Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Доўгая дарога дадому
Доўгая дарога дадому - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Доўгая дарога дадому

Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:

Гэтая кніга — успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцьця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменьнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадзка-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах. В. Быкаў прапануе досьвед культурнага дзеяча, знакамітага пісьменьніка, выказвае думкі адносна будучага разьвіцьця краіны.
1 ... 142 143 144 145 146 147 148 149 150 ... 171
Перейти на страницу:

У мяне ў Парыжы рыхтавалася да выхаду цi ня трэцяя кнiга прозы, i знаёмая супрацоўнiца выдавецтва Люся Катала прыслала выдавецкае запрашэньне. Узяўся афармляць дакумэнты на паездку — аб’ектыўкi, характарыстыкi, анкеты-вiзы, даведку аб стане здароўя. Паводле прыватнай дамоўленасьцi з выдавецтвам меўся прыехаць у першай дэкадзе кастрычнiка, якраз да моманту выхаду кнiгi, каб пасьпець атрымаць ганарар. Iмкнуўся ўсё зрабiць упару, i прыехаў у Парыж, як дамовiлiся. У аэрапорце Дэ Голь мяне спаткала клапатлiвая Люся (дарэчы, наша зямлячка з Бабруйску), на аўтамабiлi павезла ў Лацiнскi квартал, дзе быў замоўлены гатэль. Па дарозе паведамiла «прыемную» навiну: учора ў выдавецтва прыехаў парыжскi ўпаўнаважаны «Саюзкнiгi» i забраў мой ганарар. Рэшту, што мне належыць, я магу атрымаць у Маскве.

Усё стала зразумела. Тыдзень майго гасьцяваньня ў Парыжы меўся абысьцiся кiшэннымi франкамi, якiя прэзэнтавала выдавецтва. Тры тысячы ганарару пайшло на фiнансаваньне мiлай выведкi, што i «суцешыла» аўтара. Мабыць, спачуваючы маёй фiнансавай няўдачы, выдавецтва iмкнулася кампэнсаваць яе адмысловым клопатам — павяло ў знакамiтую «Ратонду», дзе частавала марскiмi вожыкамi. А ўвечары за мной у гатэль заехаў Яфiм Эткiнд, павёз на кватэру да Катала, дзе адбылася прыязная гутарка са славутымi эмiгрантамi Вiктарам Някрасавым, Андрэем Сiняўскiм i Марыяй Васiльеўнай Розанавай. Сiняўскi пачуваўся даволi бадзёра i, як калiсьцi Камю, на ўсё i ўсiм казаў НЕ, што трохi мяне зьдзiвiла. Вiктар Платонавiч выглядаў кепска, жыць яму засталося няшмат. Люсiна сяброўка Iрына Сакалагорская назаўтра звазiла мяне ў Барбiзон, улюбёную вёску постiмпрэсiянiстаў, а таксама на славутыя могiлкi Сен-Жэнеўеў дэ-Бавуа, якiя да канца дня забясьпечылi мой пэсымiзм. Муж Iрыны быў на той час дэканам Сарбоны, i ён арганiзаваў мне лекцыю-ыступ ва Усходнiм унiвэрсытэце, дзе вывучалiся ўсе мовы Савецкага Саюзу, апроч беларускай. Я папытаўся, чаму так? Адказалi, што няма зацiкаўленьня: тую мову нiхто ў Парыжы ня ведае. Вось гэта сюрпрыз! Але чаму ж сюрпрыз? — думаў я. Чаму яе павiнны ведаць у Парыжы, калi ня хочуць ведаць у Менску?

