Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 140 141 142 143 144 145 146 147 148 ... 229
Перейти на страницу:

У часопіс «Дружба народов», куды я аддаў уласнаручна зроблены пераклад, тэрмінова паклікалі аўтара. Рэдактар Сяргей Барузьдзін выказаў агульныя прэтэнзіі, але дэталізаваць іх ня стаў — дужа сьпяшаўся на нейкую нараду (вядома ж, у ЦК). Сказаў, што астатняе давядзе намесьнік Леанід Тэракапян. Тэракапян даводзіў ня надта катэгарычна, затое падрабязна і доказна. (Ну, канешне, былі перагібы, парушэньні, але калектывізацыя была патрэбная, бо раздробленая прыватнаўласьніцкая сельская гаспадарка ня здольна была… і г. д.) Што-нішто давялося закрэсьліць, апусьціць ці замяніць на банальнасьці. Але я ўжо ведаў, што калі на першым этапе рэдагаваньня ў чым-небудзь саступіш (во тут усяго тры-чатыры месцы), дык у наступным тых месцаў будзе ўжо пяць-восем, а затым і дзесяць — пятнаццаць. Калі ў Галоўліце. Увогуле так яно ў мяне і атрымалася. Каб канчаткова ўсё падчысьціць, з рэдакцыі ў Менск быў камандзіраваны вопытны літаратурны праўшчык, зь якім мы чысьцілі аповесьць у чатыры рукі. Мелася на ўвазе праўка стылю, хаця да стылю справы было меней за ўсё — чапляла палітыка. Прытым палітыка мінулага дня, нават мінулых дзесяцігодзьдзяў, якая ўпарта не хацела сыходзіць з жыцьця. А што, калі твор назваць раманам? — прыйшла мне ў галаву недарэчная думка, на якую мой праўшчык адказаў проста: «Тады зь ім прыйдзецца вазіцца ўдвая болей, бо іншы жанр». Такое было афіцыйна-навуковае вызначэньне жанру, і я падумаў: хай ён ужо застаецца ў жанры аповесьці.

А ў выдавецтве «Молодая гвардия», дзе яго меліся выдаць асобнаю кніжкай, атрымалася і яшчэ горш. Ужо добра вычышчаную за папярэднія публікацыі аповесьць раптам завярнуў Галоўліт. Мяркуючы па ўсім, сакрэт таго палягаў у тым, што Галоўлітам стаў курыраваць мой стары «сябра» Уладзімір Сеўрук, які з кожным годам усё набываў вагу ў апараце ЦК. Відаць, зь ягонай падачы аповесьць трапіла на стол да «второго лица в государстве», якім тады стаў сакратар ЦК Лігачоў. Як вядома, новая мятла заўжды мяце чыста, у дадзеным выпадку разам зь сельскай гаспадаркай падмятала і літаратуру. У выдавецтве ўсчаўся скандал, загадчыцу аддзелу Зою Яхантаву накіравалі ў Менск — уламваць аўтара. Добрая гэта жанчына прыехала на Танкавую і распавяла пра сваю праблему. Увогуле трэба было няшмат: «Снять вот здесь, здесь и здесь. А также, если можно, отсюда и досюда» і г. д. Я шчыра хацеў дапамагчы ўвогуле слаўнай жанчыне (якой да таго ж хутка на пэнсію), бо ведама ж, што кожны рэдактар — той жа сапёр. Аднойчы памыліўся, і ўсё прапала. Я крэсьліў, выкідваў, але лёгіка твору пратэставала, даводзілася аднаўляць, мы спрачаліся. У рэшце рэшт вытруцілі надта канфліктную сцэну раскулачваньня, яшчэ нешта. Цэнзары, канешне, выдатна адчувалі, дзе быў «знак бяды», і дужа імкнуліся, каб таго ня сьцяміў чытач. Каб усё схаваць у строга засакрэчаных фондах, выкрасьліўшы з літаратуры. Але не ў іх моцы было выкрэсьліць тое з жыцьця, бо, як казалі антычныя грэкі, — нават багі ня могуць перайначыць былое. Былое вышэй за жывое, яно ўжо непадуладнае нікому.

Бальшавікі, аднак, дужа імкнуліся падначаліць сабе мінулае.

98. Высокая прэмія

Тое самае ў яшчэ болей драматычнай форме праявілася, як М. Пташук зьняў паводле аповесьці аднайменны фільм. Сьпярша быццам усё ішло добра, амаль прымальна, наколькі тады мог быць прымальным савецкі фільм. Пташук неяк умудрыўся здаць яго без вялікіх стратаў, карціну адправілі ў Кіеў на кінафабрыку рабіць копіі для пракату. Здымачная трупа была распушчаная, фінансаваньне спыненае. I тады Пташука тэрмінова выклікае загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ Iван Iванавіч Антановіч, а разам і аўтара аповесьці. Антановіч даволі нэрвова пачынае даводзіць, што фільм трэба тэрмінова перарабляць. Пташук упарціцца — няма як і няма каму. Антановіч амаль у роспачы — вы разумееце, то ўказаньне «второго лица в государстве»… — «А я не магу і ня буду…» — «Тады вам не працаваць на кінастудыі». — «Ну што ж, маю правы, пайду баранку круціць». Доўга Антановіч уламваў Пташука, апеляваў да аўтара. Але трэба аддаць належнае гэтаму рэжысэру — той стаяў, бы скала.

Тым часам у Маскве насьпелі новыя падзеі, «второе лицо в государстве» перастала ім быць, Антановіч зьехаў зь Беларусі на падвышэньне, — стала не да карціны Пташука і Быкава. На гарызоньце замаячыла вялікая для КПСС пагроза ў асобах Гарбачова і Ельцына. Пэўна, што зьяўленьне на краявідзе аднаго, а затым і другога, таксама як і разумнага Аляксандра Якаўлева, пачало зьмякчаць культурны клімат у краіне. Зьмяняліся і адносіны да нядаўніх дысыдэнтаў. Я ня быў дысыдэнтам у дакладным азначэньні гэтага слова, але таксама адчуў, што нешта мяняецца.

1 ... 140 141 142 143 144 145 146 147 148 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)