Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Гады праз два пасьля таго здарэньня, на другой ужо машыне ў Менску ня змог пазьбегнуць сутыкненьня (зноў не прапусьціў), і на перакрыжаваньні самазвал дужа ўлупіў мне ў правы борт. Добра, што ў машыне я быў адзін, без пасажыраў.
Каб пазьбегнуць аварыі (па ўласнай віне), патрэбна ня толькі выконваць правілы руху, мець спраўную тэхніку і быць цьвярозым. Але яшчэ і мець вераўчаныя нэрвы, заўжды пачувацца спакойным. Нават калі ў цябе ўрэжа самазвал, не губляць раўнавагі. Я так ня ўмею і таму не лічу сябе добрым шафёрам, хоць паезьдзіў за рулём нямала гадоў.
Пасьля я шмат езьдзіў з Рыгорам, прывык да яго гаворкі і рэагаваў на яе нармальна. У чымсь ён нават мяне супакойваў — найперш, вядома, добразычлівай спаважнасьцю, якая для кіроўцы заўжды шмат значыць. Што ж да жонкі, зь якой мы езьдзілі шмат гадоў, дык яна засвоіла абавязак памагаць весьці машыну — папярэджваць, падказваць, напамінаць. Толькі што не круціць руль. Хаця аднойчы, як я нядбайна паставіў на касагоры машыну і тая пакацілася да недалёкай рэчкі, Iрыне давялося яе ратаваць. Яна дагнала машыну, расчыніла дзьверцы, ухапілася за рычаг [ручнога] тормазу і не дала машыне зрабіць буль-буль з крутаватага берагу. Прызнаюся, да майго гонару, — ніколі не сядаў за руль п’яны, нават учора ўвечары выпіўшы. Баяўся збольшага не аварыі (кажуць, што паводле статыстыкі ўсё ж цьвярозыя болей робяць аварый, чым п’яныя), а сустрэчы зь інспэктарам. Уяўляў, што сказалі б мае нядобразычліўцы, калі б пачулі, што Быкаў «папаўся п’яны за рулём». Дужа не хацелася даць ім дадатковай радасьці.
За чвэрць стагодзьдзя я аддаў аўтамабілю ці ня болей сілы і эмоцыяў, чым літаратуры. Прычына таго, відаць, у спазьнелым прыходзе да нас сусьветнае зьявы — аўтамабілізацыі. У той час, як людзі іншых краінаў Эўропы і Амэрыкі выдатна засвоілі машыны і дарогі, мы толькі пачалі садзіцца за руль. Некалькі дзесяцігодзьдзяў наш чалавек за рулём лічыўся аўтааматарам з адпаведнымі да яго адносінамі ў грамадзтве. Неяк будучы ў Балгарыі, я запытаў пісьменьніка Косту Странджава, які вёз мяне з Плоўдзіва ў Сафію, каторая гэта ў яго машына, мабыць, ня першая? Коста з гонарам адказаў: пятая ўжо. А я тады ня меў яшчэ і першай.
Каб набыць першую (папулярныя на той час «жыгулі»), давялося хадайнічаць перад аблвыканкамам, доўга чакаць ды і купіць амаль са скандалам: машына была разьмеркавана ў іншы раён — для перадавікоў вытворчасьці. Позна ўзяўся за руль, затое вучыў машыну, як ніхто з тых, што іх мелі зь дзяцінства. Аднойчы ў Парыжы запытаўся ў Iрыны Сакалагорскай пра нейкую дэталь у яе рухавіку, і яна паціснула плячыма — ня ведаю. Я капот ніколі не адчыняю. — А як жа ты езьдзіш? — Вельмі добра. Калі што псуецца, тэлефаную ў гараж, прыяжджаюць хлопцы і ўсё робяць, што трэба. А я — заплаціла і паехала… I так сорак год за рулём.
У нас так не бывае. У нас за недасканалую тэхніку, дрэнныя дарогі, п’яных суседзяў-кіроўцаў плоцяць нэрвамі і жыцьцём. Мой мілы аўтамабільны сябра Алесь Ставер езьдзіў на разьбітай машыне, зь няспраўным рухавіком, без надзейных тармазоў і загінуў у дарожным здарэньні. Застаўся рукапіс яго партызанскага раману, які ніхто не схацеў выдаваць.
З уласнага вопыту засвоіў простую ісьціну: калі ты сам сабе не паможаш, дык не паможа ніхто. Так ужо быў заснаваны і функцыянаваў наш славуты савецкі аўтасэрвіс, зь якім я, як і шмат якія «аўтааматары», паймеў нямала адносінаў. Тыя адносіны не прыносілі нічога, апроч расчараваньня і прыкрасьці. Калі ня горш. Генэрал Сульянаў паставіў на колькі хвілінаў сваю «волгу» каля менскага басэйну, і яна зьнікла. Доўга шукалі, хадзіў да міністра, наймаў экстрасэнса. Вопытныя людзі спыталі: машыну рамантаваў? Ключы аддаваў? Во ў тых і шукайце… Дужа падобна на праўду, — той аўтасэрвіс ужо тады быў бандыцкі.
Але каб даць сабе рады, для пачатку трэба хоць штосьці ведаць. Парады дабрахотаў-дарадцаў можна слухаць заўсёды, але не заўсёды ім верыць. Лепей за ўсё — літаратура. I з усяго яе тэхнічнага мноства, набытага мной, самая надзейная — яна ж і самая элемэнтарная — інструкцыя, што прыкладваецца да машыны. Там ёсьць калі ня ўсё, дык самае неабходнае. У «Аўтасэрвісе» няма і таго.
У слаўны літоўскі Дом творчасьці Ніды трэба было ехаць цераз Клайпеду, пасьля на пароме да прычалу Куршскай касы. За гушчаром хвойнікаў здалёк бялелі пясчаныя горы-дзюны. На ўскраіне ладнага пасёлачку кучкавалася некалькі мадэрновых дамовак з масіўным франтонам сталовай. Далей над хвойнікам высіўся паласаты слуп марскога маяка. То і была знакамітая Ніда.