За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
MAPA
Апавяданне
Верасень шчодра сыпаў на Рубежаўскі вымал чырвонае i жоўтае лісце клёнаў, i стары дзед Вяхір, сапучы i кашляючы, з раніцы мёў палыновым венікам ужо пашчэрбленыя часам магутныя дубовыя дошкі. На аслізлым кляновым лісце мог паслізнуцца i зламаць нагу які важны замежны купец ca струга, а тады, як пазалетась, мог прыйсці з Друцка загад ад князя — біць палкамі вінаватых. У Рубяжы стругі спыняліся нячаста — адпачыць, набраць салодкай калодзежнай вады перад астатняй дарогай — да Друці альбо да Полацака. Бывала, што высаджвалі хворага — каб пасля, на зваротнай дарозе, зноў забраць яго, ужо трохі акрыялага. Такі смуглявы аж да чарнаты грабец у цёплым, хусткай падпаясаным халаце, у паласатых бліскучых портках i з галавой, абвязанай каляровай анучкай, ажно месяц ляжаў у хаце дзеда Вяхіра, i той паіў яго дзівасілам i зверабоем. I паставіў на ногі.
Рубежаўскія хланчукі не прапускалі ніводнага струга — ні свайго, полацкага, ні кіеўскага, ні ноўгарадскага, не кажучы ўжо пра заморскі. Нябачаныя, дзівосныя людзі выходзілі на вымал, хадзілі па селішчы, а пасля ix заставаліся на беразе то залацістыя пахкія скуркі пладоў, то агрызкі невядомай дзічыны, то дзіравы абутак ці ўвогуле дзівосы, пра якія хлапчукі не ведалі што i падумаць. Знайшлі аднойчы кавалак шкла, a калі выпадкова зірнулі праз яго на мураша — вохнулі,— разоў у пяць быў павялічаны той мураш! Куземка таксама глядзеў праз тое шкло, але стары Вяхір адабраў у ix кавалак, сказаў, што нарэшце з ім сгрэмку з-пад пальца дастане, i схаваў знаходку ў сундук, дзе ў яго ляжалі, як казалі, розныя падарункі ад купцоў дый манеты. Замежныя сярэбраныя манеты — ix называлі дырхемамі — Куземка бачыў неаднойчы, яны ішлі на рынку нароўні са сваімі, імі купцы расплочваліся за розныя паслугі мясцовых.
Дзед Вяхір ведаў грамату, а на сцяне ягонай хаткі вісела бяроста, дзе цвіком прарэзаны былі нейкія загадкавыя лініі. Аднойчы, раздобрыўшыся, пасля таго як хлопцы нацягалі яму вады i замест яго вымылі вымал, расказваў ім цэлы вечар дзед Вяхір пра загадкавыя землі, адкуль ішлі паўз Рубяжа караблі.
— Во гэта Понцкае, або Рускае мора,— паказваў ён каравым, з вострым пазногцем пальцам на кружочак.— Там, за ім, Цар-горад знаходзіцца. Гэта значыць, цар над царамі, князь там вялікі жыве.
— Такі, як у Полацаку ці Друцку? — захоплена пытаўся хто з хлапчукоў.
— Можа, i такі,— задумліва гаварыў дзед Вяхір,— Кажуць, сонца там так пячэ, што забіць можа, затое i людзі бач якія абсмаленыя. Там i зімы няма.
— Зусім няма зімы?!
Хлапчукі недаверліва слухалі, пераглядваліся.
— А гэта што? — насмеліўся Кузёмка i тыцнуў у край бяросты.
— А гэта... гэта, брат, мора Хвалынскае... Ну, туды ад лета да лета ехаць трэба. Там недзе страшныя Гогі i Магогі, у каторых тры галавы на тулаве, як у цмока. Яны людзей ядуць i жывуць у гарах.
Мора Хвалынскае? Пракаветным нечым, таемным як абдало Куземку, i наплылі на яго словы замовы, якую дзед Векша чытаў маладому дзядзьку Алексу, калі той адпраўляўся ў войска — бараніцца ад наўгародцаў. Дзед i тады быў стары, ссохлы, як трэска, сівы, рукі ў яго калаціліся, i ён чытаў над Алексам:
«Пад морам над Хвалынскім стаіць медны дом, a ў тым медным доме закаваны змей вогненны, а пад змеем ляжыць сяміпудовы ключ ад збруі багатырскай... У той збруі не возьме цябе, малайца, ні страла, ні рагаціна, ні сякера, ні нож...»
Тады ж дзедка расказваў i пра мора. Гэта як возера, толькі разоў у тысячу большае. I хвалі там кожная з гару Мядзяную, на якую высака-высака ўзбірацца хлапчукам не толькі з Рубяжа. I качае мора сотні ўсякіх караблёў...
Не дапамагла замова — забілі дзядзьку Алексу, як раней недзе на вайне згінуў i Куземкаў бацька, Лык, a маці з гора кінулася з абрыву ў Друць, забыўшыся на Куземку. Засталіся ад яе толькі буйныя медна-сярэбраныя пацеркі i пярсцёнак. А можа, каб дабраўся дзядзька Алекса да таго мора i знайшоў чароўную зброю, адкрыўшы дзверы харома сяміпудовым ключом, то застаўся б жывым i вясёлым...
Куземка прагна глядзеў на круглячок, абведзены на бяросце, i ўжо не слухаў таго, пра што баіў дзед Вяхір — пра нядаўыяе пабоішча ў Полацаку, калі выйшла наўе біць палачан, i стрэламі нявідзімымі касіла ўсё жывое, i было тое наўе таксама нябачным... А яшчэ пра тое, што папасціўшыся тры дні, можна ўбачыць у ноч перад памі нальнай суботай на могілках тых, каму суджана памерці ў тым годзе... Хлопчык думаў пра таямнічае мора Хвалынскае, дзе ляжыць востраў Буян, а на тым востраве ёсць белы-белы, як дзедава барада, Латыр-камень... А на тым белым камені стаіць церам, дзе хаваецца чараўнічая зброя, якую не бярэ ні страла, ні сякера...