Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Умоўна «Паэму выніку» можна падзяліць на шэсць частак (яны адасобленыя адна ад адной чыстым радком). Паасобку іх можна было б разглядаць як самастойныя творы са сваёй задумай і адноснай сэнсавай завершанасцю. І ўсё ж у межах «Паэмы выніку» яны выглядаюць даволі арганічна. Асобныя часткі паэмы знітаваныя праз агульныя матывы, сімвалы, канцэпты (як у прыкладзе з рэфрэнавым радком, што лучыць першую і апошнюю часткі твора).
Аблічча А. Разанава-наватара з яго схільнасцю да раскрыцця архетыповых вобразаў прагледжваецца ў дзвюх апошніх частках «Паэмы выніку». У іх, як падаецца, выкладзена і асноўная ідэя твора. Варажбітны рытуал, замову нагадваюць уступныя радкі пятай часткі. І як вынік – спроба анталагічнага (быційнага) асэнсавання: «Агонь да агню прыкладу… / камень да каменя… / Іхнія сляды і выступы, / неаднароднасць… няроўнасць… / дзіўна пасуюцца і ўтвараюць / нейкую цэласнасць… нейкі ансамбль… / вынік, які быў калісьці парушаны…» [94, с. 9].
Праз слова паэт быццам бы намагаецца сягнуць у іншасвет, дзе знаходзіць яго (слова) стваральную, дэміургаву моц. І ці не ў гэтым, ці не ў пошуку сапраўднай Прыроды рэчаў – вышэйшая, спрадвечнасакральная задача паэзіі?
Уздрыгвае ўражаны позірк, / падгледзеўшы раптам сябе ў раптоўным, / быццам будую – будую назад, / да самай прычыны, / праз дні і праз вынік…/ камень да каменя…/ агонь да агню…[94, с. 9].
Звернемся да другой часткі «Паэмы выніку», а канкрэтна – да таго месца, дзе раскрываецца сэнс назвы паэтычнага зборніка «Каардынаты быцця». Гэтая частка насычана нечаканай вобразнасцю, быційнымі роздумамі і выканана ў алегарычным ключы. Нібыта іскры, што высякаюцца з стваральнага крэсіва пачуцця, узнікаюць радок за радком, каб злучыцца ў агульным полымі паэтычнага напалу.
Маналогі… / наслойваюцца, пераплятаюцца / і пранікаюць адзін у адзін, / быццам у лесе «я» адзываецца «я»…/ Сем колераў у адным, / змясціўшыся, не змяшчаюцца, / і не ўмяшчаецца наша бясконцасць / у карані і галіны: / да заўтра…[94, с. 6].
Гэтая частка – адзіная ў паэме, што заканчваецца кропкай, а не шматкроп’ем. Як падаецца, яна з’яўляецца сэнсавым фіналам твора, хаця і мае «парадкавы» другі нумар. Лірычны герой прыйшоў да ўсведамлення сябе як часткі Сусвету, здолеў знайсці той самы вынік, няхай і «не канчатковы»: «А маналогі, / як пальцы рукі апусцелай, / распростваюцца і ўдакладняюць / каардынаты быцця і асобы» [94, с. 6].
Як адзначалася, паэтычная кніга «Каардынаты быцця» – свайго роду пераходны пункт ад рыфмаванай да нерыфмаванай паэзіі ў творчасці А. Разанава. Разанаву-пачаткоўцу як бы «не было патрэбы» ў верлібры, бо ранейшай думцы ставала месца ў межах сілабатонікі (а, магчыма, часам строгія законы сілаба-тонікі дазвалялі Думцы (зместу) саступіць месца Форме). Пашырэнне ж і паглыбленне кругагляду шукала творчы выхад у новых сродках выразнасці. Пры гэтым, у разанаўскай паэтыцы працягвае «бурапеніць» тэмперамент. Паэт цудоўна балансуе на метафізічнай мяжы пачуццёвасці і філасафічнасці.
Тым не менш, А. Разанаў не спяшаецца канчаткова развітацца з канонамі традыцыйнай паэтыкі (рытмам, рыфмоўкай, памерамі), што ў рознай ступені праяўляецца ў творах зборніка. Паказальная ў гэтым сэнсе «Паэма незавершанага сказа», рыфмаваная часткова (першыя дзесяць радкоў і апошняя частка). У астатнім жа па форме яна ўяўляе бязрыфмавы дольнік – «від танічнага верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэмы вершаскладання. У дольніку звычайна ўрэгулявана колькасць моцных націскаў (іктаў) у радках, аднак міжіктавыя інтэрвалы не аднолькавыя, як правіла, займаюць адзін-два склады» («Паэтычны слоўнік» [91, с. 209 – 210]).
Пры відавочнай стылёвай тоеснасці з «Паэмай выніку», «Паэма незавершанага сказа» мае свае спецыфічныя рысы, якія вылучаюць яе сярод іншых твораў кнігі. Разгляд ізноў пачнем з уступных радкоў паэмы: «Пераблытаны склон, / пераблытаны час, / пераблытаны лад…/ Лістапад…/ Зарапад…/ Земляпад…/ Ды дарога – з-пад нас…/ Незавершаны сказ…/ Сказ завершыць дарога» [94, c.56].
Як бачым, перад намі працяг роздуму лірычнага героя над быційнымі пытаннямі. У «Паэме выніку» гэта адбывалася праз асэнсаванне архетыповых паняццяў, інтэрпрэтацыю сакральных лічбаў, увядзенне нечаканых вобразаў-сімвалаў. У працытаваных урыўках адбываецца гульня з полісемічнасцю словаў склон, лад, час, асоба, таксама пераасэнсаванне – ад лінгвістычнай да анталагічнай «тэрміналогіі». Дзеля большае рэльефнасці аналізу прывядзем і далейшыя радкі: «Зноў варожыць кавалачак крэйды, / і няроўныя літары – квінтэсэнцыяй існасці. / Неіснуючы свет праступае праз дошку. / У бязладдзі маёй крэмзаніны – лад, асоба і час…/ Незавершаны сказ…/ Я ішоў па зямлі…/ Я іду па зямлі…/ Я прайду па зямлі…» [94, c.56 ].