуму i жыцця, пры ўсёй сваей моцы i прыгажосці, пры ўсёй сваёй дасканаласці павінен дрыжаць ад жаху, уцякаць, хавацца, i не здольны нідзе схавацца, не здольны схавацца ад свайго ж старэйшага, больш разумнага i больш дасканалага за цябе брата, які павінен берагчы i абараняць цябе, таму што сам ты ў той час не думаеш пра самаабарону i самаахову, у той момант у табе наогул адсутнічае які-небудзь страх за сваё жыццё, ён знішчаны, не прадугледжаны самой прыродай, таму што ў самой прыродзе няма жорсткасці, у ёй толькі прага жыцця. На ёй толькі адзіны абавязак: сцвярджаць i працягваць жыццё. Для гэтай мэты яна брала i цябе i паставіла над табой твайго старэйшага брата, яго розум, яго спрыт, уменне, прадбачлівасць. I ты спадзяешся на яго i ў тую самую апошнюю хвіліну. У тую хвіліну ў табе гавораць на розныя галасы тысячы i тысячы: мільёны новых, невядомых яшчэ свету істот, за якіх ты ўжо ў адказнасці, якім ты падпарадкаваны ўжо цалкам, да апошпяй лусачкі. І нават у апошнюю хвіліну, калі табе не дапамог твой карпіны бог, калі цябе прышчамілі зубы-восці, твой клопат не аб сабе, а па тых, каго ты пусціў на свет, каго ты яшчэ не паспеў пусціць. І ты працягваеш сваю апошнюю справу ўжо i ca зламанай хрыбцінай, з раструшчаным чэрапам, ікрынкамі, як золатам, спавіваеш рукі i ногі свайго забойцы...