Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
У хвойніку Яўмен прыцішвае крок i дыханне сваё сцішвае, але кулік, кубло якога на зямлі пры самай сцежцы пад маленькай разлапістай хвойкай, чуе яго здалёк, выскоквае з кубла i бяжыць па сцежцы. Хітруе, адводзіць ад яек, прыпадае па адну нагу, нібыта яна ў яго перабітая, распушаны, як у індыка ці ўдода, хвост выкрывае яго адчайны страх i адчайную рашучасць, той страх i тую рашучасць, якія ўласцівы i чалавеку, калі ён на пальчыках крадзецца да каго ці да чаго-небудзь, страх i рашучасць, якія не раз зведаў i Яўмен, калі краўся пры дні да сажалак з карпамі i вудзіў тых карпаў, калі краўся ноччу па вёсцы да Людкінай хаты, калі...
«Ну, чаго ты так напалохаўся»,— кажа ці, праўдзівей, хоча сказаць куліку Яўмен. A атрымліваецца толькі: — Мму-мму. Драўляны рот, драўляны язык. I стогн болю i адчаю рвецца з яго грудзей i пенай накіпае ў кутках застыглых i напружаных вуснаў.
Кулік, даўгалыгі, маркотны, нерухома, як скамянелы, стаіць у кроках пятнаццаці ад Яўмена на выспе белага пяску i глядзіць у вочы чалавеку, шэры застыглы камяк адчаю, i чалавек перад ім жывое ўвасабленне таго ж адчаю i болю. Паміж чалавекам i кулікам хвойка, над хвойкай кубло з чатырма рудаватымі i яшчэ цёплымі яйкамі.
«Навошта, навошта ты ix паклаў пры дарозе, недарэка? — мыкае, спрабуе выказаць голасам сваё недаўменне Яўмен, i прыкрасць разбірае яго за тое, што такі дурны, бязглузды гэты кулік: дадумаўся, зрабіў кубло пры самай дарозе.— Навідавоку ты тут, тут цябе кожны, хто не пройдзе, ушчыпне, разумееш?» Яўмен жэстыкулюе, піша куліку літары i словы пальцамі. А той стаіць, як вучань-пачатковец, цярпліва маўчыць, слухае гэтухо натацыю, чакае, калі яна скойчыцца, калі зноў можна будзе на кубло, да яек, якія ўжо астываюць. A Яўмену падабаецца, што i яму ёсць наставіць каго, ёсць з кім пагаварыць, каго нашкаляць. Раней, яшчэ ў дзяцінстве, Яўмен верыў, што на гэтай зямлі існуе i нейкая істота, з якой ён здольны згаварыцца, якая зразумее яго. Шукаў гэтую істоту сярод птушак, звяроў. Але так i не знайшоў. I зараз у ім няма ўжо веры, што знойдзе, але ж па даўняй звычцы ён i сёння не абмінае жывога, каб не паспрабаваць пагаварыць з ім. У такія хвіліны ў ім абуджаецца другая надзея, надзея, што ён атрымае ўсё ж голас, збавіцца ад нематы i глухаты. I на нейкі час іншым днём ён усё ж, здаецца, навучыўся набываць слых i мову. Ён ведае, што набудзе гэта i сёння, двойчы нават. Першы раз — гэта калі зловіць таго карпа. А ён яго зловіць абавязкова, i тады адрыне ад яго ціша, маўклівасць, загамоняць i лес, i поле, i вада, абрынецца неба i прарвецца гукамі i спевамі праз тугія вушы, памякчэе язык, знікне жорсткая складка, якую прааралі гады каля вуснаў, скавалі як маскай яго твар. Знікне, растопіцца ад наплыву радасці туга ў вачах. Вочы засмяюцца, i ён загаворыць, засмяецца ўголас, пойдзе ў скокі па беразе. Вочы смяюцца ў яго i зараз. Здаецца, усё смяецца ў ім, ходзіць ходырам, столькі ў яго целе зараз нецярплівасці, імкнення рухацца, рабіць што-небудзь прыемнае, добрае. Ён падміргвае куліку, абмацвае ў кайстры бутэльку з «чарнілам» i бярэ кірунак да грушкі, што расце непадалёку ад кубла куліка, яму крыху ніякавата, што кулік аблюбаваў сабе для кубла не гэтую грушку, а хвойку пры дарозе. Тут, каля грушкі, яму было б утульней i зацішней. Ніхто б i не згледзеў яго. Грушка нейкая няўклюдная, калючая, як i ўсе дзічкі, крывабокая.
Пасадзіў яе тут сам Яўмен. Даўно пасадзіў, калі нарадзіўся i пачаў ужо хадзіць яго брат. Той вясной бацька яго быў штосьці не ў сабе, нешта ўсё мучыла яго, гняло, ён пахудзеў, счарнеў з твару, воўкам глядзеў i на маці i на яго. I неяк над вечар ён доўга i нерухома сядзеў моўчкі на лаўцы, паглядаў за сваім другім сынам, а потым ускочыў, кінуўся пад лаўку, схапіў сякеру i пабег за хату да гумна, дзе стаяла яшчэ дзедаўская груша-дзічка, на якой спрадвеку жылі буслы. Птахі i ў той дзень былі на грушы. Яны пакінулі сваё жытло толькі тады, калі груша начала ўжо хіліцца, калі пайшла да зямлі белая квецень яе, над агародамі, над хатай, над гумном загуляла, завіхурыла белая мяцеліца. Яўмен спрабаваў адабраць у бацькі сякеру, але той пайшоў з сякерай на яго: