Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Хаця, як пасьля выявiлася, ён ведаў пра нас ня меней за нас. Але як чалавек далiкатны нiдзе i нiчым ня даў нам зразумець таго…
Некалькi разоў нас з Кудраўцом клiкалi на кiрхентагi, якiя рэгулярна ладзiла эвангелiчная царква. Хойбнэр вазiў нас у Дортмунд, Гамбург, Франкфурт — цераз увесь захад Нямеччыны. Неяк напрыканцы iснаваньня ўсходненямецкай дзяржавы кажа: «Цi вы ня хочаце выпiць гэдээраўскага пiва?». Мы, вядома, хацелi, але як? Яшчэ стаяла славутая Бэрлiнская сьцяна, пры ёй была пiльная варта. Тады Крыстаф павёз нас у Ванзэе, дзе ў зарасьнiку на старых могiлках была вузкая праломiна ў сьцяне. Мы працiснулiся празь яе i апынулiся на ўскраiне ўсходненямецкага дорфу, знайшлi на вулiцы мясцовы гаштэт, дзе i выпiлi па куфлю ўсходненямецкага пiва за заходненямецкiя маркi. А як выбралiся назад, на той жа сьцяне напiсалi флямастэрам: «Тут былi два беларусы i адзiн немец». Паставiлi дату i ўтрох расьпiсалiся. Той знак нямецка-беларускага сяброўства, мабыць, пабурылi ўжо, i заходнiя немцы пiць пiва ў тую вёску езьдзяць на сваiх «фольксвагенах». Што ж, у час добры!
Пасялiўшыся на Танкавай, не адразу пазнаёмiўся з суседзямi. Мiнуў нейкi час, пакуль дазнаўся, хто жыве побач, на адной пляцоўцы. Вышэй на паверхах былi мастакоўскiя майстэрнi, але хто там гаспадарыў, я ня ведаў. Мае старыя знаёмцы-мастакi жылi ў iншых месцах — пераважна ў новым доме па вулiцы Сурганава. Таму трохi падзiвiўся, як аднойчы пачуў у тэлефоне запрашэньне зайсьцi ў пэўны нумар на дванаццатым паверсе.
Там была майстэрня мастака-графiка Яўгена Кулiка, якога я часам сустракаў на падворку. Вечна самотны, хваравiта згорблены, ён нетаропка iшоў з крамы цi ў краму, ветлiва вiтаўся i ўсё. Размовы мiж намi не ўзьнiкала. А тут ён гасьцiнна запрасiў сесьцi за стол, сказаў, што ёсьць справа. Апроч яго ў майстэрнi быў Мiкола Купава, яшчэ хтось незнаёмы. Яны мне паведамiлi, што мастакi падрыхтавалi лiст у Маскву з нагоды бядотнага стану беларускай мовы i цяпер зьбiраюць подпiсы. Я бегла прачытаў той лiст, мабыць, ён быў звычайны. Такiх лiстоў цягам стагодзьдзя было напiсана нямала, ды ўсё без анiякага знаку. Бо справа зусiм ня ў тым, што мова беларусаў сама па сабе гiне. Toe, што яна гiне, партыйнае кiраўнiцтва ведала ня горш за беларускiх iнтэлiгентаў, можа, лепш нават, бо валодала поўным наборам фактаў i лiчбаў. Але як да таго адносiлася? Калi iнтэлiгенты плакалi, дык партыйцы радавалiся, бо гэта было якраз тое, чаго ад iх вымагала iх вера, да чаго камунiсты iмкнулiся. А менавiта, да аканчальнай перамогi камунiзму ў паасобна ўзятай краiне з адзiнай мовай, адзiнай верай i адзiным кiраўнiцтвам ленiнскага ЦК на чале… Важна было хiба захаваць лiнгвацыд у сакрэце, не парушыць стану псыхалягiчнай камфортнасьцi высокага кiраўнiцтва ў гэтым пытаньнi. А тут нейкая жменька мастакоў i пiсьменьнiкаў сунуцца са сваiм лiстом… Цi ведалi гэта тыя, што пiсалi лiсты-жальбы ў высокiя партыйныя органы?
