Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
У Франкфурце на Одэры падхапілі яшчэ адну пасажырку, маю зямлячку Людмілу Корбут, якая чакала Крыстафа. З таго часу яна надоўга стала маёю з жонкаю сяброўкай. Жыла ў Бэрліне, добра валодала нямецкай, хадзіла з намі ў эміграцыйнае ведамства, памагала пісаць розныя анкеты. Затым прыязджала да нас у Віперсдорф, дзе мы жылі, у Копенік. У самой лёс склаўся ня надта шчасьліва, але яна ахвотна памагала іншым. Як і яе нямецкі сябра Крыстаф — наш агульны найлепшы таварыш.
Крыстаф Хойбнэр адзін ці з групай валанцёраў пасьля доўга і рэгулярна прыязджаў у Менск, трэба была гасьцініца, зь якой у нас заўсёды ўзьнікалі праблемы. Клапаціліся мы з Анатолем Кудраўцом, які пад той час надрукаваў у «Нёмане» некалькі вершаў Хойбнэра, часам хадайнічалі праз Ваніцкага, а то замаўлялі самі. Налета Хойбнэр запрасіў нас на нейкія імпрэзы ў Бэрлін, а то і ў іншыя гарады ФРГ. Там мы выступалі на малітоўных сходах эвангелістаў, давалі інтэрв’ю газэтам. Спатыкаліся і з палітыкамі, дэпутатамі бундэстагу. Двойчы я меў гутарку зь цяперашнім міністрам абароны, а тады проста дэпутатам спадаром Шарфінгам, а другі раз былі на прыёме ў прэм’ера зямлі Ніжняя Саксонія спадара Шродэра. Усе яны цікавіліся справамі Беларусі ды імкнуліся ёй памагчы.
Патрэба ў нямецкай дапамозе стала дужа канкрэтнай, як у Кудраўца ад наступстваў Чарнобыля захварэла ўнучка. У яе лячэньні памагла Хельга Сібаі, якая пазнаёміла дзеда з уплывовым чалавекам у Нямеччыне, і шасьцігадовая дзяўчынка з маці паехала ў гарадок Iсьні (зямля Альгой). Здаецца, тое дапамагло, хаця і няхутка.
У час наглых візытаў у Нямеччыну наш мілы гід Крыстаф Хойбнэр імкнуўся паказаць нам розныя бакі нямецкага (заходняга, буржуазнага) жыцьця. I ў культурніцкай сфэры, і ў побыце. Мы з Кудраўцом толькі глядзелі і маўчалі. Часам скупа абменьваліся захапленьнем пасьля ў гатэлі. Адказаць Крыстафу тым жа па нашай радзіме пры ягоных наведаньнях Беларусі мы не наважыліся — баяліся шакаваць яго кантрастам. Тады здавалася — правільна рабілі, бо невядома, як бы ён паставіўся да таго кантрасту.
А разам і да нас таксама.
Хаця, як пасьля выявілася, ён ведаў пра нас ня меней за нас. Але як чалавек далікатны нідзе і нічым ня даў нам зразумець таго…
Некалькі разоў нас з Кудраўцом клікалі на кірхентагі, якія рэгулярна ладзіла эвангелічная царква. Хойбнэр вазіў нас у Дортмунд, Гамбург, Франкфурт — цераз увесь захад Нямеччыны. Неяк напрыканцы існаваньня ўсходненямецкай дзяржавы кажа: «Ці вы ня хочаце выпіць гэдээраўскага піва?». Мы, вядома, хацелі, але як? Яшчэ стаяла славутая Бэрлінская сьцяна, пры ёй была пільная варта. Тады Крыстаф павёз нас у Ванзэе, дзе ў зарасьніку на старых могілках была вузкая праломіна ў сьцяне. Мы праціснуліся празь яе і апынуліся на ўскраіне ўсходненямецкага дорфу, знайшлі на вуліцы мясцовы гаштэт, дзе і выпілі па куфлю ўсходненямецкага піва за заходненямецкія маркі. А як выбраліся назад, на той жа сьцяне напісалі флямастэрам:
«Тут былі два беларусы і адзін немец». Паставілі дату і ўтрох расьпісаліся. Той знак нямецка-беларускага сяброўства, мабыць, пабурылі ўжо, і заходнія немцы піць піва ў тую вёску езьдзяць на сваіх «фольксвагенах». Што ж, у час добры!
101. Зноў мова. Кулік
Пасяліўшыся на Танкавай, не адразу пазнаёміўся з суседзямі. Мінуў нейкі час, пакуль дазнаўся, хто жыве побач, на адной пляцоўцы. Вышэй на паверхах былі мастакоўскія майстэрні, але хто там гаспадарыў, я ня ведаў. Мае старыя знаёмцы-мастакі жылі ў іншых месцах — пераважна ў новым доме па вуліцы Сурганава. Таму трохі падзівіўся, як аднойчы пачуў у тэлефоне запрашэньне зайсьці ў пэўны нумар на дванаццатым паверсе.
Там была майстэрня мастака-графіка Яўгена Куліка, якога я часам сустракаў на падворку. Вечна самотны, хваравіта згорблены, ён нетаропка ішоў з крамы ці ў краму, ветліва вітаўся і ўсё. Размовы між намі не ўзьнікала. А тут ён гасьцінна запрасіў сесьці за стол, сказаў, што ёсьць справа. Апроч яго ў майстэрні быў Мікола Купава, яшчэ хтось незнаёмы. Яны мне паведамілі, што мастакі падрыхтавалі ліст у Маскву з нагоды бядотнага стану беларускай мовы і цяпер зьбіраюць подпісы. Я бегла прачытаў той ліст, мабыць, ён быў звычайны. Такіх лістоў цягам стагодзьдзя было напісана нямала, ды ўсё без аніякага знаку. Бо справа зусім ня ў тым, што мова беларусаў сама па сабе гіне. Toe, што яна гіне, партыйнае кіраўніцтва ведала ня горш за беларускіх інтэлігентаў, можа, лепш нават, бо валодала поўным наборам фактаў і лічбаў. Але як да таго адносілася? Калі інтэлігенты плакалі, дык партыйцы радаваліся, бо гэта было якраз тое, чаго ад іх вымагала іх вера, да чаго камуністы імкнуліся. А менавіта, да аканчальнай перамогі камунізму ў паасобна ўзятай краіне з адзінай мовай, адзінай верай і адзіным кіраўніцтвам ленінскага ЦК на чале… Важна было хіба захаваць лінгвацыд у сакрэце, не парушыць стану псыхалягічнай камфортнасьці высокага кіраўніцтва ў гэтым пытаньні. А тут нейкая жменька мастакоў і пісьменьнікаў сунуцца са сваім лістом…