Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Найперш СП Беларусі вылучыў «Знак бяды» на Ленінскую прэмію. Таму найбольш пасадзейнічала прыватная ініцыятыва Ніла Гілевіча, які нядаўна стаў першым сакратаром Саюзу (пасьля шматгадовага сакратарства Iвана Шамякіна). Раней такога кшталту вылучэньне было немагчыма, бо Iван Пятровіч, набыўшы тузін ордэнаў за літаратуру, ня мог яшчэ дамагчыся сабе Ленінскай прэміі. Такім чынам Быкава вылучылі як бы ў абыход законнай чаргі. Масква не аспрэчвала, мабыць, меркавала — хай дзеля прыліку ў немалым сьпісе намінантаў пабудзе і адзін беларус. Ды раптам на тайным галасаваньні ў камітэце па прэміях бальшыню галасоў якраз набраў ён. Як пасьля распавялі, той вынік схіліў на мой бок выдатны і паважаны расейскі музыка Георгі Сьвірыдаў, які сказаў прыкладна гэтак: «Я люблю расейскую культуру і расейскую літаратуру, але яшчэ больш — ісьціну. А ў дадзеным выпадку ісьціна ў тым, што аповесьць „Знак бяды“ ёсьць лепшая сярод іншых».
Toe ўсё і вырашыла. Ляўрэатам стаў Быкаў.
99. Юбілей. Тураў
Прэмія — хай сабе, так ці інакш яна апраўдана канкрэтным учынкам, плёнам аўтарскіх высілкаў. Трохі іначай выглядаюць іншыя ганараваньні, узаконеныя за дзесяцігодзьдзі савецкай улады — усе і ўсялякія ўзнагароды, колькасьць якіх пад канец царства Леаніда Iльліча пераваліла за сотню. На кожным прадпрыемстве, ва ўстанове, нават у калгace цяжка было знайсьці працаўніка, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам, тым болей мэдалём. Iншыя іх мелі тузіны — ад міністраў да даярак. З таго ліку не былі выключэньнем і пісьменьнікі. У шаноўнага Максіма Танка толькі ордэнаў Леніна было болей, чым у маршала Конева, і трохі меней, чым у маршала Жукава. Хоць Яўген Iванавіч, як пісаў Карпюк, за вайну ні разу ня стрэліў.
У мой 60-гадовы юбілей прыйшла вестка пра прысваеньне мне званьня Героя сацыялістычнай працы.
Па-праўдзе кажучы, таго я ніяк не чакаў, узнагароджаньне мяне напачатку зьдзівіла, а пасьля засмуціла. Iнстынктыўна я адчуў, што карысьці з таго будзе няшмат, а клопату хопіць, і як бы ня стала бяды. Увогуле недалёка ад таго ўсё і атрымалася.
Сябры, аднак, былі іншага меркаваньня: адны шчыра радаваліся, ішыя былі задаволеныя (усё ж лепш, чым каму іншаму), некаторыя і пазайздросьцілі — не без таго. Усё, як у людзей. Тою ўзнагародаю я быў прыроўнены да маіх калегаў Iвана Шамякіна, Максіма Танка, Петруся Броўкі. Да доўгага шэрагу пранырлівых старшыняў калгасаў, прабіўных дырэктараў прадпрыемстваў-скрынак, перадавых мэханізатараў і даярак. Было б, аднак, разумней, калі б тую ўзнагароду атрымаў той, хто яе дужа дамагаўся, або той, хто быў болей варты, чым я, болей плённы ў літаратуры. Мне думалася, што тое ганараваньне не па заслугах. Праўда, сябры і жонка казалі, што тое — за талент. Але я не адчуваў за сабой такога таленту — талент у мяне калі і быў, дык інакшы, далёка не апалягетычны ў адносінах да рэжыму. I рэжым ведаў пра гэта.
Але, мабыць, рэч у тым, што мяняўся час, — нязграбна, непаваротліва, ды саступаў месца новаму — новым людзям і новай палітыцы. Першым сакратаром ЦК КПБ стаў Сьлюнькоў. У Маскве ўсё большую сілу набіраў малады, пэрспектыўны Гарбачоў, які фактычна і браўся кіраваць дзяржавай. Як я дазнаўся пасьля, у час нейкага мерапрыемства Сьлюнькоў папытаўся ў Гарбачова наконт яго думкі, калі б даць Быкаву героя, і той пагадзіўся. Усё вырашалася апэратыўна, але, як заўжды, да пары, да часу таемна.
Толькі падпісаўшы ўказ, Грамыкапрыслаў віншаваньне маладзёну-герою.
Недзе пад той час у мяне адбылася гутарка са Сьлюньковым.
Здаецца, першы сакратар ЦК КПБ меў час і быў у добрым гуморы. Папытаўся пра літаратуру і літаратараў, як яны сябе пачуваюць у зьменлівых, складаных умовах сучаснасьці. Я коратка адказваў. Увогуле я іх паважаў, яны заслугоўвалі таго. Ці шмат знойдзецца ў сьвеце літаратараў, якія працуюць у варунках моўнага вакууму, калі побач не чутно ні слова па-беларуску, родная мова захавалася толькі як рудымэнт і рызыкуе хутка стаць рарытэтам — як санскрыт ці лаціна. А беларускія літаратары пішуць — раманы і паэмы, лірыку і эпіку — усё на роднай беларускай мове. Хаця выдаваць з кожным годам трудней. Гаспадар рэспублікі ўвогуле не пярэчыў. Перад ім на стале ляжаў ладны стос нейкіх кніжак, якія пад канец гаворкі ён ціха пасунуў да мяне. «Во — Ніл Гілевіч, за два гады дзесяць кніжак!» — «Што ж, чалавек піша, ну і друкуюць, тое ж ня крадзенае». — «Але ж іншых столькі не друкуюць?…» Тут ужо я ня ведаў, што адказаць, — стаяць за ўраўнілаўку ці што? Але пасьля з гутаркі стала зразумела, што пад Саюз пісьменьнікаў даўно і настойліва капае загадчык аддзелу прапаганды ЦК Савелій Паўлаў. Пройдзе яшчэ нейкі час, і Ніл Гілевіч арганізуе яго прыём у Саюз. Хіба, каб улагодзіць варажнечу гэтага чалавека да сябе і нацыянальнай літаратуры?