За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Да яго прыезду бурмістрам была падрыхтавана ілюмінацыя: увечары, у прысутнасці гасцей, у цёмным небе ўспыхвалі цэлыя карціны, пасля якіх кожны раз з'яўляўся вензель «Ä», абкружаны, як вялікая камета, іскрамі i букетамі агнёў. Госці апладзіравалі. Сярод маладых магнатаў стаяў уладар суседняга замка ў Міры, Юры Ільініч, i захоплена глядзеў на дзівосы ў небе.
Куды меней увагі ўдзяліла шляхта ўласна друкарні. Пахадзілі, паглядзелі на рабочых у хвартухах, на станкі i набор літар, паслухалі пастара, які доўга i нудна гаварыў аб Рэфармацыі i асвяшчаў першыя друкаваныя лісты, пасля заспяшаліся на вячэру.
Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, малады кампазітар Тамаш Сакалоўскі i Марцін пасля ўрачыстай вячэры ў старым замку яшчэ некаторы час гулялі на вуліцах Нясвіжа.
— Катэхізіс выйдзе праз месяц,— казаў Будны.— Але адных такіх кніг мала. Трэба выдаваць азбукі, ноты, зборнікі песень. Здавён слаўная беларуская мова, але нашы магнаты ўсё часцей захапляюцца іншаземным. Нават маленькі Мікалай, сын старэйшага Радзівіла, гаворыць толькі на латыні — нягледзячы на тое, што бацька падтрымлівае кнігі на тутэйшай мове.
Лаўрэн Крышкоўскі прасіў Тамаша Сакалоўскага, каб той падумаў пра новыя несні, якія можна даваць дзецям у школу.
— Я ўжо падумаў,— спакойна сказаў Тамаш.— Мы з панам Сымонам нават назву прыдумалі для зборніка — «Канцыянал».
I яны горача заспрачаліся пра тое, якія песні трэба ўключаць у зборнік. На гулкіх вулачках гучалі імёны Мікалая Рэя, Анджэя Пшэцескага, Соф'і Аляснінкай. Тамаш нават спрабаваў спяваць некаторыя з ix песень. Варта, што хадзіла па горадзе, з зайздрасцю глядзела на маладых людзей, неахвотна ішла далей, дзе сярод драўляных домоў мяшчан i рамеснікаў лавіла то п'янага, які ляжаў на вуліцы ў абдымку з гарнцам, то падлеткаў, якія спрабавалі разводзіць які агеньчык за гумнамі. Над драўляным замкам стаяла чырванаватае ззянне ад мноства свечак, якія гарэлі ў пакоях, чуліся гукі музыкі.
— А як глядзеў на цябе малады Юры Ільініч! — успомніў Мацей,— Як на халопа, чамусьці ўзвышанага лесам. Ніяк не прывыкнуць нашы паны да таго, што знатнасць не дае розуму, таленту. Гэта — ад неба. Здаецца, што-што, а неба яны павінны баяцца...
— Нічога — ні неба, ні бога не баяцца яны! — горача ўсклікнуў Тамаш.— Калі я з вучнямі скончыў спяваць i сеў за стол, пані Хруцкая зласліва запытала, што я буду рабіць, як страну голас. На тое я адказаў, што, пакуль не страну i галаву, неяк пракармлюся.
— А ты што маўчыш, Марціне?— запытаўся раптам Сымон Будны.
— А я чамусьці ўспомніў легенду пра Чорную Даму, якая ў нас вельмі папулярная,— адказаў Марцін.
— Не чуў! — з цікавасцю сказаў Будны.
Астатнія голасна загаманілі. Легенду тую ведалі ўсе, але ўгаварылі Марціна расказаць пра яе яшчэ раз.
Цёплая майская ноч з пахам старых ліп i маладых клейкіх лістоў таполі плыла над Нясвіжам, з плёскатам неслася рачулка Уша, уздоўж якой яны ішлі.
I Марцін пачаў расказваць пра тое, што нібыта кароль Сігізмунд Аўгуст, якога мучыла туга па прыгажуні Барбары, прыехаў сюды разам з панам Твардоўскім, чараўніком i чарнакніжнікам.
— Чаму сюды? — перабіў Будны.
I ўсе напярэймы адзін перад адным сталі тлумачыць, што душа чалавечая найчасцей прыходзіць туды, дзе ёй было добра.
— Тады хай бы Барбара ішла ў Вільню — там яна стала каралевай,— зноў не ўтрымаўся ад яхіднай рэплікі Сымон.
I ўсё ж ён з задавальненнем слухаў далейшае: Твардоўскі, трымаючы ў руках чароўнае люстра, на якім быў выразаны нартрэт нябожчыцы, стаў заклікаць Люцыпара, Вельзевула i іншых князёў Цемры адпусціць каралеву. I яна нарэшце з'явілася — акурат такая, як па зваротным баку люстра: у белай сукенцы, з букетам руж у руцэ. I была такою жывою i чароўнай, што кароль забыўся на ўсё: кінуўся да яе i нават ужо схапіў за рукі. Але ў тую ж хвіліну раздаўся выбух, i ўсё зацягнула дымам.
— Нячыстая сіла не любіць, канешне, калі яе мацаюць рукамі, — упаўголаса дадаў Сымон Будны, але Марцін працягваў расказваць.
I на імгненне ўсім здалося, што на ліпавай алеі, дзе яны крочылі, узнікла цёмная постаць жанчыны. Узнікла — i растварылася ўдалечыні.
Марцін змоўк. Запанавала цішыня. I толькі Сымон, відаць, не паддаўся элегічнаму настрою. Востры, цвярозы яго розум нібы рассякаў, прэпарыраваў рэчы навокал.
— Калі яна была ў белым, то чаму ж стала прыходзіць нанова ўжо толькі ў чорным? — зноў запытаўся ён, але на гэты раз ніхто не адказаў.
A Марцін сказаў сабе, што ён цяпер абавязкова паедзе ў Вільню, каб дазнацца што пра Еўку. Адначасна зойдзе ў архіў старадаўніх актаў — там наладзіў добрыя сувязі Сымон Будны. Ды хутка павінны перавезці ў Нясвіж вялікакняжацкі архіў — дамогся такога гонару Радзівіл даўно, але пакуль не прыстасаваны драўляны замак для гэтакай каштоўнасці. Трэба, канешне, самім разбірацца ў тых хітрых путах, якімі аблытваюць Княства, даказваючы, што нібыта ў самой Крэўскай уніі былі закладзены прынізлівыя ўмовы, на аснове якіх Ягайла стаў каралём. Але ж яшчэ не ўсімі забыта, што шлюб той ратаваў ад крыжакоў i Польшчу. Што ж такога незвычайна заманлівага было ў тым шлюбе для Ягайлы, дзеля чаго ён паставіў бы магутную дзяржаву залежным ад другой дзяржавы васалам?