За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Другі толькі год гаспадарыў Мікаш на арандаванай зямлі, a зрабіў нямала: на поддай, самай горшай у гаспадарскім маёнтку зямлі густа ўзышоў авёс, на сядзібе, дзе ляпіліся тры зямлянкі (гаспадары ўцяклі невядома куды ў пазалеташні галодны год), стаў новы зруб. На подлую зямлю Мікаш пайшоў не сваёй воляй. Аддзяліўся ён ад бацькі пасля жаніцьбы, а пра тую жаніцьбу гаварылі наўкол па ўсёй акрузе, бо ўзяў ён не з гаспадарскіх ці цяглавых людзей, нават не з чэлядзі дваровай, а з местачковых сабе жонку. Паводле ж права звычаёвага рамеснікаў, а пасля i Статуту літоўскага, дзеўка, «дзе б каторая без волі бацькавай i матчынай ішла замуж, такая адпадае ад пасагу i ад імеыня айчызнага i мацярынскага». Пасаг пасагам, але рабілася Гайна i гаспадарскаю, вялікакняжацкай маёмасцю — услед за мужам.
Пракляў Гайну бацька, нягледзячы на тое, што мачыха радавалася — дзецям яе маёмасці болей застанецца. Ледзь не ацураліся Мікаша родныя — прывёў дзеўку ў дом без заручын i без сватоў, i клунку нават з сабой не захапіла яна — ні адзежыны, ні хаця б пары лапцікаў ці пантофляў, ні бурнату, ні хусты — анічога. А снег не сышоў яшчэ, i ў калюжынах раніцай лядок пад нагамі ламаўся, i завея ўначы мокрай золлю ў шыбы стукала, хаця сонца прызбы пад полудзень высушвала. Для маладой жонкі (а тады яшчэ не пабраліся маладыя, бо яе, каталічку, поп не перахрысціў назад у веру праваслаўную) пазычыў Мікаш хустку i чобаты ў братавай, а да старасты пайшоў з просьбай — даць яму колькі валокаў гаспадарскай зямлі i лічыць навасёлам, бо для навасслаў чынш быў паніжаны ўдвая, i не чатыры капы плацілі яны з валокі, а дзве, дый паборы — ялавіца, бараны, гусь, курыца, яйкі — таксама меншыя. Пачухаў стараста патыліцу і, паколькі не было што Мікашу даць за падарунак, выдзеліў яму зямлі поддай, хаця колькі валок сярэдняй было яшчэ ў яго ў запасе. Шмат народу збегла ў галодны год, i кажуць, што маладыя падаліся ў Запарожжа, нібыта там беглыя беларусіны аселі за дняпроўскімі парогамі i паноў над сабой не прызнаюць, а хто якое ўмельства меў — у Маскву паўцякалі. Масква ахвотна беглякоў прымала — i там пасля войнаў пасады абязлюдзелі. На мяжы, праўда, многіх лавілі i назад, добра бізунамі пачаставаўшы, вярталі.
Старыя казалі, што люду паспалітаму цяпер хоць у пятлю лезь, успаміналі пра часы даўнейшыя, калі i жыта лепей радзіла, i паны былі свае, тутэйшыя, i не гак скуру дралі. А цяпер, куды ні кінь, ляхаў панаехала, дык заціснулі так, што i богу не паскардзішся — цэрквы на касцёлы скрозь мяняюць, а што ў тым касцёле кажуць — хіба разбярэш? А маладыя пярэчылі — трэба неба, але трэба i хлеба, а хлеба не хапае, вясной заўсёды мякіны дадаваць прыходзіцца.
Мікаш не асабліва слухаў тых размоў — разам з Гайнай спорылася i лёгкай здавалася любая праца.
Сястра аднойчы пакпіла, што нездарма ў Гайны бацька, мусіць, цыган, што ў мястэчку яго чараўніком клічуць, бо надта прыгожыя карэты ён мясцовай шляхце робіць i за кароткі час, няйначай, нячысцік яму памагае. Ад цыгана i дзеўка такая чорная ды смуглявая, i валасы ў яе ў жменях не ўмяшчаюцца. Маці, абараняючы малодшанькага, заткнула дачцэ рот: «Дзеўка не бракоўна, як чорна, а бракоўна, як не праворна». I ён, воўкам зіркнуўшы на сястру, мармытнуў, што лепш чорная, чым куртатая, i заікнулася тая дый змоўкла. Малая была, кароткая.
Сыпалася на зямлю высахлае балота лісце бяроз, павольна кружыліся лісты кляновыя, падобный на далопі Вытыркнуўся ля дарогі ляшчыннік, спелыя арэхі гатовыя выскачыць з гняздзечкаў — Мікаш хацеў бы сабраць трохі, каб Гайна пагрызла лускалак, але трэба спяшацца на кірмаш.
Хаця i рана ён прыехаў у мястэчка, па дарозе яго колькі коннікаў абагнала, а ля гандлёвых радоў народу, што бобу. На прылаўках — дзічына i ялавічына, зайцы i куры, індыкі i гускі; вісяць залацістыя вязкі цыбулі i сушаных грыбоў; асобна — заморскія, для шляхты, дзівосы, i крычаць гандляры незнаёмае: «Шафран, перац, міндаль!» Пахне ядлоўцам, яго тут купляюць усе. Дзічыну пад ядлоўцавай прыправай надта любіць Гайна, але яна ўжо набрала ягад на ўсю зіму. Гатуе Гайна i флячкі — ялавічныя рубцы, на Вялікдзень ягоная радня ўмінала ix як мае быць. Любіць Гайна рабіць гваздзіковыя наліўкі, але дзе ты купіш тыя гваздзікі? Ад'ехаў Мікаш, уздыхнуўшы, углыб — там, дзе стаяць вазы з бульбай, аўсом, сенам. Тут адны мужыкі стаяць, i пахне хамутамі i дзёгцем. Праехаў ён міма манашак — у мясцовым манастыры пякуць надта ж смачна, «манастырскі» хлеб, яго разбяруць тут мігам.
Ледзь убіўся Мікаш сярод вазоў, i адразу гандаль пачаўся. Дзяржаўцы з конных панскіх заводаў, перакупшчыкі, яўрэйскія купцы ў бочкі глядзяць, авёс скрозь пальцы прапускаюць. A Мікаш не аддае за чорта лысага, авёс у яго ўрадлівы i не горшы, а можа, лепшы за чужы. Дый купцы ганяць яго на чым свет стаіць. Што ж — не ганячы, не купіш, не хвалячы, не прадасі. I недзе пад полудзень, калі Мікаш, дастаўшы хлеба ды кавалак селядца, пад'еў, a прадаўцы з багатых радоў, бачыў ён, у піваварні ды карчомку схадзілі, знайшоўся прыдатны купец. Кожную бочку купляў ён па 20 грошаў. Мікаш радаваўся — хопіць на дзяклавае, а чынш у яго гатовы, i куры ёсць, i яйкі.