Дыктат Масквы ў галiне яе выдавецкай палiтыкi распаў сюджваўся далёка i дасягаў драбнiцаў. Аднойчы мы былi з дэлегацыяй Саюзу пiсьменьнiкаў у Сафii i мелiся атрымаць там нейкi ганарар. З выплатай яго балгары доўга цягнулi i толькi ў апошнi дзень паклiкалi нас у бухгалтэрыю. Там, нiбы мiж iншым, паказалi атрыманую з Масквы тэлеграму, дзе значылася, колькi каму з нашых аўтараў належала заплацiць у працэнтах. Сыракомскаму — 60, Ахмадулiнай — 90, Вазьнясенскаму — 75, Быкаву — 15. Чаму так — было незразумела. Высьветлiлася толькi тады, як атрымалi грошы — усiм прыкладна па 200 леваў, — незалежна ад жанру i памеру публiкацыяў. У тым была сьвятая сацыялiстычная справядлiвасьць, як жартавалi масквiчы. Тады ж у Плоўдзiве са мной здарыўся першы сардэчны прыступ, сталася дужа кепска. Добра, што побач былi сябры. Ратаваў мяне мой аднагодак, славуты паэт Косьця Ваншэнкiн, духоўна суцяшала Бэла Ахмадулiна. Зь iх дапамогай неяк выкараскаўся, хоць i давялося паляжаць у балгарскiм шпiталi.

Будаваў у Ждановiчах дачу i думаў: буду пiсаць! На другiм паверсе, у цесным куточку. Мiж бярозак, што высiлiся над дахам, пазiраючы на падворак з ружамi ўнiзе. Але не пiсалася мне на дачы. Усё тут шкодзiла — i размовы суседак побач, i брэх сабак, i дзiцячая гамана зь пiскам i крыкам. А то яшчэ радыё аднекуль з боку блiзкай дарогi. Напрыканцы лета рашыў: паеду ў Нiду. Усе дужа хвалiлi — здатнае мейсьцейка на беразе затокi, поруч з жоўтымi дзюнамi.

Пуцёўкi дастаў у лiтоўскiм лiтфондзе, трэба было здабыць дазвол. Hiда — у памежнай зоне, проста туды не паедзеш. Хтосьцi расказваў, як выправiўся без дазволу, дык завярнулi, прывезьлi ў Калiнiнград, бы парушальнiка. Ведама ж, нашыя межы — заўжды на замку. Нават ад самiх сябе.

Па штамп-дазвол давялося хадзiць разы тры. То ня ў тыя гадзiны, то рана, то позна. То начальнiк на прафзанятках, то па справах у свайго начальнiка. Нарэшце штампы паставiў. Рабiў ён тое з такiм шкадаваньнем, бы губляў палову сваёй зарплаты.

На гэты раз ехаў на сваёй «волзе» з Рыгорам Барадулiным, што сеў поруч, ды Iрынай на заднiм сядзеньнi. Рыгор быў дужа рады, што вырваўся нарэшце з апрыклага Менску, што наперадзе вольны месяц, калi можна папiсаць вершы — ня ўрыўкамi, а як мае быць. Цяпер ён штось распавядаў, сыпаў прымаўкамi, дасьцiпнымi слоўцамi, праяўляючы надзвычайную рухавасьць розуму i думкi. То, вядома, ня чыста беларуская рыса, мабыць, часткова латыская, прынятая ў спадчыну ад яго паўлатыша-бацькi. Слухаць яго — насалода, нават калi ён гаворыць экспромтам i не абавязкова вершамi, а вельмi дасьцiпнай прозай. Здаецца, ягоная проза ў той раз мяне падвяла. Трохi заслуханы ёю, за Ашмянамi пачаў выяжджаць на магiстральную дарогу. Быў слотны, туманны ранак, пацелi шыбiны ў аўтамабiлi. Пярэдняе шкло ўвесь час цёрлi дворнiкi, бакавыя заставалiся матавыя. Перад паваротам налева толькi аднойчы зiрнуў управа i павярнуў. I тут жа жахнуўся — поруч, амаль упрыцiрку, невядома адкуль вынiкла машына, абагнала мяне i рэзка затармазiла. Каб ня ўрэзацца ў яе, я таксама затармазiў, а затым i спынiўся. З машыны выскачыў разьлютаваны кiроўца i накiнуўся на мяне, стараючыся выхапiць мяне з салёну. Мае пасажыры, нiчога не разумеючы, пачалi крычаць, Рыгор выскачыў на дарогу, Iрына дамагалася ў нападнiка — у чым справа?

1 ... 142 143 144 145 146 147 148 149 150 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)