Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
Алесь першым пралез у дзіру і апынуўся ў досыць прасторным ходзе, выкладзеным цэглаю. Каб рухацца па ім, трэба было крыху нахіляць галаву. Вартаўнік перадаў Алесю ліхтар і пралез сьледам.
У лёху было цяжка дыхаць. Відавочна, паветра тут цыркулявала зусім слаба. Пад нагамі адчувалася сырая зямля, месцамі нават было сьлізка. Як ні дзіўна, але чуліся нейкія шоргаты і прыглушаныя манатонныя гукі. Ці то рэха памнажала іхнія крокі, ці то недзе далей спадалі долу кроплі. Раптам Дудар адчуў, як нешта дакранулася да ягонага твару. Гэта было так нечакана, што ён рэзка ўскінуў руку, каб гэтае нешта прыбраць, пасьлізнуўся і гучна бразнуўся, стукнуўшыся галавой аб цагляную сьцяну.
— Я ж папярэджваў, што трэба быць асьцярожным. Ці жывы там? — пачуў Дудар голас спужанага дзеда.
Дасьледчыкі лёхаў апынуліся ў поўнай цемры. Дудар узьняўся, вохкаючы і праклінаючы ўсё на сьвеце, і пачаў вадзіць рукамі, шукаючы ліхтар. Знайшоў, але наўрад ці ён цяпер мог чым-кольвечы дапамагчы. Экспедыцыю трэба было перапыніць.
Трымаючыся рукамі за сьлізкія сьценкі, Алесь зь дзедам пачалі выбірацца назад. Час ад часу яны спыняліся і з дапамогай запалак праводзілі рэкагнасцыроўку. У падвале знайшлі нейкую паперчыну, скруцілі і падпалілі. Гарэла нядоўга. Тады зноў у ход пайшлі запалкі, якія хутка скончыліся. Неяк выбраліся.
Разьвітваючыся, Дудар паабяцаў прыйсьці заўтра ўвечары, каб паспрабаваць яшчэ раз залезьці ў падземны ход.
— Вы толькі нікому пра гэтае падзямельле не кажыце, а то пачнуць тут лазіць усялякія цікаўныя. Спачатку трэба высьветліць, што ўвогуле гэта такое. А затым далажыць начальству, — сказаў Дудар дзеду на разьвітаньне.
* * *
— Трэба ўвесь час трымаць сувязь зь мінулым, — сказаў Ластоўскі, нібыта чытаў лекцыю ў якой-небудзь Сарбоне. Ввасіль ніяк ня мог даўмецца, адкуль ён узяўся.
Кроква ўзьняўся на паддашак аднаго з карпусоў былога езуіцкага калегіюму. Сюды аднойчы яго завёў дзіўны знаёмы, які называў сябе полацкім краязнаўцам. Нечым ён нагадваў Падземнага чалавека з аповесьці Ластоўскага «Лябірынты». Таго самага, які завёў галоўнага героя ў полацкае паддзямельле. Гэты краязнавец ведаў усё, што рабілася ў Полацку. Дзе раскапалі яму і што там знайшлі, дзе абсунуўся бераг Палаты і якія таямніцы гэта адкрыла, дзе насамрэч у Полацку пахаваны французкі генэрал, забіты ў 1812 годзе... Аднойчы ён нават таемна шапятнуў, што ведае, дзе схаваны сапраўды Крыж Эўфрасіньні Полацкай: маўляў, гэтая сьвятыня ніколі не пакідала Полацак у ХХ стагодзьдзі і зараз захоўваецца ў горадзе. Кроква палічыў гэта поўнай лухтой, бо добра вядома, што Крыж знайшоў у Полацку Ластоўскі і забраў яго ў Менск у музэй, уратаваўшы ад здачы бальшавіцкімі марадзёрамі для справы сусьветнай рэвалюцыі. Кроква распавёў краязнаўцу пра гісторыю зьнікненьня Крыжа. Пачуўшы гэта, краязнавец неяк дзіўна пасьміхнуўся, краёчкамі вуснаў, і сказаў: «Ну, ну, казкі экіманскіх паромшчыкаў». Чаму гэта казкі і, да таго ж, экіманскіх паромшчыкаў, Кроква ня стаў удакладняць. Гісторыя пра зьнікненьне Крыжа Эўфрасіньні была настолькі вядомая і пацьверджаная рознымі крыніцамі, што не хацелася ані спрачацца, ані нешта даводзіць. Кожны беларускі вучань ведаў, што Крыж зьнік з сэйфа магілёўскага банку на пачатку вайны ў 1941 годзе, падчас эвакуацыі каштоўнасьцяў.
Аднойчы Падземны чалавек, назавем яго так, сказаў Крокве, што знайшоў дзіўны надпіс у будынку былога езуіцкага калегіюму і мог бы яго паказаць, маўляў, гэта будзе яму цікава. Заінтрыгаваны, Кроква папрасіў паказаць. Сваімі таемнымі сьцежкамі Падземны чалавек правёў яго на патрэбны паддашак. У скрайнім правым куце гарышча чалавек лёг пад бэльку і заклікаў тое ж самае зрабіць Крокву. Васіль лёг на сьпіну і пабачыў надпіс. На ніжнім баку бэлькі было выразана, відавочна нажом, два словы: ВОЗ-ВРАТИТЬСЯ НЕЛЬЗЯ.
— І што гэта значыць? Куды нельга вярнуцца? — спытаў Кроква. Па-шчырасьці, ён чакаў нейкай сэнсацыі, прынамсі, нечага зразумелага. Пасьля забароны езуітаў у гэтых мурах быў кадэцкі корпус. Таму надпіс выразалі або навучэнцы калегіюму, або кадэты. Хутчэй, нават кадэты, бо навучэнцы калегіюму вучыліся па-польску і пісалі па-польску.
— Загадка, якую трэба разгадаць, — адказаў краязнаўца.
— А можа, няма ніякай таямнічай загадкі, проста нешта асабістае. Можа, зьнікла каханьне і нельга вярнуцца да ранейшых адносін. Ці штосьці падобнае.
— Ня думаю. Тады надпіс быў бы зроблены адкрыта, не схавана. Значыць, гэта таемны надпіс, — зрабіў выснову Падземны чалавек.