За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Купец — вёрткі, вузкатвары i тонкі, як ласіцэ-куніца, адлічыў за шэсць бочак купленага паўгрошамі. Двойчы лічылі яны колькасць дробных манет, нарэшце сышліся. Купец хутка паклікаў вазніцу, і, не паспеў Мікаш напаіць каня, як той знік — мабыць, спяшаўся. Але, як ні імкнуўся дадому сам Мікаш, не мог не спыніцца ля крамы i не купіць Гайне папрошанага — стужку ў валасы дый нітак сініх для вышывання.
I там, калі даў ён паўгрош, вярнулі яму меней, чым трэба, здачы, i тады высветлілася, што даў незнаемы купец яму не літоўскія, a сілезскія паўгрошы, на якім быў указ, каб не прымалі людзі «подлыя тыя манеты», бо былі яны i меншыя, i горшыя за свае. Дый надта падобныя тыя подлыя паўгрошы на звыклыя, толькі надпіс другі, а хто ж з зямян чытаць умее?! Дэнарый — яно адразу відно, а чужыя манеты Мікаш яшчэ i не бачыў ніколі.
Кінуўся ён назад, каб хаця паказалі яму дарогу, па якой паехаў той збродзень, але ніхто нічога не ведаў.У мястэчка ж вядзе ажно шэсць дарог — усе не аб'едзеш...
На той год так i не здаў Мікаш дзякла. Але, як не прыязджаў рэвізор, то дзяржаўца згадзіўся на год адтэрмінаваць плацяжы — зноў жа, навасёлам, па загаду каралевы Боны, павінна быць палегка. Да таго ж зяць дзяржаўцы, баярын Міхно Кулькевіч, як усе ў павеце, праходзіў праверку сваіх правоў на зямлю, a ліст ягоны ці то згубіўся, ці то яго зусім не было. У вялікай разгубленасці быў пан дзяржаўца, а вядома ж, чужое беручы — сваё рыхтуй. Адбяруць у зяця маёнтак — каму ён, галота, патрэбны будзе? I больш не пахвалішся людзям, што дачка ў баярыні вылезла...
Вясною рваў жылы Мікаш, свету не бачыў. Леташні падатак сплачваць адно, а вось што жонка ў цягасці — гэта i праўда клопат. Памаглі трохі па гаспадарцы маці ды сястра, але неяк не ўгледзела маці — дзвюх авечак задраў воўк. Не еў Мікаш, не спаў — а багатым не стаў. Кляла зноў сястра Гайну — i выгнаў тады брат яе з двара назусім, адцураўся як ад чужаніцы.
Пад самы Спас нарадзіла Гайна двойню, хлопчыка i дзяўчынку. Дзіўна: адно ўлонне ix вынасіла, a дзеці выдаліся розныя. Дзяўчынка бялявая, як бацька, а малы ўвесь смуглявы i чорнавалосы. I не вытрываў Мікаш, купіў радзільніцы падарунак: паўжупан з сіняга коленскага сукна, абшыты жоўтым шаўковым шнурам, i спадніцу з залацістымі галунамі-галёнамі па ўсім нізе. Hi ў адной жанчыны не было такіх убораў — світы насілі з самаробнага сукна, a андаракі — з беленага палатна. Жанчыны ажно ў хату прыходзілі — на бабіну кашу ды на агледзіны.
Мала i паляжала Гайна — на поле выйшла, на зажынках спявала званчэй за ўсіх. Мікаш сена звозіў, прыпыніўся на дарозе: спелыя каласы ад гарачага ветру калыхаюцца, нібы пазвоньваюць, духмянай хваляй у твар патыхае, a ў лагчыне, сярод белых сарочак, Гайна ў рагатым галаўным уборы, у андараку з залацістымі галёнамі трымае сноп у руках i на ўсё поле заліваецца:
А збоку, пад маладой вішняй, стаіць, нябачная, люлька з немаўлятамі, Здыме зараз Гайна стракаты ўбор, завяжа па самыя вочы хустку i пойдзе жаць, не адстаючы ад спрадвечных жнеек. Удалая яна i на работу, i на песню — i шчымлівае нешта падступіла над самае горла маладому зямяніну, i падзякаваў ён некаму ca сваіх заступнікаў — ці то Іллю-Прароку, ці то Дзедку-дамавіку, якія адправілі яго ў мястэчка купляць хамут у той дзень, калі мачыха нагаварыла дзяўчыне абы-чаго, а тая з гарачкі выбегла з хаты i стаяла над рэчкай, плачучы. Mo i не пайшла б іначай такая красуня за цяглавага чалавека, што належаў гаспадару-князю. Ці ж не знайшла б яна нават шляхцюка, калі б пажадала?
Стаяў, глядзеў на жонку Мікаш, ажно пакуль не спахапіўся, што конь з возам далёка ад'ехаўся. Даганяў воз, а жаль i смутак абхапілі яго абцугамі: успомніў пра падаткі i пра тое, што авёс сёлета не ўрадзіўся, можа, хаця трохі выручыць жыта, а можа, чым дапаможа бацька.
Але пад восень выходзіла замуж сястра. Думалі, заседзіцца ў дзеўках-векавухах, але з суседняй вёскі браў яе ўдавец i патрабаваў пасагу нямала. Давялося бацьку i маці чысціць кублы i куфры, латашыць клеці.