Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Люсіна сяброўка Iрына Сакалагорская назаўтра звазіла мяне ў Барбізон, улюбёную вёску постімпрэсіяністаў, а таксама на славутыя могілкі Сен-Жэнеўеў дэ-Бавуа, якія да канца дня забясьпечылі мой пэсымізм. Муж Iрыны быў на той час дэканам Сарбоны, і ён арганізаваў мне лекцыювыступ ва Усходнім унівэрсытэце, дзе вывучаліся ўсе мовы Савецкага Саюзу, апроч беларускай. Я папытаўся, чаму так? Адказалі, што няма зацікаўленьня: тую мову ніхто ў Парыжы ня ведае. Вось гэта сюрпрыз! Але чаму ж сюрпрыз? — думаў я. Чаму яе павінны ведаць у Парыжы, калі ня хочуць ведаць у Менску?
Дыктат Масквы ў галіне яе выдавецкай палітыкі распаўсюджваўся далёка і дасягаў драбніцаў. Аднойчы мы былі з дэлегацыяй Саюзу пісьменьнікаў у Сафіі і меліся атрымаць там нейкі ганарар. З выплатай яго балгары доўга цягнулі і толькі ў апошні дзень паклікалі нас у бухгалтэрыю. Там, нібы між іншым, паказалі атрыманую з Масквы тэлеграму, дзе значылася, колькі каму з нашых аўтараў належала заплаціць у працэнтах. Сыракомскаму — 60, Ахмадулінай — 90, Вазьнясенскаму — 75, Быкаву — 15. Чаму так — было незразумела. Высьветлілася толькі тады, як атрымалі грошы — усім прыкладна па 200 леваў, — незалежна ад жанру і памеру публікацыяў. У тым была сьвятая сацыялістычная справядлівасьць, як жартавалі масквічы.
Тады ж у Плоўдзіве са мной здарыўся першы сардэчны прыступ, сталася дужа кепска. Добра, што побач былі сябры. Ратаваў мяне мой аднагодак, славуты паэт Косьця Ваншэнкін, духоўна суцяшала Бэла Ахмадуліна. Зь іх дапамогай неяк выкараскаўся, хоць і давялося паляжаць у балгарскім шпіталі.
104. Аўтамабіль. Ніда
Будаваў у Ждановічах дачу і думаў: буду пісаць! На другім паверсе, у цесным куточку. Між бярозак, што высіліся над дахам, пазіраючы на падворак з ружамі ўнізе.
Але не пісалася мне на дачы. Усё тут шкодзіла — і размовы суседак побач, і брэх сабак, і дзіцячая гамана зь піскам і крыкам. А то яшчэ радыё аднекуль з боку блізкай дарогі. Напрыканцы лета рашыў: паеду ў Ніду. Усе дужа хвалілі — здатнае мейсьцейка на беразе затокі, поруч з жоўтымі дзюнамі.
Пуцёўкі дастаў у літоўскім літфондзе, трэба было здабыць дазвол. Hіда — у памежнай зоне, проста туды не паедзеш. Хтосьці расказваў, як выправіўся без дазволу, дык завярнулі, прывезьлі ў Калінінград, бы парушальніка. Ведама ж, нашыя межы — заўжды на замку. Нават ад саміх сябе.
Па штамп-дазвол давялося хадзіць разы тры. То ня ў тыя гадзіны, то рана, то позна. То начальнік на прафзанятках, то па справах у свайго начальніка. Нарэшце штампы паставіў. Рабіў ён тое з такім шкадаваньнем, бы губляў палову сваёй зарплаты.
На гэты раз ехаў на сваёй «волзе» з Рыгорам Барадуліным, што сеў поруч, ды Iрынай на заднім сядзеньні. Рыгор быў дужа рады, што вырваўся нарэшце з апрыклага Менску, што наперадзе вольны месяц, калі можна папісаць вершы — ня ўрыўкамі, а як мае быць. Цяпер ён штось распавядаў, сыпаў прымаўкамі, дасьціпнымі слоўцамі, праяўляючы надзвычайную рухавасьць розуму і думкі. То, вядома, ня чыста беларуская рыса, мабыць, часткова латыская, прынятая ў спадчыну ад яго паўлатыша-бацькі. Слухаць яго — насалода, нават калі ён гаворыць экспромтам і не абавязкова вершамі, а вельмі дасьціпнай прозай.
Здаецца, ягоная проза ў той раз мяне падвяла.
Трохі заслуханы ёю, за Ашмянамі пачаў выяжджаць на магістральную дарогу. Быў слотны, туманны ранак, пацелі шыбіны ў аўтамабілі. Пярэдняе шкло ўвесь час цёрлі дворнікі, бакавыя заставаліся матавыя. Перад паваротам налева толькі аднойчы зірнуў управа і павярнуў. I тут жа жахнуўся — поруч, амаль упрыцірку, невядома адкуль вынікла машына, абагнала мяне і рэзка затармазіла. Каб ня ўрэзацца ў яе, я таксама затармазіў, а затым і спыніўся. З машыны выскачыў разьлютаваны кіроўца і накінуўся на мяне, стараючыся выхапіць мяне з салёну. Мае пасажыры, нічога не разумеючы, пачалі крычаць, Рыгор выскачыў на дарогу, Iрына дамагалася ў нападніка — у чым справа? Што мы зрабілі ня так? Я дык ведаў, што зрабіў ня так і чаго заслугоўваў. Добра, што той кіроўца, хоць і ліха ехаў, ды не спудлаваў, а то б пакаціліся абодва пад адкос з дарогі. (Цікава, што на тым скрыжаваньні годам пазьней разьбіўся мой гарадзенскі сябра Барыс Клейн, паўгода хадзіў на мыліцах. Заклятае месца!)
Астатняя дарога выдалася без здарэньняў, хаця мае паджылкі яшчэ доўга дрыжэлі.
З таго вопыту я зразумеў, што небясьпека пільнуе аўтамабіліста ня толькі на дарозе, на вуліцы, але можа быць і ўнутры аўтамабіля. Ведама, ва ўсіх адносінах лепей за ўсё езьдзіць без пасажыраў, калі гэта магчыма. Гродзенскі мастак Пушкоў пагадзіўся падвезьці суседа, ды перакуліўся каля Друскенікаў, і змушаны быў некалькі гадоў плаціць таму — за прычыненую інваліднасьць.