Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Доўга з Масквы не было нiякага адказу, затым абодвух падпiсантаў нечакана паклiкаў Кузьмiн. Ён зачытаў нам частку паперы, што атрымаў з апарату ЦК. Там паведамлялася, што з нагоды скаргi двух лiтаратараў у ЦК КПСС праведзена старанная праверка дзейнасьцi тав. Сеўрука В. Н. i што нiводзiн факт, прыведзены ў iхнiм лiсьце, не пацьвердзiўся. Дырэктары выдавецтваў i рэдактары часопiсаў паказалi, што тав. Сеўрук не ажыцьцяўляў у адносiнах да iх нiякага дыктату, што патрабаваньнi да пiсацеля Адамовiча былi зроблены па iх асабiстай iнiцыятыве. У заключэньне сакратару ЦК КПБ загадвалася прыняць меры ўзьдзеяньня да двух беларускiх паклёпнiкаў, якiя дапусьцiлi неадэкватныя выпады супраць адказнага работнiка ЦК КПСС. Адамовiч слухаў усё тое, i ягоны твар браўся чырвонымi плямамi, я ж адчуваў зласьлiвую радасьць за сябра — будзеш ведаць, як скардзiцца! Прачытаўшы, Кузьмiн таксама заўсьмiхаўся — ну што мне з вамi рабiць? Былi б члены партыi — паставiў бы пытаньне аб выключэньнi, а так… Перадам у прафсаюзную арганiзацыю, сказаў ён i шчыра засьмяяўся. Мы сумна засьмяялiся разам.
Ня ведаю, цi пiсаў што яшчэ Адамовiч у ЦК, я на тую гiсторыю амаль забыўся. Але як бы то нi было, Сеўрук усё ж вылецеў з ЦК i апынуўся… намесьнiкам галоўнага ў «Известиях». Пасьля працаваў яшчэ недзе, аж покуль ня стаў давераным дарадцам прэзыдэнта РБ. З чым абодвум — нашае зь нябожчыкам [Алесем Адамовічам] віншаваньне!
У краiне пачало адбывацца штось незвычайнае, немагчымае нiколi раней. Шмат якiя газэты, нават маскоўская «Правда», пiсалi аб неабходнасьцi перабудовы, беспэрспэктыў насьцi савецкай эканомiкi. Я надрукаваў некалькi артыкулаў у «Известиях» (шчыраваньнем Матукоўскага), у «Зьвязьдзе» i нават у «Советской Белоруссии». Галоўным чынам наконт нашага нядаўняга мiнулага. «Комсомольская правда» зьмясьцiла мой артыкул у абарону духоўных каштоўнасьцяў. То быў адказ на публiкацыю вядомага ваяўнiчага бязбожнiка, прафэсара Крывялёва. Цяпер бы я такi артыкул не пiсаў, але што зробiш, упушчанага ня вернеш. Тады здавалася, што рэлiгiя будзе на баку дэмакратыi, бо Хрыстос па сутнасьцi быў дэмакратам. Аднак сталася iнакш. Праз дужа кароткi час праваслаўная царква i камунiсты даволi гарманiчна паядналiся — галоўным чынам на еднасьцi iмпэрыялiстычнай iдэi, што прычынiлася да разбурэньня рэлiгiйных iлюзiяў у постсавецкiм грамадзтве.
Старая савецкая iдэалёгiя ўпарта не хацела саступаць са сваiх пазыцыяў. Калi Элем Клiмаў зьняў па сцэнару Адамовiча неблагi фiльм пра партызанку, чыноўнiкi ад кiнематографу рэзка супрацiвiлiся. Зьняты ў Беларусi, ён, натуральна, ня мог абысьцi ўвагу беларускага кiраўнiцтва, i калi фiльм неяк падтрымлiваў Кузьмiн, дык рэзка супраць выступаў аддзел культуры ЦК. Аднойчы менавiта Кузьмiн арганiзаваў абмеркаваньне фiльму грамадзкасьцю, для чаго былi запрошаны партызаны, ветэраны, некаторыя пiсьменьнiкi. Мы з Сульянавым выступiлi ў падтрымку фiльму, Антановiч — супроць, i з таго часу рэзка разышоўся з Адамовiчам.
