Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 148 149 150 151 152 153 154 155 156 ... 229
Перейти на страницу:

У Тэрні давялося прысутнічаць на адкрыцьці беларускай мастацкай выставы, то было ўвогуле сорамнае відовішча. Тузін старадаўніх (40–50-я гг.) карцінаў на тэмы ўздыму льнотрасты ці заключэньня дамовы аб сацспаборніцтве, партрэтаў перадавікоў вытворчасьці, разьвешаных у невялічкай зальцы, рабілі гнятлівае ўражаньне на рэдкіх наведвальнікаў. Сапраўды, паказваць тое ў краіне высокага клясычнага мастацтва было для арганізатараў выставы вялікай саманадзейнасьцю, мабыць, і яны разумелі тое. Пасьля яе закрыцьця ўсе экспанаты былі безгаспадарча пакінуты, ніхто імі не апекаваўся. Назад на радзіму іх прывёз усё той жа Джорджыо — паводле ўласнай ініцыятывы і за свой кошт.

Сьвяточнай нядзеляй паехалі ў Флярэнцыю, то была, мабыць, самая незабыўная мая паездка. Я ўбачыў сапраўдную статую Давіда на плошчы перад саборам, у якім калісьці спатыкаліся героі несьмяротнага Дантэ, а ў знакамітай галерэі Уфіцы цяжка было стрымаць сьлёзы перад палотнамі Сандра Бацічэлі, якія я памятаў з рэпрадукцый пары сумнага майго юнацтва. У невялічкай утульнай траторыі выпілі па пары бакалаў к’янці, якое тады палюбілася мне на ўсё жыцьцё. Джорджыо паслугоўваўся намі і за шафёра, і за гіда, і за клапатлівага гаспадара. У асобе гэтага італьянца мы набылі тады вернага і шматгадовага сябра. Ці ня кожны год пасьля ён прыяжджаў у Менск — то са спартоўцамі, то з турыстамі, то зь ветэранамі-партызанамі, а то як дарадца італьянскай фірмы па рэканструкцыі аўтадарогі Брэст — Масква. Я дапамог яму наладзіць супрацоўніцтва з Таварыствам дружбы, і Арсен Ваніцкі заўсёды з радасьцю прымаў яго за філіжанкай кавы. З Антановічам ягоныя адносіны ня надта ладзіліся, увесь час нашага гасьцяваньня ў Iталіі яны аб чымсьці спрачаліся. Джорджыо належаў да італьянскіх камуністаў, а Антановіч, як вядома, да савецкіх, — мабыць, у тым і палягаў канфлікт паміж імі. Усё ж італьянскія камуністы былі іншай пароды, чым нашы, савецкія.

Джорджыо стараўся падтрымаць мяне эканамічна ў пару, як у нас разгулялася палітыка-эканамічная крыза, ня стала ні гарэлкі, ні харчу. Аднойчы патэлефанаваў з Менскага матэлю, кажа: прыяжджай па гасьцінец. Толькі на аўтамабілі. Я паехаў, усё думаючы, які то гасьцінец, што па яго трэба ехаць на аўтамабілі? Аказалася, то была цэлая скрынка к’янці, схаваная ў Джорджыо пад сядзеньнем ягонага мікрааўтобуса. Я зьдзівіўся: як жа ты тое прывёз? Джорджыо толькі ўсьміхаецца: «Iтальяно — буно кантрабандысто!». Што ж, дзякуй табе, вопытны кантрабандысто, мы доўга ўспаміналі цябе, п’ючы зь сябрамі тваё цудоўнае к’янці.

Аднойчы і я яго выручыў у сілу маёй магчымасьці. Ён лічыць, што нават вельмі.

