Родная мая мясьцiна, мабыць, ня надта тыповая для раўнiннай поўначы Беларусi — дужа зрыты рэльеф, пагоркi i лагчыны, раўкi, балацявiны i азёры. Азёраў дык нават зашмат — палявых i лясных, круглых, крывулястых, часам з голымi, а ў бальшынi з аброслымi трысьнягом берагамi. Ну i, вядома, лясы. Чырвоных бароў, праўда, засталося няшмат[: ], бары высякалi, асаблiва пасьля войнаў — на будоўлю, дровы, на продаж. Палi амаль паўсюль цесныя, лапiкамi на пагорках, нiзiнах, часьцяком парэзаныя раўчукамi з алешнiкам на схiлах. На тых лапiках пад лесам, каля балотаў, па-над рэчкамi цi азёрамi рассыпалiся вёскi — невялiкiя, з крывымi вулiцамi, а то i зусiм бяз вулiцаў, — з дарожкай ад хаты да хаты. Не хутары i ня вёскi, але так, мабыць, было зручней гаспадарыць, бо гаспадарка ахоплiвала хату, хлявы, сьвiран, варыўню, гумно з токам, паветкай i пуняй. Нават невялiкая вёска здалёку рабiла ўражаньне немалой забудоўкi. Цягам часу будынкаў усё менела[: ] гарэла, бурылася, пераносiлася да калгасных падворкаў — абораў ды канюшняў. Менела i людзей. Цяпер у маiх Бычках два дзясяткi самотных хатаў, палова зь якiх стаяць пустыя. У астатнiх дажываюць свой век нямоглыя пэнсiянэры.
Наш падворак у вёсцы быў крайнi, далей — поле i парослы алешнiкам ды ляшчыньнiкам роў. З тым ровам найперш зьвязанае маё маленства; у iм, асаблiва ўлетку, было безьлiч зманлiвага i цiкавага. Там зьлiвалiся дзьве ручаiны, утвараючы вадзяныя запруды на камянях, сьцежку заўжды перакопвалi кратовыя норы, крыху далей, на схiле, зеўрала барсукова нара, а ўнiзе, пад абрывам, бруiла з-пад камянёў крынiчка. Усе даваенныя гады мы бралi зь яе ваду, якую, аднак, ня дужа лёгка было цягаць па крутых сьцежках, асаблiва ўзiмку. Але калодзежу на падворку мы ня мелi, а вада з крынiчкi была дужа добрая — чыстая, заўжды сьцюдзёная i смачная, як казала мацi. У калодзежах такой не бывае.
Над ровам удалечынi вiдаць былi цёмныя купкi ельнiку, то — Гаi, Блiжнiя i Дальнiя, куды дзятва пачынала хадзiць зь Вялiкадня, калi падсыхалi сьцежкi. Там мясьцiўся зусiм ужо iнакшы сьвет — лясны, змрочны i таямнiчы. У Пiлiпаўку чулася, як там выюць ваўкi, хаця адмысловае ваўчынае месца звалася Ваўкоўшчынай, яно было збоч i далей ад Гаёў, за iншым, яшчэ глыбейшым ровам. Увогуле равоў у нас хапала, усе зарослыя хмызьняком, з крутымi, галаваломнымi схiламi.
Пачаў сябе памятаць, можа, гадоў зь пяцi. Першыя мае ўражаньнi ад навакольнага сьвету, аднак, зьвязаныя з возерам.
Мой сябра Валодзя Галавач, старэйшы за мяне на тры цi чатыры гады, аднойчы сказаў: пойдзем на возера. Канешне, гэта было дужа зманлiва, але ж далёка — можа, кiлямэтры два. Для пяцiгадовага то сапраўды цэлы сьвет. Прытым усё самавольна, без дазволу бацькоў. I вось мы пайшлi. Трэба было перайсьцi поле, iльняную нiву, пералезьцi цераз глыбачэзную, страшную аўражыну, узьлезьцi на крутую гару [ — ] і ўжо зь яе бачным рабiлася возера, якое няроўным блiшчастым лапiкам разьлеглася ў лесе. Той бераг таксама гарысты, круты, парослы ельнiкам ды дубамi; а на гэтым — хмызьняк, драбналесьсе. Перад самым возерам такi спрытны беражок зь пясчанай водмельлю, збоч вялiзная крутая гара з дубамi. Казалi, там некалi было паганскае капiшча. I вось я ўпершыню ўбачыў гэткi цуд. Надвор’е было цiхае, летняе, дык той бераг спакойна вiсеў у вадзе ўнiз галавой — i елкi, i дубы. Toe захапляла. Усё самае рамантычнае ў маiм дзяцiнстве зьвязанае менавiта з тым возерам. Пасьля там купалiся, вудзiлi рыбу, лавiлi ракаў, — тыя яшчэ вадзiлiся. Калi трохi падрос, памятаю, хадзiлi ноччу са смаляком. Смаляк запалiш, а яны вакол выпаўзаюць на водмель, нават страшнавата робiцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявiшча на беразе, а ён — цоп за палец, i цягнеш яго. Трохi далей на балоцiстым беразе ў хмызьняку жылi бабры, ладзiлi свае хаткi. Часам можна было бачыць (асаблiва ўвечары), як яны плывуць, што-небудзь цягнучы да свайго жытла.