Мабыць жа, ведалi, бо ня першы раз рабiлi тое. Але ўсё роўна рабiлi, бо нiчога iншага не заставалася, а рабiць было трэба. Хоць бы дзеля чысьцiнi ўласнага сумленьня, дзеля прыкладу наступным пакаленьням, якiм наканавана рабiць тое самае. Каб яны ў мiнулым бачылi прэцэдэнт. На якi-небудзь посьпех таго мог спадзявацца хiба скончаны дурань.
Я падпiсаў лiст, якi празь дзень-другi, папоўнены iншымi подпiсамi, мастакi адправiлi ў Маскву — Гарбачову. Асабiста я прычынiўся да моўнай справы не ўпершыню. Год таму надрукаваў у «Известиях» артыкул менавiта ў абарону мовы, нядаўна з тым жа выступаў па маскоўскiм тэлебачаньнi ў прамым эфiры. Тады маiм калегам у студыi НТВ быў выдатны ўкраiнскi пiсьменьнiк Уладзiмер Яварыўскi, i мы ўдвух зьвярталiся да расейскай iнтэлiгенцыi дапамагчы нам абаранiць нацыянальныя сьвятынi. Водгуку, на жаль, нiякага ня мелi. Зянон Пазьняк надрукаваў у эстонскiм часопiсе «Радуга» выдатны артыкул, прысьвечаны лiнгвацыду нашае мовы. Нямала выступалi ў абарону мовы Hiл Гiлевiч, Рыгор Барадулiн, Анатоль Вярцiнскi ды iншыя пiсьменьнiкi. Цяпер мы ўпершыню зьвярталiся непасрэдна да генэральнага сакратара ЦК КПСС. Hi на што не спадзеючыся, чакалi, аднак, адказу. Некаторыя пачалi жартаваць: ну, цяпер мову ўзаконяць, прымусяць кiраўнiцтва загаварыць па-беларуску. Iншыя толькi крыва ўсьмiхалiся. Выказвалася такая думка, што Машэраў, калi б не загiнуў, вярнуў бы мову ў канстытуцыю БССР. Але iншыя казалi, што не вярнуў бы, бо сам яе i вывеў. Ды i наогул невядома, цi ведаў ён хоць бы слова пабеларуску… Якраз на той час у Менск прыехала на гасьцяваньне група касманаўтаў i разам — стары Панамарэнка. Для сустрэчы зь iмi на Вайсковы завулак былi запрошаны некаторыя дзеячы культуры, патэлефанавалi i мне. Я трохi зьдзiвiўся — навошта? Бо нiколi не захапляўся космасам, мала каго з касманаўтаў ведаў. Але змушаны быў пайсьцi. Там ужо былi Клiмук, Кавалёнак, Церашкова з дачкой, яшчэ нехта. Гасьцей, як i належыць, пасадзiлi на ганаровыя месцы за сталом, пачалiся тосты i размовы. Празь нейкi час чынны парадак парушыўся, сфармавалiся групы «па iнтарэсах». На адным канцы стала ў акружэньнi захопленых дамаў прыгожыя касманаўты вымаўлялi добра пасоленыя анекдоты, а на другiм — штось цiхiм голасам распавядаў Панцеляймон Кандратавiч. Я прыслухаўся. Падобна, то была старая байка пра тое, як Панамарэнка ордэры на арышт беларускiх пiсьменьнiкаў замянiў у Сталiнана ордэны для iх. Тое далося яму вельмi складана, сам змушаны быў ратавацца, — праз Слуцак i Бабруйск таемна дабiрацца да Масквы i там дамагчыся прыёму ў Сталiна. Сталiн уратаваў ад Берыi гонар беларускай лiтаратуры Купалу, Коласа, Броўку з Глебкам. Той расповед старога боса меў посьпех, нехта прапанаваў тост за здароўе дарагога Панцеляймона Кандратавiча. Пасьля пра яго гераiчны ўчынак напiсалi газэты, ня раз распавядаў Барыс Сачанка (якi неўзабаве надрукуе артыкул, як «незавязаныя шнуркi», а зусiм не кадэбiсты згубiлi жыцьцё Янкi Купалы). Панамарэнка пры жыцьцi рабiўся высакародным героем беларускай гiсторыi.