Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
З уласнага вопыту засвоiў простую iсьцiну: калi ты сам сабе не паможаш, дык не паможа нiхто. Так ужо быў заснаваны i функцыянаваў наш славуты савецкi аўтасэрвiс, зь якiм я, як i шмат якiя «аўтааматары», паймеў нямала адносiнаў. Тыя адносiны не прыносiлi нiчога, апроч расчараваньня i прыкрасьцi. Калi ня горш. Генэрал Сульянаў паставiў на колькi хвiлiнаў сваю «волгу» каля менскага басэйну, i яна зьнiкла. Доўга шукалi, хадзiў да мiнiстра, наймаў экстрасэнса. Вопытныя людзi спыталi: машыну рамантаваў? Ключы аддаваў? Во ў тых i шукайце… Дужа падобна на праўду, — той аўтасэрвiс ужо тады быў бандыцкi. Але каб даць сабе рады, для пачатку трэба хоць штосьцi ведаць. Парады дабрахотаў-дарадцаў можна слухаць заўсёды, але не заўсёды iм верыць. Лепей за ўсё — лiтаратура. I з усяго яе тэхнiчнага мноства, набытага мной, самая надзейная — яна ж i самая элемэнтарная — iнструкцыя, што прыкладваецца да машыны. Там ёсьць калi ня ўсё, дык самае неабходнае. У «Аўтасэрвiсе» няма i таго. У слаўны лiтоўскi Дом творчасьцi Нiды трэба было ехаць цераз Клайпеду, пасьля на пароме да прычалу Куршскай касы. За гушчаром хвойнiкаў здалёк бялелi пясчаныя горы-дзюны. На ўскраiне ладнага пасёлачку кучкавалася некалькi мадэрновых дамовак з масiўным франтонам сталовай. Далей над хвойнiкам высiўся паласаты слуп марскога маяка. То i была знакамiтая Нiда. Там я пiсаў «У тумане». Рыгорка ў будынку насупраць чытаў Платонава i пiсаў вершы. Увечары мы спатыкалiся i пешаходнай дарожкай iшлi ўнiз да берагу мора. Удзень наўзбоч той дарожкi ў траве Iрына зьбiрала рыжыкi, салiла на закусь. Закусь была цудоўная! Шкада, Рыгор даўно ўжо ня браў — набраўся ў свой час на жыцьцё. Ён быў упэўнены, што паэт, якi не прайшоў алкагольнае загартоўкi, кепскi паэт. Таму ёсьць безьлiч прыкладаў i самы красамоўны — сучасная беларуская паэзiя, якая — дрэнь. I ўсё таму, што паэты ня п’юць. Паўступалi ў партыю i баяцца атрымаць вымову. А з тым страхам якая ж можа быць паэзiя? То была сьвятая праўда. З усiх знаёмых цьвярэзьнiкаў мы паважалi толькi аднаго (i то не паэта) Алеся Адамовiча, якi тым ня менш цьвёрда i ня раз абяцаў пачаць пiць. Ды не сабраўся — заела палiтыка. А то жыў бы i дасюль.
Сюжэт «Туману» быў гатовы даўно. Iдэя чалавечай безвыходнасьцi нязрушна сядзела ў маёй сьвядомасьцi i час ад часу дамагалася рэалiзацыi. Некаторыя казалi: пэсымiзм, фаталiзм, розныя iншыя ўпаднiцкiя ўплывы. Можа, i так. Але колькi ў людзкiм жыцьцi здараецца канфлiктаў — з сабой цi з грамадзтвам, якiя разьвязаць немагчыма. Не паддаюцца нiякiм разумным высiлкам. I ня толькi ў сытуацыi, калi дабро супрацьстаiць злу. Але i тады, як пiсаў Гегель, калi канфлiкт ляжыць у адносiнах правага з правым. Toe ўжо трагедыя. Як паглядзець, дык усё чалавечае жыцьцё — трагедыя, бо ўсе пачуваюцца правымi. Нiхто ня лiчыць сябе вiнаватым.
Рыгор дужа хвалiў Платонава, я ж чытаў яго без ахвоты. Дужа ненатуральна, нязвыклая мова, зь вялiкiм нацiскам на паталёгiю характараў. З тае прычыны мне шмат што не падабаецца ў Дастаеўскага. Мабыць, я ўсё ж у большай ступенi рамантык, чым некаторым здаецца. Калi не ў сваiх творах, дык у сваiх чытацкiх прыхiльнасьцях. Дон Кiхот — во мая кнiга. Хаця тая прыхiльнасьць у мяне зь дзяцiнства, але ж усе мы — зь дзяцiнства. Не з унiвэрсытэту ж. Для Рыгора жыць — гэта пiсаць вершы. Гаварыць вершамi i думаць таксама вершамi. Таго нiякая сiла ня можа яго пазбавiць. I яшчэ жарсьцi. Грышкавы жарсьцi — рухавiк ягонай паэзii. Людзей ён дзелiць на дзьве катэгорыi — чорных i белых. Можа, i спрошчана, але затое дакладна. Цi так, цi гэтак. Вядома ж, тое не хрысьцiянскi — цалкам паганскi прынцып. Але натуральнаму чалавеку — Рыгору падабаецца паганства. Здаецца, пасьля ўсiх перажытых намi мiтрэнг ён мае рацыю.
Я сядзеў на дачы i замест таго, каб палiваць свае ружы, пiсаў нейкi артыкул. Апошнiм часам здорава даймалi газэты i часопiсы, зрэдчас радыё i тэле, — усiм спатрэбiлiся артыкулы наконт перабудовы. Мабыць, прафэсiяналаў-перабудоўшчыкаў бракавала, i яны ўспомнiлi аматара Быкава. Нядаўна яшчэ пазьбягалi ўспамiнаць маё iмя, цяпер жа напрамiлы Бог прасiлi: напiшы хоць што-небудзь. Я i пiсаў, а яны рэдагавалi, было, што i дапiсвалi i перапiсвалi так, як iм было трэба. Колькi разоў я даваў зарок не пiсаць, але яны былi квалiфiкаваныя прафэсiяналы i ўмелi дамагчыся свайго. I Быкаў чарговы раз змушаны быў пiсаць. У такi час прыйшла наша мiлая суседка Валянцiна Мiкалаеўна Мiльто, сказала, што ўчора адбылася нейкая катастрофа на Украiне, Захад дужа ўстрывожаны. Катастрофаў у нас заўсёды хапала, хаця пра iх i не паведамлялi, каб не псаваць настрой працоўных, не выклiкаць панiкi. I я не трывожыўся — працягваў сваю пiсанiну. Але ўсё ж весткаў пра бяду болела, штось перадало Бi-Бi-Сi. Надвячоркам стала вядома, што сапраўды сталася катастрофа — выбухнуў рэактар у Чарнобылi. Але тое — на Украiне, чаго нам баяцца?