За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Раптам коннікі спыніліся. Вуліцу пераходзіла згорбленая старая ў дзівосным адзенні — у блакітным плашчы, завязаным спераду стужкамі, у чорнай авечай шапцы, падбітай белым кашэчым мехам. У руцэ быў кій з меднай булдавешкай, а на поясе вісеў старадаўні выцерты кашэль.
Пасярэдзіне вуліцы яна стала. Воіны кінуліся, каб адпіхнуць яе з дарогі, але военачальнік падняў руку:
— Не чапайце, хай адпачне!
— Ён i праўда магутны рыцар, калі не баіцца старой Гудруны!
— Яна ўжо старая, нічога яна не зробіць, ды яшчэ i чуземцу!
Але i яго абсмяялі, таму што ведаў кожны ў мястэчку, што старая Гудруна можа бачыць будучае, а часцяком i вылечвае цяжкахворых, толькі трэба доўга прасіць яе. вяртацца, калі выганяе. Не любіць чараўніца паказваць сваю сілу, дый то сказаць — даўно б выгналі яе з хрысціянскага селішча, каб не высокае заступніцтва самога караля. Шапталіся, што вярнула яна жыццё ягонай любімай жонцы i даказала, што не чорнаю магіяй валодае, а белай, i ніякай шкоды няма ад яе, а ёсць адна карысць. У мястэчку ж прыстала яна да сям'і мясцовага каваля, але апошнім часам не выходзіла на вуліцу.
У вокны асцярожна глядзелі мясцовыя. Старая падняла галаву, яе вочы, нечакана вострыя, жвавыя на шэрым, як бы змытым твары, успыхнулі:
— Ты ўважыў маю старасць... Я табе адплачу!
Дружыннікі, не зразумеўшы, пераглянуліся, але воін
пераклаў ім словы дзіўнай прахожай. Яна закульгала далей, ужо амаль бясплотная, як здань, i схавалася ў недалёкім доме. A хлапчукі яшчэ доўга сачылі, як сустракала сям'я войта нечаканых гасцей, як цвёрдым, упэўненым крокам увайшоў у дом статны воін у кальчузе i як бялявая Грэтхен, дачка войта, сама збегала ў сад i нарэзала букет пышных белых кветак.
I залунала над мястэчкам грознае імя: «Давыд Гарадзенскі!»
Гэта ён, зяць магутнага Гедыміна, славуты военачальнік, вадзіў два гады назад войска Вялікага княства Літоўскага на Мазовію, ён з войскам дапамагаў Пскову супраць крыжакоў, ён вадзіў гарадзенцаў на Прусію. Былі ў мястэчку i тыя, хто памятаў небывалы, жорсткі разгром германцаў пад Новагародкам — адзін з ix, аднаногі Вілі, некалі кумільгом каціўся са страшных тамтэйшых круч...
Вось чаму назаўтра, нягледзячы на страх, многа народу тоўпілася ля прыгожага, з чырвоным дахам доміка войта. Ведалі, што Давыд дазволіў войску дзень адначыць тут перад Брандэнбургам, a назаўтра раніцай адпраўляецца яно далей. Аднаногі Вілі, калі пабачыў Давыда, які выйшаў на стайню, каб самому пакарміць каня, расхваляваўся і, скачучы на драўлянай кульці, усхвалявана крычаў:
— Так, так, я пазнаю яго! Гэты славянскі Одын з'яўляўся перад намі ў самых розных мясцінах адначасна! Меч яго астуджаны ў малацэ белай кабылы!
A ўвечары, калі Давыд з дружыннікамі сеў за стол, у пакой зайшла, трасучы галавой ад старасці, Гудруна. Гаспадыня, убачыўшы яе, ажно выпусціла з рук вялікі паднос з кіслай капустай i качкай, а Грэтхен перахрысцілася. Хрыплым голасам, указваючы рукой на Давыда, пачала яна гаварыць незразумелыя словы, дзікай, старадаўняй сілай павеяла ад ix.
— Што яна гаворыць? — закрычаў, ускочыўшы, ахоўнік i сябра гарадзенскага старасты Раман.
— Мабыць, насылае на цябе чары! — ускочыў i другі.
Але Давыд перапыніў ix.
— Ці ёсць тут хто, каб сказаць, што яна кажа? Гэта не мова германцаў! Я ведаю яе, не раз гаварыў з крыжакамі, хаця зручней мне было б гаварыць з імі моваю мяча!
Адзін з дружыннікаў адгукнуўся:
— Я ведаю, гэта мова нарманаў, я пяць гадоў быў у ix у палоне!
I ён пачаў перакладаць у след за варажбіткай:
Яна працягнула руку да аднаго з вояў, падняла яе — i раптам кінжал у таго таксама прыўзняўся i, выслізнуўшы з ножнаў, бразнуўся аб падлогу. Усе як скамянелі.
— Злая вядзьмарка! — закрычаў Раман, зноў ускокваючы,— Прэч!
Але Давыд зноў паківаў галавой:
— Калі яна i вядзьмарка, дык мне яна не перашкодзіць. Наша справа святая, мы ратуем Радзіму, сваю — ад злой набрыдзі. Каб крыжакі не лезлі болей на нашы землі. Каб яны не палілі нашы храмы.
— Я хачу табе дапамагчы,— сказала Гудруна.— Я ўчора выклікала добрых духаў, i яны мне адкрылі, што цябе чакае небяспека. Затрымай войска на дзень — сёння ноччу мне трэба адвесці ад цябе небяспеку, a ўдзень я правяду зейд i замацую перамогу.