Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Кожная мясціна на Беларусі адметная не толькі нечым сваім непаўторным, зямлю скрозь прайдзі — нідзе больш не сустрэнеш, але i сваёй гаворкай. Асабліва ж вылучаюцца ёй палешукі, а сярод палешукоў — вось гэтыя людзі, што пры рацэ, што жывуць у адной з Яўменам вёсцы сярод лясоў. У гэтых лясоў i ў той жа ракі бралі яны сваё слова. Пра тых жа карпаў яны ніколі не скажуць, што гэта карпы, a толькі карпу-у-у. I ix мяккае, далікатнае «у-у-у» доўга вісіць у паветры, мякка кругліць вусны i шчокі таго, хто гаворыць. I адначасова са словам перад табой паўстае i рэч, пра якую ідзе гаворка, паўстае i сам чалавек. Коціцца, коціцца над зямлёй яго пявучае слова, як тая рэчка, ціха, але няспынна коціць свае воды сярод белых пяскоў, рудых i зялёных балацін, ніцых лазнякоў, як шумяць ix гаманкія бары, гai i дубровы: Пале-ээ-сся-аа.
Яўмен нічога не ведае i не здольны ведаць пра гэту адметнасць свайго краю, ён толькі здагадваецца пра музыку слова, адчувае, што Драйман не валодае гэтай музыкай, не дадзена яму напеўнасці i замілавання да слова. Чужы ён тут. Чужы не толькі людзям, але i лесу, вадзе, хоць i лічыцца вартаўніком, лічыць сябе над усім i ўсімі.
У апошні час, праўда, крыху прыціх. Гэтай вясной, кaлi растаў ужо снег, у Драймана спалілі стог сена. Яўмен ведае, хто паліў тое сена, але маўчыць, а Драйман наракае на яго, таму што якраз вясной, перад тым, калі загарэцца сену, ён прыхапіў Яўмена на сажалках. Яўмен збег, але Драйман пазнаў яго, i прыйшла папера: нібыта ён, Яўмен Ярыга, налавіў у тых сажалках трыста кілаграмаў рыбы i збег. Яўмен пасмяяўся з дурной паперы: i вожыку ж зразумела — нядуж Яўмен, не вельмі пабяжыць, калі за плячыма трыста кілаграмаў рыбы. Але наўздагон першай паперы прыйшла другая, а потым пачалі вылічваць грошы з яго заробку, Яўмен звярнуўся ў суд. I суддзя, дзякуй яму, памог. На судзе вартаўнікі, што бачылі i не бачылі яго ў той дзень на сажалках, наказалі так: Яўмен Ярыга сапраўды ўкраў трыста кілаграмаў рыбы, карпаў, i ўцёк з тымі карпамі, гналіся яны за ім, але не дагналі. Ну, што тут скажаш, хоць стой, хоць падай. Мо ён за сваю жытку i не трыста кілаграмаў тых карпаў пералавіў, мо трыста разоў па трыста, але каб адным днём столькі? Не, не было такога. Яўмен быў абражаны: гэта ж стаіць перад табой чалавек i пры сведках у вочы табе хлусіць, на людзях, суду хлусіць. Суддзя штосьці доўга i злосна выгаворваў вартаўпікам, а потым абвясціў перапынак. Пасля перапынку аднаго за адным выклікаў вартаўнікоў i прымусіў падымаць мех з нечым цяжкім. Нi адзін з ix не скрануў гэты мех нават з месца. Не здолеў падняць i панесці той мех i Яўмен, хоць i вельмі стараўся, вельмі хацеў дагадзіць суддзі, выканаць яго просьбу, паказаць, які ён дужы. Адарваць ад падлогі адарваў, крыху i прыўзняў быў, але каб панесці, на гэта не хапіла ў яго ні спрыту, ні моцы. Яўмен збянтэжыўся, не ведаў куды i вочы падзець ад сораму. Яго апраўдалі, вярнулі грошы, што паспелі ўжо вылічыць. А Драйману паківалі, пэўна, добра паківалі, i ён пасля суду пачаў хадзіць амаль як не па пятах Яўмена Ярыгі. I сёння ведаў, па ўсім, пра Яўмена тое, чаго ён сам пра сябе не ведаў, таму Яўмен, хоць i жадаў неяк адпомсціць Драйману, не вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся, што той стог сена, які так добра гарэў, прыналежаў яго ворагу. Зразумела, на такую шкоду — i наогул на шкоду людзям — у яго рука ніколі не падымалася i не падымецца, але хто пра гэта ведае. Ведаюць іншае, што ён сноўдае адзін па лесе, як воўк, жыве больш у тым лесе, чым у вёсцы. I робіць, i спіць у лесе, i гарэлку там, а не каля магазіна п'е. I з лесу бачыць усё, што творыцца сярод людзей i з людзьмі, ведае пра ix усё да драбніц.
Яўмен зматаў вуду i паглядзеў на Драймана. Той стаяў на другім беразе i чакаў, няўмольны, непахісны. За яго спіной наколькі хапала вачэй блішчала роўнядзь вады, сярод якой дзе-нідзе пракідваліся зялёныя i бурыя астраўкі-ніткі зямлі — межы, дарогі паміж сажалкамі. На адным з гэтых астраўкоў стаялі дзве чорныя легкавушкі, ля якіх мітусіліся людзі, гарэла цяпельца. Вецер нёс на Яўмена пах гарэлкі i юшкі, кропу, лаўровага ліста. Там, у чароце, раз-пораз грымелі стрэлы, i яшчэ зранку на Яўмена з сажалак, з чароту цягнулі па адной i чародкамі спуджаныя качкі. У Яўмена аж шчымела сэрца: колькі ў ix нямога нявыказанага страху. Яны баяліся чалавека. Адзіны толькі выгляд чалавека наводзіў на ix жах.
— Угу-гуу-гууу,— замычаў, выпрастаў рукі Яўмен, паказаў Драйману на легкавушкі. Але той нават не азірнуўся. Яўмен сумеўся, пад неадступным позіркам Драймана пасунуўся ад канавы ў кусты. Перад тым як знікнуць у кустах, павярнуўся, паказаў кулак вартаўніку: маўляў, добра, усё добра, гэта яшчэ нічога не азначае, што ты прыхапіў мяне на канаве з вудай, за тое ж, што ловяць рыбу на канаве, штрафу не накладаюць. Не дазваляюць вудзіць, але i не штрафуюць, калі мо ўжо толькі прыхопяць з рыбай, тады іншая справа. Так што баяцца яму нечага. Торба яго пустая, адна толькі бутэлька «чарніла» перакочваецца ў ёй.