Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Пасьля аб’яднаньня Нямеччыны фiнансавыя справы Акцыi сталi пагаршацца, бюро вымушана было пераехаць у таньнейшы раён Бэрлiну. Але Акцыя ўпарта не хацела адмаўляцца ад супрацоўнiцтва з Усходам, у тым лiку i зь Беларусьсю, кожны год слала туды валанцёраў-альтэрнатыў шчыкаў. Маладыя людзi цягам месяцаў працавалi санiтарамi ў Навiнках i Бараўлянах, яшчэ дзе, навучалiся мове, — шкада, болей расейскай. Адзiн толькi малады чалавек вельмi зьдзiвiў мяне ў Бэрлiне, прамовiўшы з паўтузiна беларускiх словаў, якiя ён засвоiў ад старой цёткi-санiтаркi ў Бараўлянах. Кiраваў усiмi той жа Крыстаф Хойбнэр. Праўда, вершаў ён стаў пiсаць меней, за клопатамi i працай стала не да вершаў. Часта езьдзiў у Беларусь i Польшчу, дзе прыняў на сябе пасаду шэфа нямецкага культурнага цэнтру ў Асвэнцыме. Кватэру меў у старым фэшэнэбельным раёне Заходняга Бэрлiну, там гаспадарыла ягоная францужанка-прыгажуня Мiшэль i падрасталi два слаўныя хлопцы, што ўжо ў школьныя гады добра гаварылi на трох мовах — нямецкай, ангельскай i французскай. Неяк малодшы, Нэма, запытаў: «Скажыце, гэр Быкаў, якой маркi ваш гунд?». Toe дужа пацешыла мяне — у адной фразе пачулiся водгукi дзьвюх розных цывiлiзацыяў…
Аднойчы позьняй восеньню ехаў у Нямеччыну на нейкую імпрэзу Эвангельскай царквы. На бяду якраз у той час забаставалі нямецкія чыгуначнікі. Наш цягнік, не дайшоўшы да польска-нямецкай мяжы, спыніўся на нейкай непрыкметнай станцыі. Правадніца сказала: далей не паедзем. Сьвятло ў вагоне адключылі, ацяпленьне таксама. Пасажыры пачалі разбрыдацца, шукаць які іншы транспарт. Я сядзеў адзін у сьцюдзёным купэ і ня ведаў, што рабіць. Так мінула, можа, гадзіны дзьве. І раптам чую знаёмы голас: «Где ест Васіль Быкаў?». То ж мой Крыстаф! І адкуль ён узяўся на гэтай польскай станцыі? Аказваецца, прыехаў па мяне з Бэрліну. Мы абняліся, я быў зьдзіўлены і бясконца абрадаваны. Узялі яшчэ аднаго пасажыра — ленінградзкага навукоўцу, забытага, як і я, на пад’ездах да Нямеччыны. І паехалі.
У Франкфурце на Одэры падхапілі яшчэ адну пасажырку, маю зямлячку Людмілу Корбут, якая чакала Крыстафа. З таго часу яна надоўга стала маёю з жонкаю сяброўкай. Жыла ў Бэрліне, добра валодала нямецкай, хадзіла з намі ў эміграцыйнае ведамства, памагала пісаць розныя анкеты. Затым прыязджала да нас у Віперсдорф, дзе мы жылі, у Копенік360. У самой лёс склаўся ня надта шчасьліва, але яна ахвотна памагала іншым. Як і яе нямецкі сябра Крыстаф — наш агульны найлепшы таварыш. Крыстаф Хойбнэр адзiн цi з групай валанцёраў пасьля доўга i рэгулярна прыязджаў у Менск, трэба была гасьцiнiца, зь якой у нас заўсёды ўзьнiкалi праблемы. Клапацiлiся мы з Анатолем Кудраўцом, якi пад той час надрукаваў у «Нёмане» некалькi вершаў Хойбнэра, часам хадайнiчалi праз Ванiцкага, а то замаўлялi самi. Налета Хойбнэр запрасiў нас на нейкiя iмпрэзы ў Бэрлiн, а то i ў iншыя гарады ФРГ. Там мы выступалi на малiтоўных сходах эвангелiстаў, давалi iнтэрв’ю газэтам. Спатыкалiся i з палiтыкамi, дэпутатамi бундэстагу. Двойчы я меў гутарку зь цяперашнiм мiнiстрам абароны, а тады проста дэпутатам спадаром Шарфiнгам, а другi раз былi на прыёме ў прэм’ера зямлi Нiжняя Саксонiя спадара Шродэра. Усе яны цiкавiлiся справамi Беларусi ды iмкнулiся ёй памагчы. Патрэба ў нямецкай дапамозе стала дужа канкрэтнай, як у Кудраўца ад наступстваў Чарнобыля захварэла ўнучка. У яе лячэньнi памагла Хельга Сiбаi, якая пазнаёмiла дзеда з уплывовым чалавекам у Нямеччыне, i шасьцiгадовая дзяўчынка з мацi паехала ў гарадок Iсьнi (зямля Альгой). Здаецца, тое дапамагло, хаця i няхутка.
У час наглых вiзытаў у Нямеччыну наш мiлы гiд Крыстаф Хойбнэр iмкнуўся паказаць нам розныя бакi нямецкага (заходняга, буржуазнага) жыцьця. I ў культурнiцкай сфэры, i ў побыце. Мы з Кудраўцом толькi глядзелi i маўчалi. Часам скупа абменьвалiся захапленьнем пасьля ў гатэлi. Адказаць Крыстафу тым жа па нашай радзiме пры ягоных наведаньнях Беларусi мы не наважылiся — баялiся шакаваць яго кантрастам. Тады здавалася — правiльна рабiлi, бо невядома, як бы ён паставiўся да таго кантрасту. А разам i да нас таксама.