Рэч у тым, што ягоны падлетак-сын трапіў у матацыклетную аварыю і зламаў нагу. Iтальянскія лекары зрасьцілі яе, але нага аказалася карацейшаю за здаровую. Патрэбна была новая апэрацыя, якую пагадзіўся зрабіць знакаміты доктар Елізараў з Кургану. Джорджыо павёз сына туды, дзе нікога ня меў знаёмага, ня ведаў мовы і пачуваўся дужа бездапаможна. У дадатак яго абрабавалі. Бяз грошай і без дакумантаў ён апынуўся ў міліцыі і тады ўспомніў пра Менск і Быкава. I вось позна ноччу на маёй кватэры раздаецца званок з далёкага Кургану, палкоўнік міліцыі пытаецца, ці я ёсьць пісьменьнік Быкаў, пра якога ён нядаўна чытаў у газэтах. А пасьля пытаецца, ці ведаю я італьянца з прозьвішчам Бергаміні, які затрыманы ў Кургане? Вядома ж, я найлепшым чынам атэставаў міліцыі майго малашчасьлівага сябра, які нейкім чынам нарэшце выблытаўся з свайго незайздроснага становішча. Апэрацыю сыну зрабілі ўдала, я за тое асабіста падзякаваў доктару Елізараву, а Стэфано неўзабаве спрытна танчыў на ўласным вясельлі.

Як я ўжо казаў, Джорджыо шмат разоў наведваў Беларусь і кожны раз бываў у маёй кватэры на Танкавай. Аднойчы — зь сям’ёй: жонкай Аннай і дачкой Сімонай, некалькі разоў прывозіў сваіх сяброў з Тэрні і ветэранаў з Паліна. Натуральна, ён таксама запрашаў мяне зь Iрынай у Iталію — адпачыць і пакупацца ў Адрыятыцы, дзе Анна мела жыльлё. Мы былі ўдзячныя нашаму міламу італьянцу, але не паехалі. Не паехалі і тады, як я атрымаў узнагароду ад прэзыдэнта Iталіі, а таксама прэмію сьв. Валяньціна. Нялоўка было выступаць у ролі беднага родзіча, які спадзяецца на ласку гаспадара. Тым болей, што і гаспадар быў ня зь ліку багацеяў… Госьць, амаль як заўсёды, быў бедны і імкнуўся хаця не згубіць рэшту гонару — тое апошняе, што ён яшчэ крыху меў.

103. Літзаробкі. Парыж

Зь сярэдзіны 80-х гадоў мае кнігі даволі часта выдаваліся ў Саюзе; у Беларусі крыху радзей. Ганарары ў рублях былі стандартныя, можа быць, мне як ляўрэату трохі падвышаныя. Так, за кнігу прозы старонак на 500 можна было купіць «Жыгулі». Iншая справа, што купіць шмат што не было магчымасьці, усе папулярныя або каштоўныя тавары вольна не прадаваліся. Трэба было хадайнічаць перад уладамі (пераважна — партыйнымі) або мець блат у гандлёвых структурах. Праўда, Саюз пісьменьнікаў у гэтых адносінах меў пэўныя прывілеі, прыкладам, на аўтамабілі ці пыжыкавыя шапкі, і шырока карыстаўся імі. Грошы ў грамадзтве, арганізаваным паводле плянава-разьмеркавальнага прынцыпу, мелі другасны характар. Але прыватнаўласьніцкія патрэбы людзей упарта не хацелі лічыцца з тым і існавалі незалежна ад дзяржаўных устанаўленьняў. Раптоўна ўспыхнуў бум на кніжкі (бы ў прадчуваньні хуткага разьвітаньня з кніжнай цывілізацыяй), вартую кнігу нельга было набыць бяз блату, падпісацца на клясыкаў — таксама. Заходнія інтэлектуалы тады зайздросьцілі нам, бо ў Эўропе прэстыж літаратуры даўно ўжо ўпаў, уступіўшы аўдыёвізуальным атрыбутам культуры, кніга ўвачавідкі губляла духоўную ды інфармацыйную каштоўнасьць.

1 ... 148 149 150 151 152 153 154 155 156 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)