Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
У Беларускiм ЦК так i сказалi, калi туды патэлефанаваў хтось з дачных суседзяў. Але неўзабаве на сваю дачу ў пасёлку прыехаў Васiль Барысавiч Несьцярэнка, якi быў дырэктарам ядзернага цэнтру ў Соснах. Ён толькi што прыляцеў з Масквы i першым чынам завiтаў у ЦК бiць вялiкую трывогу, прымаць меры. Радыенуклiды ўжо засыпаюць Беларусь — прыборы рэгiструюць небясьпечныя дозы. Кiраўнiцтва ЦК яго супакойвала — нiчога страшнага. Той, аднак, не сунiмаўся — тузаўся да ўсiх iнстанцыяў, ужо ён разумеў, чым тое пагражала народу. Але што ён мог зрабiць? Што наогул можна было зрабiць? Кузьмiн, якому я патэлефанаваў, сказаў, што трэба ўжываць ёд. Некалькi кропляў ёду на драбок цукру, i ўсё. Болей сродкаў ад атаму мы ня мелi.
Увечары зь Кiславодзку патэлефанаваў Адамовiч, — ён выяжджае. Я жартам сказаў, каб з тым не сьпяшаўся, хай бы захаваўся адзiн зь беларусаў — дзеля чысьцiнi генафонду. Нам ужо ратавацца позна. Тым ня менш Адамовiч прыехаў. Адразу пабег у ЦК, дзе супакоiць яго таксама нiчым не маглi. Хаця перад тым i запэўнiлi Гарбачова, што беларусам чарнобыльскi атам не пагражае. Гарбачоў паставiў iх у прыклад украiнцам, якiя запанiкавалi i прасiлi грошы. Беларусы нiчога не прасiлi. Тады Адамовiч спаткаўся зь Несьцярэнкам i дазнаўся ад яго, што насамрэч нашыя справы — дрэнь. Галоўнае, няма прыбораў, каб мераць ступень паразы, няма нiякiх iншых сродкаў. Адамовiч паiмчаў у Маскву, да Гарбачова — ратаваць беларускую нацыю. Гарбачоў быў у стане вялiкай трывогi i разгубленасьцi — каму верыць? Партыйнаму кiраўнiцтву, якое маўчала, вучоным, што захоўвалi зайздросную вытрымку, цi «панiкёру» Адамовiчу? Усё ж ён паверыў дылетанту Адамовiчу, якому ўдалося празь яго выбiць нейкую колькасьць дазiметраў. Генсек адчуў нутром, чыя праўда i хто яго ашуквае. Зрэшты, мабыць, i самому Гарбачову хацелася ашукацца, калi б была магчымасьць.
На выхадныя, калi нi ў Маскве, нi ў Менску нiкога з начальства нельга было знайсьцi, Адамовiч прыехаў дадому. У гарадзкiх умовах спаткацца было немагчыма, нашы кватэры даўно i шчыльна праслухоўвалiся, i мы дамовiлiся махнуць на прыроду. Паехалi ў бок Iвянца, на Iслач, ля рачнога беражку паставiлi машыну. Пакуль жонкi Iрына i Вера ладзiлi закусь, паволi пайшлi мiж дрэваў. Саша пачуваўся дужа заклапочаны, нават падаўлены тым, што нядаў на адбылося. А галоўнае — замшэлай глухатой кiраўнiцтва, якое дбала пра адно: каб як мага далей ад народу схаваць небясьпеку. Каб ён цiха сядзеў i памалу, неўпрыкмет канаў, не трывожачы начальства. Мы тады мала што ведалi, але пра небясьпеку радыяцыi Адамовiч ужо начуўся ў Маскве. Ды й наш Несьцярэнка нямала пра тое паведамiў.
Акадэмiк Лягасаў распавёў болей за iншых, бо, мабыць, лепей за iншых ведаў, што гэта такое — чарнобыльскi выбух. Хутка атамныя электрастанцыi будуць выбухаць адна за адной, сказаў ён — Курская, Смаленская, Ленiнградзкая… Паратунку ад таго пры гэтай сыстэме акадэмiк ня бачыў i, мабыць, з тае прычыны празь нейкi час скончыў жыцьцё самагубствам. Адамовiч быў вельмi ўстрывожаны i сказаў, што надышоў час, калi трэба званiць ва ўсе званы — ратаваць чалавецтва. Да таго шэраг гадоў ён бiў у званы — ратаваў сьвет ад ракетна-ядзернага шаленства, цяпер надышла чарга рабiць тое ад «мiрнага» атаму. Мы павiнны як мага болей выступаць у друку, па тэлевiзii, проста гаварыць зь людзьмi, даводзiць, што iм нарыхтавала савецкае кiраўнiцтва на чале з выпрабаваным ленiнскiм авангардам. Гарбачоў, падобна, пачынае што-нiшто разумець, але ён адзiн, да таго ж абкружаны шчыльнай чэкiсцкай сьцяной, для якой не iснуе нiчога, апроч iхняй звыродлiвай iдэi — улады на грунце марксызму-ленiнiзму. Дзеля яе чысьцiнi i нязрушнасьцi яны гатовы ахвяраваць чалавецтвам. Тады ж Саша распавёў мне, як па сканчэньнi ўнiвэрсытэту яго вербавалi ў сэксоты i як ён выкручваўся. А нядаўна дазнаўся, што вярбоўка выпускнiкоў была зусiм ня выбарачнай, як пра тое гаварылi вербаўшчыкi (мы вас паважаем i толькi вам прапануем i г. д.), а спрэс i ўсiх, — каб кожнага мець у сваёй кiшэнi. З разьлiкам на ягоную кар’еру, удачу, непрадбачаныя абставiны, калi завербаваць будзе болей складана. Агенты-сэксоты ўсюды патрэбныя, менавiта яны, а зусiм ня члены партыi ёсьць галоўнае апiрышча рэжыму. Мабыць, сапраўды ўсе камунiсты — патэнцыяльныя цi сапраўдныя сэксоты, хаця, зразумела, ня ўсе сэксоты — камунiсты, нямала там i беспартыйных. То ёсьць згуртаваны i разгалiнаваны сакрэтны клан, якi пераўзыходзiць усе вядомыя ў гiсторыi кланы, у тым лiку i масонскi. Калгасьнiк з паляводчай брыгады такi ж сэксот з клiчкай, як i мiнiстар або прафэсар, i змушаны аднолькава верна служыць свайму куму, якому падпарадкаваны да сьмерцi. Бясьпека разводу не дае, слушна заўважыў калiсьцi Сакрат Яновiч.