Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Як вядома, паперка ў сучаснай папяровай цывілізацыі — вялікая сіла. Рукапісы не гараць, але ня ўсе гараць і даносы, што ўвогуле памагае ісьціне, да якой імкнецца літаратура. Прынамсі павінна імкнуцца.
Між тым адказу падпісантам з ЦК КПСС доўга не было, хаця ніхто яго дужа і не чакаў. I раптам навіна — прыехала камісія ЦК КПСС разьбірацца з праблемай мовы ў Беларусі. Пачалі выклікаць, як і належала — сакрэтна, па адным, у асобны кабінэт будынку ЦК. Мяне паклікалі ці не адным зь першых. У кабінэце сядзелі два надзьмутыя чыноўнікі са Старой плошчы, тут жа прыткнуўся Iван Антановіч. Гутарка скіроўвала такім чынам, што падпісанты не разабраліся, прыватныя факты («факцікі») выдалі за тыповыя і ў выніку напісалі няпраўду, што кладзе пляму на партыйную палітыку ў Беларусі. Мова беларусаў нармалёва функцыянуе, пасьпяхова разьвіваецца, агульныя тыражы беларускамоўных газэтаў у параўнаньні зь мінулай пяцігодкай узрасьлі на… працэнтаў. 80 працэнтаў усіх школаў у Беларусі беларускамоўныя. «Ды няма ніводнай беларускай школы!» — не ўстрымаўся я. Чыноўнік адразу змоўк. Ён не прывык, каб яму пярэчылі ці нават яго перапынялі. Памаўчаўшы, сказаў, што заўтра яны паедуць па абласьцях і на месцы пазнаёмяцца з моўнай абстаноўкай.
Праз колькі дзён паклікалі зноў. Другі раз Антановіча не было, у кабінэце сядзелі толькі масквічы. Яны бадзёра паведамілі, што езьдзілі на Гродзеншчыну, асабіста зайшлі ў выпадковую на іхнім шляху школу, і тая школа аказалася цалкам беларускай. «Якая гэта школа? — запытаўся я. — Напэўна, у Гудзевічах?» Чыноўнік зьбянтэжана ўставіўся на мяне: «А вы адкуль ведаеце? Хто вам сказаў?» — «Каму ж не вядома, дзе ў нас беларуская школа напаказ? У Гудзевічах. Там і настаўнік такі — беларускі энтузіяст Белакоз». Тыя два зазірнулі ў паперку — так, Белакоз, ага…
Здаецца, я ім штось сапсаваў, ці, можа, мне так здалося. Наўрад ці іхні спэктакль можна было чымсь сапсаваць…
Як і трэба было чакаць, карысьці з нашага ліста было няшмат, нічога ў моўнай праблеме не зьмянілася. Змаганьне за яе даўно набыло хранічны характар, то разгаралася, то затухала безь якіх-небудзь вынікаў. Але на той раз нікога не пасадзілі, ня звольнілі з працы — і то вынік. Усё ж, здаецца, набліжаліся іншыя часы, якія несьлі надзею.
102. Італія. Бергаміні
Улетку пасьля Купальля зьявілася нагода паехаць у Iталію. Зьезьдзіць у Iталію я заўжды быў рады, памятаў яе з даўняй паездкі ў Рым, яна запомнілася мне як жаданае сонечнае сьвята. На гэты раз запрашала мэрыя гораду Тэрні, сталіцы правінцыі Умбрыі. Ехала нас трое — апроч мяне яшчэ Дайнека з Таварыства дружбы і вядомы Iван Iванавіч Антановіч з ЦК.
У напаленым летняй гарачынёй аэрапорце імя Мікелянджэла нас чакаў жвавы гаваркі італьянец з імем Джорджыо, які на новенькай «Альфа-Рамэа» паімчаў усіх у Тэрні.
Летняя Iталія нават праз шкло аўтамабіля выглядала цудоўнай, казачнай краінай, мы імчаліся па новай аўтастрадзе з хуткасьцю 120 кілямэтраў у гадзіну. Побач мільгала кустоўе прысадаў зь белымі і жоўтымі кветкамі, здаля велічна праплывалі хвойныя парасоны пініяў. На схілах абпаленых сьпёкай гораў грувасьціліся каменныя будыніны старажытных гарадкоў з касьцёламі пасярэдзіне, замкі, абстаўленыя кіпарысамі вілы. Тэрні як горад з сучаснай індустрыяй быў меней прывабны, затое вадаспад на ягонай ускраіне, знакаміты Каскадо, незвычайна ажыўляў увесь навакольны ляндшафт.
З гораду Джорджыо павёз нас у свой курортны гарадок Педылюка, дзе жыў зь сям’ёй. Крывая дарога доўга вілася паміж белых скалаў і прывяла да невялікага ўтульнага пасёлачку, што прыткнуўся да крутаватага схілу на беразе горнага возера. Над пасёлкам грувасьціліся руіны старажытнага замку, а па той бок высілася белая скульптура Мадонны на зялёным пагорку-сопцы. Усё тое маляўніча адбівалася ў ціхай азёрнай вадзе.
Мы пасяліліся ў прыдарожным матэлі, і Джорджыо Бергаміні пачаў нас вазіць на ўласным старэнькім дызелі, які ў яго ўвесь час псаваўся. То пацячэ вада з радыятару, то выбухне шына… Мы зьезьдзілі ў Тэрні, за Тэрні на сядзібу ягонага прыяцеля-мастака. Сядзіба тая, званая студыяй, была збудавана з старога млыну, пасярод памяшканьняў па каменнай падлозе цёк чысты і сьцюдзёны ручай. Стары бацька мастака частаваў нас віном і распавядаў, як працуе сын. Паводле прафэсіі ён мэталюрг, а мастацтва — ягонае хобі. Зьезьдзілі ў горную вёсачку Паліна, зь якой адкрываўся цудоўны пагляд на шырокую, завалочаную шызай дымкай даліну. Тая вёска ў сусьветную вайну была партызанскай базай, і яе насельнікі мелі пляны завязаць сяброўства зь беларускімі партызанамі.