Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
І погляд І. Бабкова, з часавай адлегласцю ад Ф. Яфімава ў чвэрць стагоддзя: «Пачатак – спроба паэзіі ў мове міту. Усё – на разрыве, усё – экспэрымэнт. Усё спрабуе абаперціся на «новае», на суб’ектыўнае права творцы «усё закрэсьліць і потым нанава пачаць6» [13, с. 56 – 57].
Гэткая дыяметнальная адрознасць ацэнак двух даследчыкаў палягае, верагодна, у нястачы неабходных узораў разанаўскіх вершаў для першага і арыентацыі на больш буйны паэтычны пласт для другога. Ф. Яфімаў бачыць у Разанаве-пачаткоўцы трывалага традыцыяніста, а І. Бабкоў акрэслівае творы кнігі «Адраджэнне» як суцэльнае эксперыментатарства. Пяройдзем да самога верша. Тое, чаго з аб’ектыўных прычын не заўважае Ф. Яфімаў, з пэўнай катэгарычнасцю трактуе І. Бабкоў і, зрэшты, што напалохала ўкладальнікаў першага зборніка, на самой справе мае досыць кволыя парасткі і існуе ў вершы «Эксперымент» (1967) толькі як намёк, частковая дэманстрацыя затоенага патэнцыялу.
У вершы «апяваецца» даволі традыцыйная для савецкай паэзіі тэма – навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Экспрыментальнасцю паэтычнай, хаця і даволі тэндэнцыйнай, можна назваць лесвічны перанос слова «эксперыментатары» ў пачатку твора (непераўзыйденым па колькасці падобных графічных эксперыментаў з’яўляецца У. Маякоўскі, што доўгі час было аб’ектам эпігонства ў савецкай паэзіі):
З глыбінь,
як лава з кратэра,
вырвецца распад.
Экс-
перы-
мен-
та-
та-
ры
не ідуць назад [93, с. 9].
І падобны ж прыём далей: «Агні / дажджы / і здані». У скарыстанні лесвічных пераносаў разам з няроўным рытмам А. Разанаў, відавочна, сугучны паэтыцы «грымеўшых» у тыя часы А. Вазнясенскага і Я. Еўтушэнкі. Сярод беларускіх паэтаў найбольш блізкімі А. Разанаву таго часу ўяўляюцца Рыгор Барадулін (зборнік «Лінія перамены дат», 1969 г.), Мікола Купрэеў (зборнік «Непазбежнасць» 1967 г. [60]) і Алесь Наўроцкі (зборнік «Гарачы снег» 1968 г. [77]), а таксама рускі паэт Юрый Кузняцоў.
Такім чынам, эксперыментатарства ў вершы не мае наўпроставага дачынення да словатворчасці. Але слова вымаўлена. Нездарма лірычны герой прылічае сябе да ліку тых самых эксперыментатараў, што «вызваляюць святло», і таму асобныя радкі верша ўспрымаюцца надзвычай алегарычна: «Загінем – не загінем, / бадай, не ў гэтым сэнс…/ Работу, / што пакінем, / наступны данясе» [92, с. 10]. У гэтым звароце да наступнікаў (яшчэ адна тыпова разанаўская рыса) можна заўважыць і намёк на пэўную творчую абмежаванасць, звязанасць рук, – маўляў, мы толькі выпрабоўваем на трываласць сцены (каноны традыцыйнай паэтыкі), пракладаем шлях для наступных пакаленняў.
У рэцэнзіі на кнігу «Назаўжды» Паўла Марціновіча «Слова ў пошуку» – яшчэ адзін штрых да разумення кантэксту – ад імя меркаванага чытача даводзіцца, што верш «Эксперымент» «не пераконвае», а вышэйпрацытаваная страфа ўспрымаецца літаральна і каментуецца наступным чынам: «Няўжо і сапраўды пытанне – жыць ці загінуць? – не мае для паэта ніякага сэнсу? Ці зразумелі б мы тады карэнні нашай самаахвярнасці і яе веліч?» [74, с. 166]. Вядома, слова крытыка, якое ў цяперашні час дэвальвуецца (як і слова паэта), на той час важыла шмат. «Кампетэнтны» крытык разам з арміяй рэдактараў і «худсаветаў» вызначаў вартасць і прыдатнасць да друку таго ці іншага літаратурнага твора. Крытык мусіў вышукваць хібы, даваць парады аўтару, асабліва пачаткоўцу. Сам жа факт з’яўлення рэцэнзіі ў «Маладосці» азначаў калі не прызнанне, то свайго роду афіцыйную індульгенцыю для яе, у нашым выпадку амаль апальнага, аўтара.
Але вернемся да тэксту. Для фізіка эксперымент каштоўны сам па сабе, незалежна ад выніка. Адмоўны вынік – таксама вынік, крок наперад. Значэнне мае сам працэс, шлях. А для «лірыка»? Вядома ж, таксама! Паэт пакуль толькі адкрывае далягляды, намацвае свой шлях, не будучы яшчэ пэўным у яго слушнасці. Але ўжо ёсць галоўнае – унутраны стрыжань, разуменне важкасці сваёй працы («работу, што пакінем, наступны данясе»). Выдыхнуўшы «Жыве эксперымент!», Разанаў выпраўляецца ў шлях, ад пачатку нацэлены на адкрыццё, якое адбываецца як у галіне развіцця рытміка-інтанацыйнай сістэмы, гэтак і ў пашырэнні кола праблематыкі, скіраванасці да новага, інтуітыўна-метафізічнага асэнсавання рэчаіснасці.