Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Кожны стаіць за сваё, кожны абараняе сваё. I Яўмену крыху сумна. Абшчыпаная, абадраная варона аношнім адчайным кідком вырываецца ад чаек, шыецца ў лес. Знікаюць, хаваюцца недзе, зліваюцца з вадой i чайкі. Цішыня над зямлёй, над вадой, спакой. Цішыня гэтая заўсёды з Яўменам i ў Яўмене, горкая i гаротная. Безгалоссе...
Правую руку, што ляжала на вудзільне, як агнём апякло. Пайшоў, пайшоў карп. А яшчэ ж трэба выцягнуць з зямлі вудзільна, а жылка ўжо трымціць. I на тоненькай-цененькай жылцы б'ецца, трымціць у грудзях напятае сэрца, нібы друкам лупіць хто па рэбрах. Ажыў, ажыў язык, набыў жывую пругкасць, муляе, муляе ў сэрцы слова, ідзе ад сэрца, раздзірае горла, паласуе яго па жывому, вось-вось спякотным агнём вылеціць праз вусны. Вялікае i простае слова, што робіць чалавека чалавекам. Слова, слова, слова. Пругкімі гонямі торкае ў гарачыя скроні кроў: слова, слова, слова... Зараз, зараз, Яўмен падхопліваецца, разам з карэннямі, травой i пяском выдзірае з зямлі вудзільна. I ўсё, няма ўжо ў ім слова — немата, цішыня, толькі тахкае, плача навярэджанае сэрца ў грудзях.
Яўмен стаіць за сваю рыбіну. Яна ўжо яго. Яго. Ён ужо адчуў, пазнаў яе i праз яе пазнаў вялікую радасць існавання, таго, што ён ёсць i ў яго дужыя рукі, спрытнае цела, ён трывала стаіць на зямлі, нібыта толькі што вырас з гэтай зямлі, як расце дрэва. Але ж ён, Яўмен, не звык нi з кім дзяліць гэтую сваю вялікую радасць, тое святое вялікае імгненне, калі рыба выхопліваецца з вады i кладзецца каля яго ног. Дзень выбухае голасам, крыкам i шэптам, усё навокал звініць, спявае — віншуе яго i гаворыць з ім. I ён сам гаворыць з усім светам. Hi адно вока не павінна бачыць гэтага. Г э т a толькі яго. I Яўмен дае свабоду рыбіне. Ідзі, гуляй, карп, мы яшчэ з табой сустрэнемся, наша з табой радасць яшчэ наперадзе. Гуляй, двапаццацікілаграмовы вытворца. Яўмен апускае вудзільна, карп выплёўвае кручок, усплывае на паверхню паплавок, па вадзе разыходзяцца кругі, ix падхоплівае i зносіць плынь.
Насупраць Яўмена на другім беразе канавы стаіць рыбгасны вартаўнік Драйман. I Яўмен тройчы рады, што адпусціў карпа. I не таму, што ён баіцца Драймана, не таму, што ён, Яўмен Ярыга, злодзей, a Цімох Драйман вартаўнік, той самы чалавек, які павінен злавіць яго i пакараць як браканьера: не толькі ў рыбгасных сажалках, дзе разводзяць рыбу, дзе яе процьма, але i ў канавах, на якіх цячэ вада ў сажалкі, i ў лужынах каля канаў, i ў возеры, якое дае ваду, рыбу лавіць забаронена. Благі чалавек гэты Драйман, таму i мянушка ў яго такая нялюдская. А Драйман — гэта не прозвішча, а мянушка. Так нараклі яшчэ ў вайну яго немцы. Малы ён быў тады, падлетак, але ж немцы ўгледзелі яго, нікому з вяскоўцаў не далі мянушкі, аднаму яму толькі, зараза заразу здалёку чуе. Угледзелі, ахрысцілі на свой лад. I пайшоў Цімоша ў жыццё: Драйман ды Драйман. Што гэта значыць, ніхто не ведае, дый што тут ведаць: Драйман, i годзе. Сапраўды ж, як ёсць Драйман: не ix ён чалавек, не з ix вёскі — з суседняй, не жаніўся, як усе людзі, a пайшоў у прымы ў суседнюю вёску. Але справа нават не ў гэтым. Чарната ў яго вачах, цемень, аніякай табе спагады: нельга, забаронена, парадак, дысцыпліна, закон. Брыдкі, непрыемны яго позірк, непрыемныя яго рот i вусны. Адно толькі непатрэбства i сыходзіць з яго рота i вуснаў: дарослым — штраф, дзецям — лаянка. I гаворыць ён, вымаўляе словы неяк не па-людску, нібы гаўкае. Хуценька, хуценька ходзяць яго вусны, густа, густа сыплюцца, адрываюцца ад ix словы. У людзей жа, што жывуць у гэтых мясцінах, гаворка інакшая, адметная, словы ўсе мяккія. Людзі нібы не гавораць, а спяваюць, цягнуць словы, цягнуць галосныя, нібы ім вельмі шкада разлучацца з гэтымі словамі, i яны выпускаюць ix у свет павольна, прытрымліваюць у сабе, песцяць, гладзяць, бязмежна радыя ім, радыя, што маюць слова i могуць адарыць кожнага сваім словам, родным, незапазычаным ні ў кога. Яны збераглі, захавалі яго i далі сваім дзецям, пранеслі праз гады, i ніякае ліха, ніякая трасца не здолела яго адабраць у ix, таму яны такія i шчодрыя да кожнага. Ёсць i ім чым падзяліцца з людзьмі.