Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Як я ўжо казаў, Джорджыо шмат разоў наведваў Беларусь i кожны раз бываў у маёй кватэры на Танкавай. Аднойчы — зь сям’ёй: жонкай Аннай i дачкой Сiмонай, некалькi разоў прывозiў сваiх сяброў з Тэрнi i ветэранаў з Палiна. Натуральна, ён таксама запрашаў мяне зь Iрынай у Iталiю — адпачыць i пакупацца ў Адрыятыцы, дзе Анна мела жыльлё. Мы былi ўдзячныя нашаму мiламу iтальянцу, але не паехалi. Не паехалi i тады, як я атрымаў узнагароду ад прэзыдэнта Iталii, а таксама прэмiю сьв. Валяньцiна. Нялоўка было выступаць у ролi беднага родзiча, якi спадзяецца на ласку гаспадара. Тым болей, што i гаспадар быў ня зь лiку багацеяў… Госьць, амаль як заўсёды, быў бедны i iмкнуўся хаця не згубiць рэшту гонару — тое апошняе, што ён яшчэ крыху меў.
Зь сярэдзiны 80-х гадоў мае кнiгi даволi часта выдавалiся ў Саюзе; у Беларусi крыху радзей. Ганарары ў рублях былi стандартныя, можа быць, мне як ляўрэату трохi падвышаныя. Так, за кнiгу прозы старонак на 500 можна было купiць «Жыгулi». Iншая справа, што купiць шмат што не было магчымасьцi, усе папулярныя або каштоўныя тавары вольна не прадавалiся. Трэба было хадайнiчаць перад уладамi (пераважна — партыйнымi) або мець блат у гандлёвых структурах. Праўда, Саюз пiсьменьнiкаў у гэтых адносiнах меў пэўныя прывiлеi, прыкладам, на аўтамабiлi цi пыжыкавыя шапкi, i шырока карыстаўся iмi. Грошы ў грамадзтве, арганiзаваным паводле плянава-разьмеркавальнага прынцыпу, мелi другасны характар. Але прыватна-ўласьнiцкiя патрэбы людзей упарта не хацелi лiчыцца з тым i iснавалi незалежна ад дзяржаўных устанаўленьняў. Раптоўна ўспыхнуў бум на кнiжкi (бы ў прадчуваньнi хуткага разьвiтаньня з кнiжнай цывiлiзацыяй), вартую кнiгу нельга было набыць бяз блату, падпiсацца на клясыкаў — таксама. Заходнiя iнтэлектуалы тады зайздросьцiлi нам, бо ў Эўропе прэстыж лiтаратуры даўно ўжо ўпаў, уступiўшы аўдыёвiзуальным атрыбутам культуры, кнiга ўвачавiдкi губляла духоўную ды iнфармацыйную каштоўнасьць. Але нашы кнiгi яшчэ прадаўжалi выдаваць i на Захадзе. Асаблiва ў сацыялiстычных краiнах. Толькi ў ГДР перакладам на нямецкую мову выйшла паўтара дзясятка маiх кнiг, трохi менш у ФРГ, Францыi, Iталii. Але з ганарарам за тыя выданьнi справа палягала складана. Рэч у тым, што зь нейкага часу выплату ганарараў, як i заключэньне дамоў на выданьне, узяла на сябе дзяржава ў асобе адмыслова для таго створанай арганiзацыi «Саюзкнiга». Былi ўстаноў лены i стаўкi падаткаў з ганарараў, якiя складалi 70 працэнтаў плюс 30 працэнтаў камiсiйных на карысьць «Саюзкнiгi». Такая гнуткая сiстэма давала магчымасьць наогул не плацiць за некаторыя выданьнi (напрыклад, iдэйна-шкодныя), увесь ганарар прысвоiць ва ўласнасьць дзяржавы. Як пасьля высьветлiлася, — для фiнансаваньня замежных аддзелаў савецкай выведкi, якая на той час ужо мела праблемы з грашыма. Аўтары атрымлiвалi так званыя чэкi, што атаварвалiся ў спэцкрамах з ласкавым назовам «Бярозка». Людзi старэйшага пакаленьня памятаюць тыя сарамлiва схаваныя дзе-небудзь у завулках крамкi ды iх загадкавыя вiтрыны, упрыгожаныя турыстычнымi плякатамi з выявамi расейскiх прыгажунь у какошнiках. Там i сапраўды было што купiць, каб толькi болей было тых чэкаў. Але ж аўтары замежных выданьняў атрымлiвалi iх на сьмех сабачы — 60 рублёў за кнiгу, i гэта быў яшчэ добры ганарар. А то плацiлi па 40, 20 i нават па 10 рублёў за выданьне. I ўсё тое — паводле закону, скардзiцца на якi не было прынята. Вялiкi «законьнiк» Багамолаў судзiўся з пэўнымi арганiзацыямi ў Маскве i высудзiў 15 рублёў-чэкаў за пульхны раман, выдадзены ў Чэхаславаччыне. Зрэшты, што да выдавецкай практыкi некаторых сацкраiн, дык тая часам iшла на парушэньне савецкiх законаў — кнiгi выдавалiся без афiцыйнай дамовы, амаль пiрацкiм спосабам. Затое ў выпадку прыезду аўтара ў краiну да моманту выхаду кнiгi яму плацiлi ганарар толькi з утрыманьнем унутранага падатку. Але тая практыка хутка была забароненая. За «парушэньне правiлаў валютных апэрацыяў» каралi строга. Спадчыньнiкi нобелеўскага ляўрэата Б. Пастарнака апынулiся ў турме за тое, што адважылiся атрымаць нейкiя грошы, якiя належалi нябожчыку. Iншых прасьледавалi па лiнii барацьбы супраць валютчыкаў-фарцоўшчыкаў…