Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Так адбылося мае знаёмства зь нямецкай пацыфісцкай арганізацыяй, якое шчасьліва доўжыцца і па сёньняшні дзень.
Тады ў трупе былі розныя людзі — сьвятары і студэнты, два-тры ветэраны мінулай вайны, адзін меў пратэз замест правай рукі. Ён распавёў, як у 43-м годзе ляжаў у шпіталі ў Менску, дзе яму ампутавалі руку. Другі меў царкоўны прыход у Кройцбэргу — раёне Заходняга Бэрліну. Малады, чарнявы, болей падобны на італьянца, чым на немца, быў Крыстаф Хойбнэр, паэт і супрацоўнік Акцыі. Немцы мяне зацікавілі, я адчуў, што гэта — зусім ня тыя, вядомыя з вайны, фашысты. Так яно і атрымалася.
Праз колькі часу ў Дом дружбы і культурніцкіх сувязяў, які ўзначальваў Арсен Ваніцкі, прыехала прыгожая, выкшталцоная дама Хельга Сібаі, дамаўлялася пра канкрэтнае супрацоўніцтва Акцыі зь Беларусьсю. Было палагоджана наконт догляду помнікаў ахвяраў фашызму (Хатынь), удзелу нямецкіх валанцёраў у лекаваньні нашых псыхічна хворых (Навінкі), доглядзе малых у занядбаных дзіцячых садках. Напрадвесьні прыехала вялікая група маладых хлопцаў і дзяўчат, якія адправіліся прыбіраць Хатынь. На гэты раз яе прывёз Хойбнэр. Пасьля працы ў гатэлі была наладжана гутарка, мяне папрасілі распавесьці пра Беларусь, пра вайну і трохі пра літаратуру. Тое было яшчэ да перабудовы, калі савецкія людзі і асабліва чынавенства глядзелі на немцаў як на нядаўніх фашыстаў, некаторыя з навукоўцаў Акадэміі навук у час візыту чужынцаў запіраліся ў туалеце — каб не спатыкацца. Хіба адзін Дом дружбы і ягоны старшыня Арсен Ваніцкі сьмела ішлі на кантакты і нават дамагаліся іх пашырэньня, на тое запрашалі і Быкава. Пасьля, як вядома, кантакты разрасьліся з усімі краінамі, але дзеля таго спатрэбілася шмат часу і немалых зрухаў у масавай сьвядомасьці. Да тых кантактаў былі прыцягнуты Саюз мастакоў, вельмі нясьмела — Саюз пісьменьнікаў. Прыяжджалі да нас, запрашалі нашых людзей у Нямеччыну, — вядома, за кошт немцаў, у нас жа вечна не ставала сродкаў.
Аднойчы зімой немцы прыслалі мне запросіны ў Заходні Бэрлін на імпрэзу, зьвязаную з угодкамі захопу ўлады Гітлерам.
Што гэта будзе антыфашыстоўскае мерапрыемства, у мяне не было сумневу, я ўжо ведаў пра адносіны Акцыі да нядаўняга мінулага Нямеччыны. Але ўсё ж я ня мог ведаць усяго, а найперш меру папулярнасьці антыфашыстоўскіх ідэяў сярод жыхароў Заходняга Бэрліну.
Iмпрэза ладзілася ў вялізнай (аграмаднай) залі тэхнічнага ўнівэрсытэту, пачатак быў прызначаны на 18 гадзінаў. Мы з гаспадарамі прыехалі за паўгадзіны, і заля ўжо была поўная, сядзелі і стаялі ўздоўж сьцен і ў праходах. Кіраўніком (мэдыятарам) усяго стаў мой сябра Крыстаф Хойбнэр, і я ўпершыню падзівіўся зь яго арганізатарскіх і шоўмэнскіх здольнасьцяў. Цягам шасьці гадзінаў ён няспынна кіраваў хадой складанага інтэрнацыянальнага фэсту, які ўключыў у сябе шматлікія выступы ветэранаў-антыфашыстаў, гасьцей з усіх краінаў Эўропы, што чаргаваліся зь песьнямі і музыкай розных вакальна-інструмэнтальных групаў, у тым ліку і цудоўнай групы і хору зь Iзраілю. Мне таксама давялося там выступіць, распавесьці, як адгукнуўся фашыстоўскі пераварот у Беларусі — пра нашыя ахвяры і партызанаў. Заля апладзіравала стоячы.
Пасьля аж да разбурэньня Бэрлінскай сьцяны я шмат разоў наведваў Заходні Бэрлін. Кожная паездка мела свае праблемы. Найперш транспартныя. Заходні Бэрлін ці ня ўвесь час быў у жорсткай блякадзе. Аэрапорт Шонэфэльд, як вядома, знаходзіцца з усходняга боку, цягнік у Заходні Бэрлін не даходзіў. Як было да яго дабрацца? Даводзілася зьвяртацца ў савецкую амбасаду, прасіць памагчы, хоць амбасадаўцы зусім не былі зацікаўлены ў маіх паездках.
Тады з чамаданамі ішоў пехатой. Правілы пераходу сьцяны-мяжы ўвесь час мяняліся ў бок ускладненьня, часам завярталі назад. Аднойчы, праўда, ужо ў перабудовачны час, мяне з Анатолем Кудраўцом амаль нелегальна перавезла на той бок жонка Хойбнэра — храбрая францужанка Мішэль. Вярнуцца ж пасьля трох — пяці дзён гасьцяваньня ў Заходнім Бэрліне было яшчэ цяжэй, — ніякі транспарт ва ўсходні не хадзіў. Тады я ішоў напярэдадні ў савецкі кансулят і прасіў генконсула з прозьвішчам Быкаў, каб той даў машыну. Можа, з прычыны сугучнасьці нашых прозьвішчаў генконсул ішоў насустрач, і назаўтра ўранку мяне давозілі да Шонэфэльду. (Пасьля, аднак, генконсула Быкава перавялі ў Маскву, дзе ён і памёр, не дажыўшы да 40 год. Болей у генкансулят я не хадзіў.)