Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Першыя ўзоры верша ў прозе ў беларускай літаратуры пачалі з’яўляцца яшчэ з пачатку ХХ ст. (першы такі твор, згодна з «Паэтычным слоўнікам» В. Рагойшы, – «Думкі ў дарозе» Я. Коласа (1906 г.) [91, с. 430]). Далейшыя прыклады знойдзем у творчасці З. Бядулі, М. Гарэцкага, К. Чорнага. Распрацоўкай гэтага жанру ў сяр. 1950-х гг. актыўна займаўся У. Караткевіч. Але прыкладу спалучэння ў паэме сілаба-тонікі з вершам у прозе мы наўрад ці знойдзем у беларускай літаратуры (у тым ліку і ў творчасці самога А. Разанава) як да, гэтак і пасля паэмы, што разглядаем.
Прывядзем словы У. Калесніка, у якіх раскрываецца спецыфіка паэмы «Назаўжды», што карысна для разумення прычынна-сутнаснага базісу яго эстэтычных пошукаў, а таксама ўяўляе адзін з высокіх узораў паэталагічнага тэксту пач. 1970-х: «Паэма Алеся Разанава – складаны тып лірычнага маналога, у якім бурны струмень духоўнай энергіі месцамі ўтварае нейкае плазменнае сумяшчэнне думкі, пачуцця і волі. Пры першым чытанні тэксту здзіўляе спантаннасць гэтага струменя. Душа паэта як бы ўзлятае да межаў, за якімі пачынаецца неўразумеласць здагадак. Няпэўнасць прадказванняў, цьмянасць прароцтваў[...]. Яго не лёгкая для разумення паэма ў грунце сваім рэалістычная, а незвычайнаю робіць яе рэдкасная праява лірызму. Паток свядомасці (курсіў наш. – А. І.) бурліць супярэчлівасцямі, але імкне да яснасці і сэнсу» [51, с. 371]. Вышэйпрацытаванае ў роўнай ступені адносіцца і да паэм зборніка «Каардынаты быцця» (хаця і з’явілася ў друку задоўга да яго выхаду) як пэўнае азначэнне творчага метаду А. Разанава, для якога на дадзеным этапе характэрны сінтэз плынесвядомаснага і канцэптуальна прадуманага выкладу.
Такім чынам, у паэме выявіўся ўвесь спектр творчых пошукаў А. Разанава пачатку 1970-х гг. Паэма «Назаўжды» успрымаецца як гэткі развітальны рэверанс у бок класічнага вершаскладання. Ствараючы яе, паэт як бы развітваецца з сілаба-тонікай (развітваецца не назаўжды). Прагай удасканалення эстэтычных прыярытэтаў ва ўласнай творчасці – ад фармальнага да змястоўнага – поўняцца завяршальныя строфы твора. Вартавы зачакаўся змены.
Сто сэнсаў налічыць развага / станоўчых і анты да іх... / Ды сэнсу суцэльнага прага – / адзінага – / поўніць уздых [93, c. 92].
Адсюль паўстае мысленне, адрознае ад слаўназнанага дыялектычнага руху, мысленне, што шукае новыя формы выяўлення, каб разліцца ў іх. Засталося задаць каардынаты, набраць у грудзі паветра і... ступіць у нязведанасць: «Недасягнутая крэпасць існуе не меней рэальна, чым крэпасць з усталяванымі каардынатамі. Яна не трансфармуецца пяццю органамі адчуванняў і надае чалавечаму руху ўзаемную перспектыву, абяцаючы сустрэчу... Назаўжды» [93, с. 106].
Канцоўка паэмы нібыта апускае на зямлю заглыбленага ў сабе лірычнага героя і моцна кантрастуе як з «празаічнымі», так і з сілабатанічнымі часткамі твора (праз скарыстанне параўнальна простага памеру – трохстопавага амфібрахія, характэрнага для Разанавапачаткоўца): «Хто ведае, можа, здзяйсненне / ўсе выкупіць спробы спаўна... / Ды хвіля майго узнясення, / хто ведае, што за яна» [93, с. 108]. Завяршальныя радкі паэмы крыху выбіваюцца з агульнай канцэпцыі твора, вяртаючы яе ў рэчышча традыцыйнай паэтыкі. Пры гэтым, іншыя сілаба-танічныя і версэйныя (г. зн. напісаныя вершам у прозе) структурныя элементы паэмы не ўваходзяць у супярэчнасць адно з адным. Надалей паэмы А. Разанава, як правіла, не будуць валодаць такім сінкрэтызмам, маючы больш жорсткую фармальна-жанравую акрэсленасць у межах кожнага твора (выключэнне – «Паэма каментарыю» са зборніка «Шлях-360»).
З улікам праведзенага аналізу можам зрабіць наступныя высновы. Ужо на пачатку свайго творчага шляху А. Разанаў выявіўся даволі арганічна ў межах нарматыўнай паэтыкі як пільны назіральнік за рэчаіснасцю, майстар метафары, з адметным паэтычным слоўнікам і нечаканымі распрацоўкамі нібыта традыцыйных тэм. З пачатку 1970-х відавочнае імкненне да пошуку новых сродкаў выразнасці. Паказаўшы, што «ўмее па-старому», у сваіх найлепшых творах паэт прадэманстраваў шэраг наватарскіх узораў як у галіне эксперыменту з рытмам і рыфмай, вынаходніцтве графічных прыёмаў, так і з тэматычнага гледжання.