За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Доўжыліся ночы, глуха стагналі пад халоднымі вятрамі магутныя дубы на былым Перуновым капішчы, у трубах скуголілі бяздомныя духі Перуновы — гарцукі, не знаходзячы на даўно аглухлым месцы ахвярнай крыві птушак i быкоў, а Куземка, ходзячы за хворым дзедам, які цяпер толькі ляжаў на палацях i стагнаў, думаў пра тое, што, калі вырасце, нізавошта не пойдзе на вайну са звычайнай зброяй — тою, якую вырабляе у рубяжоўскай кузні каваль Воўчае Вока. Надта мяккая руда ў мясцовых балотах, i перасячэ тую дзіду вораг, i тады ў дзеда нікога не застанецца на ўсім белым свеце...
У канцы лістапада грымнулі маразы, a ў зімніку ўжо ляжаў глыбокі снег, i Друць, скаваная холадам, ляжала між белых берагоў нерухомаю, толькі дзе-нідзе ў палонках курылася пара. Хата да раніцы выстывала, скрозь саламяныя шчыты, якімі на ноч зачыняліся вокны, прарываўся вецер-сцюдзянец, цёмны дым сцяліўся на падлозе, ад яго глуха кашляў дзед i час ад часу прасіў Сварога злітавацца над ім, але пасля ўспамінаў пра ўнука i голасна казаў:
— Не, Кузьма, я яшчэ пажыву, а то без мяне ты зусім прападзеш!
I вучыў унука ўсяму, што ведаў i мог сам, як бы хацеў засцерагчы яго ад сіроцкага жыцця, ад злых людзей умельствам i ведамі. Хацеў быў перадаць Кузьме i замены чароўныя, але ў адно вуха ўляталі, a ў другое вуха выляталі ў хлапчука цяжкія, глухія словы. Аднаго толькі разу страпянуўся — калі дзед загаварыў пра тое, каб прысушыць дзяўчыну да хлопца, i пачаў: «За морам за Хвалынскім у медным горадзе, у жалезным цераме, сядзіць добры маладзец — забраны ў няволю, закаваны ў семдзесят сем ланцугоў, за семдзесят сем дзвярэй, а дзверы зачынены сямідзесяццю сямю крукамі...»
— Дзед: а дзе тое мора?
— A мусіць, зусім няма яго, унучак,— адказаў дзед, памаўчаўшы.
— А вось i ёсць! Ёсць яно, мора Хвалынскае! Вяхір яго на карце паказваў!
Вясной, у самы Новы год, калі жанчыны пяклі жаваранкаў i хадзілі на абрыў спяваць песні, памёр Куземкаў дзед. Калі палілі яго на могілках, пасля ссыпалі попел у урну, з высокага абрыву, дзе раней любіла гуляць сама багіня Мокаш, неслася:
У месяц бярозазол прыплыў на вымал першы струг. Купцы з Царгорада, у плашчах, аблямаваных залатымі палосамі, надменна сядзелі на палубе, адхінаючы плашчы, калі смуглявыя прыслужнікі праносіліся міма. Тоўсты гарбаносы чалавек дастаў з похваў невялікі кінжальчык, разрэзаў жоўты, як масла, прадаўгаваты плод, стаў, прычмокваючы, есці. Убачыў прагныя вочы абарванага хлапчука, што стаяў на беразе, павагаўся, кінуў кавалак. Куземка падняў, але пе стаў есці, усё глядзеў неадрыўна, i тоўсты чалавек нарэшце зразумеў. Ён паказаў на кінжал, Куземка кіўнуў галавой.
— Што імаеш? — на ломанай славянскай мове запытаўся зацікаўлены купец, забаўляючыся i запрашаючы сваіх таварышаў да пацехі. Ён паўтарыў словы, пацёр пальцамі. Куземка зразумеў. Ён павярнуўся i пабег дадому, а перад вачыма яго стаяла тонкая, сіняватая сталь ляза, так не падобная да мяккай крыцы — жалеза.
Купец, агледзеўшы скураны калчан для стрэл, падумаў, але вярнуў яго хлапчуку, адмоўна пахітаўшы галавой, Сварога ж аглядаў доўга, на выцягнутай руцэ аддаляючы яго, мацаючы белымі пульхнымі пальцамі. Пасля, зноў падумаўшы, дастаў з вялікай вышытай сумы невялікі нож, паказаў яго Куземку:
— Мяняем?
Ножык быў маленькі, але ён быў з такой жа сіняватай, цвёрдай, няўмольнай сталі. I Куземка згадзіўся.
Цяпер на покуце замест касцянога Сварога з цвёрдым суровым тварам ляжаў маленькі нетутэйшы ножык. Яго аднойчы прынёс хлопчык да каваля Воўчага Вока.
— Ці можна зрабіць з нашай крыды падобнае?
Воўчае Вока ўхапіў ножык, доўга мацаў i глядзеў
яго, i нават спрабаваў на зуб.
— З нашай крыцы зрабіць усё можна, але не ведаю як. Дзед мой ведаў, але не ўсё бацьку паспеў перадаць — трасца яго ў тры дні з'ела. Бацька мучыўся, што мала сакрэтаў кавальскай справы знае, i я таксама. Нават тое, што знаю,— каму перадам? Адны дзяўчаты ў мяне, а маладых то на вайну бяруць, то ў рабы... Ішоў бы ты да мяне, га малы, можа, разам бы што i пашукалі. Можа, ведуна б папрасілі, каб прадзеда з таго свету выклікаў дый сакрэты расказаў. А цябе хіба ж не навучылі? Адзін жа — баюся...