Toe разыходжаньне не было нечаканасьцю для абодвух. Супраць Адамовiча на тым часе стварылася пэўная апазыцыя ў Беларусi, асаблiва сярод маладых нацыяналаў. Прычына таго была простая — Адамовiч сваю прозу пiсаў парасейску, хаця лiтаратуразнаўства i крытыку — па-беларуску. Аднойчы ён зьмясьцiў (здаецца, у «ЛiМе») дыскусiйны артыкул пра неабходнасьць падвышэньня iнтэлектуальнай вартасьцi беларускай прозы, якая, на думку аўтара, празьмерна ўпадабала грэцца каля нацыянальнага «цяпельца». Toe выклiкала гарачае незадавальненьне маладых, падагрэтае пэўнымi людзьмi з ЦК. Урэшце i кiраўнiк Саюзу пiсьменьнiкаў Ніл Гілевіч стаў у шэраг працiўнiкаў Адамовiча, што стала для апошняга зусiм нясьцерпным i падрыхтавала ягоны ад’езд у Маскву. Там яго абралi дырэктарам iнстытуту кiнамастацтва. Шмат хто ўзрадаваўся ад’езду, мне ж стала дужа сiратлiва бяз Сашы. Хаця ён i званiў з Масквы, коратка пiсаў, зрэдку прыяжджаў у Менск, дзе заставалася ягоная сям’я — жонка Вера i дачка Наташа. Але ўжо было пэўна, што ў Менск ён ня вернецца — на вялiкi жаль ягоных сяброў, якiя яго вельмi любiлi. Некалi звычайна маўклiвы Навум Кiсьлiк сказаў пра Сашу: «Калi б ён пiў, яму б цаны не было». Гэта была вышэйшая адзнака Адамовiчу ад пiтной кампанii. Але ў Менску яму даўно стала цесна i душна, зрэшты, таксама як i ў Маскве, адкуль ён аднойчы ўжо ўцякаў менавiта ў Менск. Мабыць, чалавеку гэткага сумленьня i таленту нiдзе няма месца на сьвеце. У Менску ён прабыў столькi гадоў толькi дзякуючы падтрымцы Кузьмiна, якога насуперак шмат чаму цанiў i нават любiў. Здаецца, тое было ўзаемна. Галоўным рэдактарам «ЛiМу» тады быў Анатоль Вярцiнскi, ён намагаўся рабiць газэту пiсьменьнiкаў актыўным барацьбiтом за перабудову, надрукаваў шэраг сьмелых i глыбокiх артыкулаў пра палiтыку i асаблiва пра стан беларускай мовы. Аднойчы ён пазванiў мне i папрасiў пра адну паслугу. Рэч была ў тым, што два аўтары — Зянон Пазьняк i Леанiд Шмыгалёў — прынесьлi яму артыкул пра знойдзеныя пад Менскам пахаваньнi ахвяраў НКВД 30-х гадоў. Каб надрукаваць артыкул, трэба «паплавок» — кароценькая прадмова кагось з аўтарытэтных аўтараў, якога ён бачыць у асобе Быкава. Зь Зянонам Пазьняком я ня быў знаёмы, ведаў толькi, што ён пiша кнiжкi па краязнаўстве i ёсьць аўтарам вельмi добрага артыкулу пра мову, надрукаванага ў эстонскiм часопiсе «Радуга». У той жа дзень Пазьняк пазванiў мне, i мы спаткалiся каля знакамiтай у Менску турмы — Пішчалаўскага замку. Пазьняк выглядаў старэйшым за свае няпоўныя пяцьдзясят гадоў, быў стрыманы i ветлiвы, перадаў мне рукапiс артыкулу, якi я прачытаў дома i напiсаў кароценькую ўрэзку. Прадбачачы, вядома, якi вэрхал паднiмецца пасьля публiкацыi. Так яно i сталася. Але ў адрозьненьне ад мiнулых часоў цяпер i другi бок мог пастаяць за ўласныя прынцыпы. А прынцыпы гэтыя былi наскрозь выкрывальнiцкiя ў адносiнах да нядаўняга чэкiсцкага мiнулага. Публiкацыю «ЛiМу» падхапiлi некаторыя расейскiя СМI, польская «Газэта выборча», а затым iншыя замежныя газэты. Урад Беларусi быў змушаны неяк рэагаваць i стварыў камiсiю па расьсьледаваньнi, маючы надзею неяк усё ўтаiць. У тую камiсiю ўвайшлi высокiя ўрадоўцы, генэральны пракурор, старшыня КДБ, некаторыя дэпутаты-пiсьменьнiкi i мастакi. Старшынёй была прызначана Нiна Мазай, вiцэ-прэм’ер ураду. Вырашылi ўсё пачаць з пошуку дакумэнтаў у КДБ. Але старшыня КДБ генэрал Шыркоўскi, у кабiнэце якога мы сабралiся, з гаркатой паведамiў, што нiчога няма. Усё пагарэла ў вайну, панiшчана нямецка-фашыстоўскiмi захопнiкамi. З сваiх рук ён паказаў некалькi папкаў асабiстых справаў, там сапраўды нiчога нельга было зразумець. Калi расстралялi, дык было невядома, дзе i хто? Пасьля шрыфтовага надпiсу энкавэдыста стаяла чарнiльная закаручка, зь якой немагчыма было прачытаць прозьвiшча. Умелi шыфраваць, нiчога ня скажаш… Затое на месцы ямаў за кальцавой дарогай справа выглядала iначай. Група салдатаў раскопвала курганкi i ямкi. Раскопвалi паводле ўсiх правiлаў археалёгii, кiраваў сам Пазьняк, перацiраючы ў пальцах кожны драбок зямлi, усё абмерваў i замалёўваў. Вельмi хутка набралася груда касьцей, прастрэленых у патылiцу чарапоў, рэшткаў абутку, асабiстых рэчаў, шмат гiльзаў ад наганаў. Другая група людзей абышла навакольныя вёскi, сабрала сьведчаньнi пра тое, як тут у 30-я гады прывозiлi зь Менску людзей i стралялi. Пыталiся: ну а ў вайну цi стралялi тут каго немцы? Адказ быў аднолькавы: у вайну тут нiкога не расстрэльвалi, немцы стралялi ў iншым месцы — у Трасьцянцы. (Тое, аднак, не перашкодзiла iншай камiсii, створанай пры Лукашэнку, сьцьвярджаць празь якiх шэсьць гадоў, што тут немцы расстралялi гамбургскiх яўрэяў.) Тады ж афiцыйныя ўлады, у тым лiку i генпракурор са старшынёй КДБ, змушаныя былi прызнаць факт злачынства НКВД. Пра тое яны нават выдалi ў Маскве кнiгу. Увогуле ўсё было дасьледавана i зразумела, камiсiя склала адпаведны акт. Закiнутае ўрочышча на ўскраiне Менску набыло назоў Курапаты i зрабiлася ахвярным сымболем Беларусi.