Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Канцэптуальна большасць паэм, што разглядаюцца ніжэй, маюць шмат агульнага. Так, напрыклад, вызначальнай рысай большасці з іх з’яўляецца малая ступень апавядальнасці (выключэннем – паэмы ў прозе і «Было балота»), сканцэнтраванасць на апісанні ўнутранага стану лірычнага героя, скразная сугестыя і інтэртэкстуальнасць. Можна меркаваць, што ў сярэдзіне 1970-х эксперыменты А. Разанава з формай і зместам ўспрымаліся як паэтычны авангард: дасведчаны чытач бачыў у іх пераемнасць элюараву сюррэалізму, джойсавай «плыні свядомасці», найноўшых здабыткаў еўрапейскай паэзіі (У. Одэна, З. Герберта), былі вядомыя эксперыментатарскія творы У. Дубоўкі і А. Куляшова, В. Хлебнікава і А. Вазнясенскага, Э. Межалайціса і Ю. Марцінкявічуса, Г. Айгі. Сярод жа сучаснікаўсуайчыннікаў у падобным эксперыментальным полі не працаваў ніхто.
«Напоўніўся весткаю позірк, / а слых цішынёю…/ Рукі, / што бралі, усё аддалі, / не ўтрымаўшы, / і аддаюць: / раняць патайна рэчы, / якія сабе мець хочам, / і ўсё, што ні хочам, – раніць» [94, с. 5] – такія ўступныя радкі «Паэмы выніку», якая адкрывае паэтычны зборнік. Гэта свайго роду зачын твора, а дакладней – першай яго часткі. Зачын патрабуе развіцця, якое і адбываецца, хаця з першага погляду можна не заўважыць пэўнай логікі ў сувязі паміж паэтычнымі фразамі ці, карыстаючыся лінгвістычнай тэрміналогіяй, – звышфразавымі адзінствамі (ЗФА) гэтага тэксту. Адразу можа скласціся памылковае ўражанне, нібыта яны існуюць самастойна, без усялякае прывязкі адно да аднаго. Да таго ж, кожнае ЗФА сэнсава незавершанае, быццам бы абарванае, на што ўказвае шматкроп’е, як правіла, – мяжа паміж ЗФА. Для паэмы характэрна свабодная строфіка: асобная фраза можа складацца як з двух радкоў «Поўніцца намі / агонь і каменне...», так і з некалькіх дзесяткаў, колькасць якіх не мае строгай сістэмы. Усё гэта сапраўды набліжае паэму да творчага метаду Д. Джойса, але насамрэч «Паэма выніку» як паводле жанравых складнікаў, так і сутнасна аніяк не можа быць прылічаная да «плыні свядомасці». Нягледзячы на абарванасць і ўяўную алагічнасць сувязяў паміж фразамі, твор уяўляе сабой цэльны паэтычны тэкст з развітай сістэмай вобразаў і скразной думкай. Паспрабуем праілюстраваць гэта на прыкладзе першых трох ЗФА паэмы.
Такім чынам, за вышэйпрацытаванай фразай – «зачынам» – ідуць радкі, якія (ізноў жа ўмоўна) назавем «запеўкай», тым самым скразным матывам усяго твора, хаця і сэнсава абарваным: «Благаславёны, хто ўбогі…/ хто плача…/ хто церпіць…/ і хто сябе аддае беззваротна…» [94, с. 5].
І далей – свайго роду завяршэнне, што пэўным чынам звязваепадсумоўвае «зачын» і «запеўку»: «Звязаліся дні ў сем дзён – / кожны прычынай і вынікам кожнаму, / а за паземам тамлее восьмы, / і вестка адтуль: / хто сябе аддае беззваротна…» [94, с. 5].
Як бачым, першая паэтычная фраза лучыцца з трэцяй праз ключавое слова «вестка». На гэтае слова-сімвал, што адсылае да евангельскіх тэкстаў, у творы ўскладзена вялікая сэнсавая нагрузка. Другое ЗФА, словы з якога ў розных варыяцыях паўтараюцца на працягу твора, – амаль літаральнае цытаванне біблейскіх запаветаў Нагорнай Казані (Евангелле пав. Мацвея: 5,1 – 11 [24]). Зразумела, што А. Разанаў не меў нью-ёркскага перакладу 1973 г. на беларускую мову Святога Пісання (а іншых тады яшчэ і не было), праз што ўжываецца калькаваная лексіка з рускамоўных перакладаў (напрыклад, «благаславёны», а не «блаславёны», «дабраславёны» ці «дабрашчасны»), але сам факт увядзення біблейскіх цытат у паэтычны тэкст – не толькі смелы крок, але і акт спрычынення да далейшых перастварэнняў Бібліі і іншых духоўных тэкстаў на сучасную беларускую мову (пра праблемы перакладу Бібліі гл. даследаванне Пётры Рудкоўскага [115, с. 64]).
Другую і трэцюю фразы звязвае рэфрэнавы радок «хто сябе аддае беззваротна», поўны сэнс якога расшыфроўваецца-дагаворваецца толькі ў апошняй частцы паэмы: «… і хто сябе аддае беззваротна – / свету, ў якім жывеш, / свету, які ўяўляеш, / свету, які, ашчаджаючы вестку ад нас, / нас ашчаджае для весткі…» [94, с. 9].