Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
Дудар усё часьцей разважаў над сваім лёсам. Заставацца надалей у Полацку ня мела аніякага сэнсу. Полацак быў, канешне, ня Дрэтуньню, але й тут яму нічога абсалютна не сьвяціла. Ані рэдакцыяў літаратурных пэрыёдыкаў, ані выдавецтваў, ані ўнівэрсытэту. Вось, вось. Дудару трэба было далей вучыцца. Ён добра ўсьведамляў гэта. Трэба было вяртацца ў Менск і паступаць ва ўнівэрсытэт. Прычым варта рабіць гэта тэрмінова, бо інакш ён губляў год. Дудар ведаў, што з паступленьнем у яго не будзе праблемаў, бо мае добрых уплывовых сяброў. Напрыклад, таго ж Чарота. Міхась абавязкова закінуў бы за яго слова дзе трэба.
Але тут згадалася ўчорашняя гісторыя з полацкім падзямельлем. Т Дудар вырашыў: высьветліць, што там і як, — і пачне зьбірацца ў Менск.
* * *
«Вярнуцца нельга» — гэтыя два словы круціліся ў галаве Кроквы як сапсаваная вінілавая кружэлка. Ніякага патаемнага сэнсу ў тых простых словах ён ня бачыў. Адзіная асацыяцыя паўставала з назвай рамана Васіля Быкава «Пайсьці і не вярнуцца». Але тое ў экстрэмальных умовах, падчас вайны, у сытуацыі маральнага выбару. А ў звычайным будзённым жыцьці колькі разоў ён кудысьці ішоў, а затым вяртаўся назад. Праўда, мо ёсьць такія месцы, адкуль сапраўды не вяртаюцца. Але гэта больш падобна да нейкай містыкі.
А калі гэта сказана алегарычна? Напрыклад, нельга вярнуцца да жыцьця пасьля сьмерці. Або нельга вярнуцца да пражытых дзён, штосьці там выправіць, зыначыць. Вось і Ластоўскі кажа, што да мінулага нельга вярнуцца. Зь ім можна толькі трымаць сувязь.
Ну, не. Нехта жартам штосьці напісаў, а ён тут тлуміць сабе галаву.
Зь мінулым сапраўды трэба трымаць сувязь. Тут няма тэмы для спрэчкі. Дзеля гэтага існуе адмысловая навука — гісторыя, дакумэнтальная літаратура. Дзеля гэтага існуе, у рэшце рэшт, краязнаўства.
Але «вярнуцца нельга».
Кроква апрануўся і выйшаў на вуліцу. Ён вырашыў крыху пашпацыраваць і разьвеяць галаву. Звыклы яго маршрут — па вуліцы Максіма Багдановіча да новага моста празь Дзьвіну. Вечарэла. Летнае сонца павольна сплывала кудысьці ўсьлед за плыньню ракі. Там ужо яго чакалі новы людзі. Але сонца абавязкова вярталася. Яно не задавала сабе недарэчных пытаньняў.
Пасярод моста Кроква спыніўся і хвілін пятнаццаць цешыўся цудоўным краявідам. Сафійскі сабор, сапраўды як карабель з узьнятымі ветразямі, адбіваўся ў люстэрку Дзьвіны. Некалі з караблём Сафію параўнаў Уладзімер Караткевіч. «Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель». «Дзе мой край?» — такі рэфрэн у тым вершы. «Вось мой край», — падумаў Кроква. А якімі словамі той верш заканчваецца? І адразу згадалася: «Мы клянёмся табе, што ніколі, ніколі, ніколі, так, ніколі ня кінем, ня кінем, ня кінем цябе».
Калі Кроква вяртаўся дахаты, у ягонай галаве ўжо круціліся гэтыя апошнія словы зь вядомага верша Караткевіча. Словы так хутка-хутка паўтараліся, што выразна было чуць толькі адно — «ніколі».
* * *
Тупіцын аказаўся выдатным хлопцам. Гады на тры-чатыры старэйшым за Дудара. Ён толькі пазалетась скончыў Полацкі пэдтэхнікум і атрымаў разьмеркаваньне ў Дрэтунь. Не сказаць, каб ён быў вельмі рады гэтаму разьмеркаваньню, але Анатоль — так звалі хлопца — сам паходзіў з падобнага невялічкага мястэчка — з Палаты. Таму мясцовы паўвясковы ўклад жыцьця яго не бянтэжыў. Анатоль жыў у суседняй са школай хаце, гаспадарамі якой была сямейная пара сталага веку, што ўжо вырасьціла сваіх дзяцей і выправіла ў людзі. Хто паехаў у Віцебск, хто ў Полацак, а старэйшы сын увогуле жыў у Менску і працаваў там на бровары, чым вельмі ганарыліся бацькі.
Анатоль адразу прапанаваў Дудару пераначаваць у яго, маўляў, хата вялікая, ёсьць нават яшчэ адзін вольны пакой. Алесь, вядома, пагадзіўся.
Камсамольскі сход адбываўся ў школе, балазе аснову мясцовай камсамольскай ячэйкі складалі два маладыя настаўнікі — акрамя Анатоля, быў яшчэ Пятро, таксама выхаванец Полацкага пэдтэхнікума. А ўся ячэйка складалася зь пяці чалавек. Былі яшчэ дзьве дзяўчыны і хлопец — усе вучні старэйшых клясаў.
Найперш Дудар распытаў мясцовых камсамольцаў пра жыцьцё ў мястэчку. Яму было цікава ўсё. Колькі вучняў у школе? Ці прыяжджалі да іх у школу калі-небудзь пісьменьнікі? Як у мястэчка трапляюць кнігі? На якой мове размаўляе старшыня райсавету ? Ці дапамагае ён камсамольскай ячэйцы? Якія маюць пляны на новы навучальны год?
У прынцыпе, Дудар і чакаў такіх адказаў, якія пачуў. Найбольш яго парадавала, што старшыня райсавету размаўляе па-простаму. Ён мясцовы і ніякіх гарадзкіх навукаў не зазнаў.