Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Каб той сымболь неяк адзначыць на месцы, трэба было стварыць помнiк цi хоць бы якi знак. За тое ўзялася адмысловая камiсiя пад кiраўнiцтвам народнага мастака Беларусi В.Шаранговiча. Але спрыяльны для таго час, вiдаць, быў упушчаны, наблiжаўся камунiстычны рэванш. Камiсiя i асаблiва яе старшыня не знайшлi ў сабе волi выбраць зь немалой колькасьцi праэктаў здатны для матэрыяльнага ўвасабленьня i канчаткова завалакiцiлi справу. Нейкi знак там збудавалi паводле iнiцыятывы прэзыдэнта Клiнтана, якога прывёў у Курапаты лiдэр апазыцыi З.Пазьняк. Той знак у выглядзе мармуровай лаўкi неаднойчы спрабавалi разьбiць, пастаўлены грамадзкасьцю крыж валiлi, — рэжым рабiў усё, каб сьцерцi зь людзкой памяцi злачынства бальшавiкоў. Цяпер там пракладваюць шасэйную дарогу, каб тое злачынства назаўжды закацiць пад асфальт.
Але пакуль што iдэя справядлiвасьцi i асуджэньня сталiнскiх рэпрэсiяў была яшчэ моцнай, асаблiва сярод нацыянальнай iнтэлiгенцыi. Паводле iнiцыятывы Зянона Пазьняка было вырашана стварыць адмысловае таварыства — Беларускi мартыралёг з пэрспэктывай ператварэньня яго ў iншую, болей радыкальную арганiзацыю. Пасьля Пазьняк скажа, што пра яе стварэньне, апроч яго, ведалi Дубянецкi i Быкаў, але тое не зусiм так. Кастрычнiцкiм надвячоркам я iшоў у Чырвоны касьцёл, як i шмат хто, для стварэньня Мартыралёгу. Туды ж прыйшлi некаторыя пiсьменьнiкi i мастакi — Максiм Танк, Нiл Гiлевiч, Анатоль Вярцiнскi, Рыгор Барадулiн, Уладзiмер Калесьнiк, Мiхал Дубянецкi i шмат iншых. Аднак i другi бок прыняў свае меры i няблага падрыхтаваўся. Каб заняць месцы ў зале i не дапусьцiць iншых, за гадзiну да пачатку туды папрыходзiла маса кадэбiстаў у штацкiм, сакратары гаркаму, прадстаўнiкi пракуратуры на чале з намесьнiкам генэральнага пракурора Кандрацкiм. Самы першы прыйшоў з ЦК iнструктар Бузук, якi, мяркуючы па ўсiм, меў выразнае заданьне сарваць сход.