Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Але нашы кнігі яшчэ прадаўжалі выдаваць і на Захадзе. Асабліва ў сацыялістычных краінах. Толькі ў ГДР перакладам на нямецкую мову выйшла паўтара дзясятка маіх кніг, трохі менш у ФРГ, Францыі, Iталіі. Але з ганарарам за тыя выданьні справа палягала складана. Рэч у тым, што зь нейкага часу выплату ганарараў, як і заключэньне дамоў на выданьне, узяла на сябе дзяржава ў асобе адмыслова для таго створанай арганізацыі «Саюзкніга». Былі ўстаноўлены і стаўкі падаткаў з ганарараў, якія складалі 70 працэнтаў плюс 30 працэнтаў камісійных на карысьць «Саюзкнігі». Такая гнуткая сістэма давала магчымасьць наогул не плаціць за некаторыя выданьні (напрыклад, ідэйна-шкодныя), увесь ганарар прысвоіць ва ўласнасьць дзяржавы. Як пасьля высьветлілася, — для фінансаваньня замежных аддзелаў савецкай выведкі, якая на той час ужо мела праблемы з грашыма. Аўтары атрымлівалі так званыя чэкі, што атаварваліся ў спэцкрамах з ласкавым назовам «Бярозка». Людзі старэйшага пакаленьня памятаюць тыя сарамліва схаваныя дзе-небудзь у завулках крамкі ды іх загадкавыя вітрыны, упрыгожаныя турыстычнымі плякатамі з выявамі расейскіх прыгажунь у какошніках. Там і сапраўды было што купіць, каб толькі болей было тых чэкаў. Але ж аўтары замежных выданьняў атрымлівалі іх на сьмех сабачы — 60 рублёў за кнігу, і гэта быў яшчэ добры ганарар. А то плацілі па 40, 20 і нават па 10 рублёў за выданьне. I ўсё тое — паводле закону, скардзіцца на які не было прынята. Вялікі «законьнік» Багамолаў судзіўся з пэўнымі арганізацыямі ў Маскве і высудзіў 15 рублёў-чэкаў за пульхны раман, выдадзены ў Чэхаславаччыне.
Зрэшты, што да выдавецкай практыкі некаторых сацкраін, дык тая часам ішла на парушэньне савецкіх законаў — кнігі выдаваліся без афіцыйнай дамовы, амаль пірацкім спосабам. Затое ў выпадку прыезду аўтара ў краіну да моманту выхаду кнігі яму плацілі ганарар толькі з утрыманьнем унутранага падатку. Але тая практыка хутка была забароненая. За «парушэньне правілаў валютных апэрацыяў» каралі строга. Спадчыньнікі нобелеўскага ляўрэата Б. Пастарнака апынуліся ў турме за тое, што адважыліся атрымаць нейкія грошы, якія належалі нябожчыку. Iншых прасьледавалі па лініі барацьбы супраць валютчыкаў-фарцоўшчыкаў…
У мяне ў Парыжы рыхтавалася да выхаду ці ня трэцяя кніга прозы, і знаёмая супрацоўніца выдавецтва Люся Катала прыслала выдавецкае запрашэньне. Узяўся афармляць дакумэнты на паездку — аб’ектыўкі, характарыстыкі, анкеты-візы, даведку аб стане здароўя. Паводле прыватнай дамоўленасьці з выдавецтвам меўся прыехаць у першай дэкадзе кастрычніка, якраз да моманту выхаду кнігі, каб пасьпець атрымаць ганарар. Iмкнуўся ўсё зрабіць упару, і прыехаў у Парыж, як дамовіліся. У аэрапорце Дэ Голь мяне спаткала клапатлівая Люся (дарэчы, наша зямлячка з Бабруйску), на аўтамабілі павезла ў Лацінскі квартал, дзе быў замоўлены гатэль. Па дарозе паведаміла «прыемную» навіну: учора ў выдавецтва прыехаў парыжскі ўпаўнаважаны «Саюзкнігі» і забраў мой ганарар. Рэшту, што мне належыць, я магу атрымаць у Маскве.
Усё стала зразумела. Тыдзень майго гасьцяваньня ў Парыжы меўся абысьціся кішэннымі франкамі, якія прэзэнтавала выдавецтва. Тры тысячы ганарару пайшло на фінансаваньне мілай выведкі, што і «суцешыла» аўтара. Мабыць, спачуваючы маёй фінансавай няўдачы, выдавецтва імкнулася кампэнсаваць яе адмысловым клопатам — павяло ў знакамітую «Ратонду», дзе частавала марскімі вожыкамі. А ўвечары за мной у гатэль заехаў Яфім Эткінд, павёз на кватэру да Катала, дзе адбылася прыязная гутарка са славутымі эмігрантамі Віктарам Някрасавым, Андрэем Сіняўскім і Марыяй Васільеўнай Розанавай. Сіняўскі пачуваўся даволі бадзёра і, як калісьці Камю, на ўсё і ўсім казаў НЕ, што трохі мяне зьдзівіла. Віктар Платонавіч выглядаў кепска, жыць яму засталося няшмат.