Захоп Беларусі марсіянамі
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Захоп Беларусі марсіянамі». Краткое содержание книги:
Падзея неяк натхніла палачанаў на мары і розныя патрыятычныя мроі. Зьявілася нават чутка, што неўзабаве зьнясуць дзевяціпавярховік з «вушамі» — так гэты гмах празвалі палачане, — а на яго месцы адбудуюць ранейшы сабор Сьвятога Стэфана. Чутка гэтая цыркулявала нядоўга. Спачатку ў краіне пачаліся эканамічныя праблемы, а затым і палітычныя. Таму неўпрыкмет мроць пра Стэфана перасталі.
Але сама ідэя пераўтварэньня чагосьці ў нешта Крокве спадабалася. Ён нават пачаў разважаць, што яшчэ можна пераўтварыць.
Перадусім, непатрэбнае ў патрэбнае. Непатрэбным хутка стаў былы Дом афіцэраў. Нейкі час гэтую гламаздаватую будыніну, якая б не згубілася на любой цэнтральнай плошчы ў Менску, а нават і ў Маскве, перадалі ў арэнду прыватнаму ўнівэрсытэту. Нейкі час былі ў Беларусі і такія. Арандантары, на колькі ў іх хапіла сродкаў, касмэтычна адрамантавалі фасад, але будынак усярэдзіне ўсё адно прыходзіў у заняпад. Ды і выкарыстоўвалі яго часткова — толькі асобныя пакоі, якія пераабсталявалі ў лекцыйныя аўдыторыі. А неўзабаве той прыватны ўнівэрсытэт зьнік, бо ў краіне проста забаранілі падобныя ВНУ. Нейкі час вялізны дом з рымскімі калёнамі стаяў без дагляду. Новым гаспадаром спадчыны савецкай арміі стала мясцовая музычная школа, якая месьцілася побач. Гэты гаспадар быў увогуле жабрачым, бо ўтрымліваўся на сьціплым гарадзкім бюджэце. Пасьля чаго пачаў разбураццца і фасад будынка-монстра.
Неўзабаве ўзьнікла пагалоска, што з Дома афіцэраў плануюць зрабіць археалягічны музэй. Гэта было б абсалютна слушным рашэньнем. Але, як і са Стэфанам, культурна-патрыятычнае мрояньне хутка перапынілася. Па-першае, пераладаваць такі вялізны будынак, зрабіўшы зь яго музэй, патрабавала вялізных грошай. А дзяржаўныя сродкі былі ўжо змарнаваныя ўрадам на ўзьвядзеньне па ўсёй краіне лядовых палацаў, якія зьявіліся нават у невялікіх райцэнтрах і цяпер жэрлі на сваё ўтрыманьне ці не палову раённых бюджэтаў. Хутка, відаць, раённыя ўлады пачнуць разважаць — у што б такое пераўтварыць гэтыя «ненажэрныя» спаруды. Па-другое, якімі-такімі шматлікімі экспанатамі можна было б запоўніць залі такога вялізнага археалягічнага музэя, тут, бадай, хапіла б месца для невялікай эгіпецкай піраміды. Нават калі б усе фонды Полацкага музея-запаведніка, да апошніх чарапкоў і кавалкаў плінфы, выставіць у вітрынах такога музэя, то гэтых гістарычных артэфактаў папросту не хапіла б заставіць патэнцыйныя выставачныя плошчы. Такі праект патрабаваў бы вельмі сур'ёзнай і багатай калекцыі, якой ня меў абрабаваны Полацак. Сёньня нават за сто даляраў ён ня мог сабе дазволіць купіць што-кольвечы цікавае і патрэбнае ў свае зборы. Большасьць каштоўных археалягічных знаходак, якія былі адшуканыя падчас раскопак у Полацку маскоўскімі і ленінградскімі археолягамі, апынуліся ў фондах музэяў Масквы і Ленінграда. Вярнуць іх законным гаспадарам ужо было немагчыма.
«Мець такі музэй — гэта нязбытная мара, — разважаў Кроква. — А калі б яшчэ там быў Полацкі летапіс, кнігі, выдадзеныя Францішкам Скарынам, кнігі Сімяона Полацкага, артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак Барысаглебскага манастыра ў Бельчыцах і з першых раскопак побач з Сафійскім саборам... Гэта быў бы археалягічны і гістарычны музэй Беларусі № 1».
«А вось калі б яшчэ трапіць у полацкія лябірынты, — працягваў свае разважаньні Васіль, — то музэй сапраўды б атрымаўся».
Рэдактар паклікаў Дудара да сябе. Алесь асабліва не быў заняты працай, адразу зайшоў у суседні кабінэт. Насупроць яго, на тым самым венскім крэсьле, на якім некалі сядзеў сам Алесь, круціўся сухенькі дзядок са ставерскай барадой. Ён увесь час памыкаўся нешта сказаць, але рэдактар яго перабіваў і паўтараў: «Подожите одну минутку.»
Затым рэдактар узьняў вочы ад нейкай паперчыны, якую ўважліва чытаў, і, ужо зьвяртаючыся да Дудара, сказаў:
— Алесь, дорогой, выслушай нашего чита-теля. Хочет нам что-то интересное рассказать. У меня нет времени.
І затым, зьвяртаючыся ўжо да наведніка, адрэкамедаваў свайго калегу:
— Это белорусский писатель Алесь Дударь. Думаю, вам как раз лучше свою историю рас-сказать ему. Он вас внимательно выслушает, а если будет такая необходимость, напишет про это материал.
Наведнік, кланяючыся, выйшаў з кабінэту рэдактара і пайшоў сьледам за Алесем. У пакоі, дзе працаваў Дудар, ён стаў насупроць стала і неяк няўцямна, нібыта гукі блыталіся ў ягонай барадзе, пачаў хутка гаварыць: