Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Звычайна ў Заходнім Бэрліне мы з Кудраўцом пасяляліся ў «Багоце» — не дарагім і не шыкоўным гатэліку, які мясьціўся амаль на Курфюрстэндам, што вяла да Кудаму зь яго выдатным помнікам мінулай вайне — Гедахтніскірхе. Гатэлік той зь цягам часу мне вельмі спадабаўся — і месцам, і абслугай. Пасяліўшыся пару разоў запар, ты ўжо рабіўся там як бы сябрам ці добра знаёмым, цябе пазнавалі ў рэцэпцыі і пры сустрэчы радасна ўсьміхаліся. Мне дарэчы ўспаміналася колішняе сьведчаньне Хэмінгуэя, які пісаў, што варта пры ад’езьдзе даць гішпанцу-парцье трохі даляраў, як у наступны раз — хоць праз год ці тры, калі ты вернешся, цябе пазнаюць і прымуць як лепшага сябра. Тут мы не давалі ніводнага даляра (самі ня мелі), але сапраўды нас пазнавалі. I не гішпанцы, а немцы, што таксама нешта ды значыла.
У дзень прыезду ці на другі дзень пачыналіся нейкія сустрэчы — у бюро Акцыі каля вакзалу, дзе-небудзь з моладзьдзю ў якім клюбе, са студэнтамі ў Свабодным нямецкім унівэрсытэце. Або з актывістамі Акцыі ў Кройцбэргу ці іншым з рабочых раёнаў Бэрліну. Часам, асабліва на пачатку майго супрацоўніцтва, удзельнічаў у працы цэнтральных органаў эвангелічнай царквы на Ванзэе, цудоўным зялёным прыгарадзе Заходняга Бэрліну. Аднойчы выступаў на пратэстанцкай імшы ў царкве, разам зь вельмі шаноўным епіскапам Шарфам любаваўся беларускімі танцамі ў зялёным тэатры. Усе немцы, зь якімі я меў кантакты, вельмі спаважна адносіліся да беларускага народу і спачувалі яму ў бядзе, спасьцігнутай беларусамі цераз нямецкі фашызм. Пра бяду ад бальшавізму, аб якой я распавядаў, выказвацца ўстрымліваліся, але я адчуваў, што і тут яны — на маім баку. Звычайна з Хойбнэрам мы карысталіся складанай трасянкай з трох моваў — расейскай, нямецкай і польскай, апошнюю Хойбнэр няблага ведаў. У іншых выпадках перакладчыцай служыла Iрма, студэнтка паходжаньнем з Рыгі. Гэта была разумная маладая асоба, якая няблага арыентавалася ў нямецкай гісторыі і палітыцы і шмат пра што распавяла мне. Шкада, пасьля яна выйшла замуж, нарадзіла дзіця і перастала супрацоўнічаць з Акцыяй. Намі з таго часу стала апекавацца наша зямлячка зь Менску Лена Прэнц, якая вучылася ў Бэрліне.
Там я дазнаўся пра некаторыя дзівосныя рэчы, недаступныя на радзіме. Неяк мне паказалі кнігу супрацоўніка Гітлера доктара Раўшнінга, які запісваў для гісторыі кожнае выказваньне фюрара. I сярод іх — такі во пасаж: «Паміж намі і бальшавікамі болей падабенства, чым розьніцы. Я аддаў распараджэньне, каб былых камуністаў бесьперашкодна прымалі ў нашу партыю». Або іншае сьведчаньне — ужо доктара Лямперса. «Нацыянал-сацыялізм — гэта тое, чым мог бы стаць марксізм, калі б вызваліўся ад сваёй бязглуздай сувязі з дэмакратычным уладкаваньнем. Рэвалюцыйнае вучэньне — во сакрэт новай стратэгіі. Я вучыўся ў бальшавікоў. Я не баюся гаварыць пра тое», — казаў Гітлер. Несумненна, і Сталін вучыўся ў фашыстаў, пэўны час яны дзейнічалі суладна і згодна, аж пакуль не схапіліся ў двубоі. Як піша іншы сьведка, Сталін, дазнаўшыся пра самагубства Гітлера, раздумна мовіў, стоячы ля крамлёўскага вакна: «Дагуляўся падлюга! А колькі слаўных спраў мы маглі б зрабіць разам…». Ды не зрабілі. Ня ўсё ў сьвеце было падзелена паміж чырвонымі і карычневымі, заставаўся свабодны сьвет, які і сьцёр з мапы карычневую палавіну. Чырвоная пакуль што заставалася.
Пасьля аб’яднаньня Нямеччыны фінансавыя справы Акцыі сталі пагаршацца, бюро вымушана было пераехаць у таньнейшы раён Бэрліну. Але Акцыя ўпарта не хацела адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Усходам, у тым ліку і зь Беларусьсю, кожны год слала туды валанцёраў-альтэрнатыўшчыкаў. Маладыя людзі цягам месяцаў працавалі санітарамі ў Навінках і Бараўлянах, яшчэ дзе, навучаліся мове, — шкада, болей расейскай. Адзін толькі малады чалавек вельмі зьдзівіў мяне ў Бэрліне, прамовіўшы з паўтузіна беларускіх словаў, якія ён засвоіў ад старой цёткі-санітаркі ў Бараўлянах. Кіраваў усімі той жа Крыстаф Хойбнэр. Праўда, вершаў ён стаў пісаць меней, за клопатамі і працай стала не да вершаў. Часта езьдзіў у Беларусь і Польшчу, дзе прыняў на сябе пасаду шэфа нямецкага культурнага цэнтру ў Асвэнцыме. Кватэру меў у старым фэшэнэбельным раёне Заходняга Бэрліну, там гаспадарыла ягоная францужанка-прыгажуня Мішэль і падрасталі два слаўныя хлопцы, што ўжо ў школьныя гады добра гаварылі на трох мовах — нямецкай, ангельскай і французскай. Неяк малодшы, Нэма, запытаў: «Скажыце, гэр Быкаў, якой маркі ваш гунд?». Toe дужа пацешыла мяне — у адной фразе пачуліся водгукі дзьвюх розных цывілізацыяў…
Аднойчы позьняй восеньню ехаў у Нямеччыну на нейкую імпрэзу Эвангельскай царквы. На бяду якраз у той час забаставалі нямецкія чыгуначнікі. Наш цягнік, не дайшоўшы да польска-нямецкай мяжы, спыніўся на нейкай непрыкметнай станцыі. Правадніца сказала: далей не паедзем. Сьвятло ў вагоне адключылі, ацяпленьне таксама. Пасажыры пачалі разбрыдацца, шукаць які іншы транспарт. Я сядзеў адзін у сьцюдзёным купэ і ня ведаў, што рабіць. Так мінула, можа, гадзіны дзьве. І раптам чую знаёмы голас: «Где ест Васіль Быкаў?». То ж мой Крыстаф! І адкуль ён узяўся на гэтай польскай станцыі? Аказваецца, прыехаў па мяне з Бэрліну. Мы абняліся, я быў зьдзіўлены і бясконца абрадаваны. Узялі яшчэ аднаго пасажыра — ленінградзкага навукоўцу, забытага, як і я, на пад’ездах да Нямеччыны. І паехалі.