Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Нельга нікога заганяць у кут — сабе даражэй абыдзецца. А мая Сьцепаніда апынулася менавіта загнанай у кут.
Сьцепаніда, вясковая цётка, не хацела губляць жыцьцё і чаплялася за нейкія праявы волі. Ды спазьнела чаплялася. У тым яе чалавечая трагедыя.
Але калі было — не спазьнела? У Сьцепаніды наогул не было свайго часу, яна, як і ўсё навакол, выпала з хады часу, апынулася на мяжы небыцьця. Некалькі год ці тыдняў таго балянсаваньня, і ўсё загінула. Каб не адрадзіцца?
Уладзімер Караткевіч быў нязгодны з маім фатальным паглядам, ён хацеў спадзявацца. Як мог, ён таксама чапляўся за жыцьцё, за надзею. Ды не ўчапіўся. Бо таксама апынуўся чалавекам бяз часу, што зарана ці запозьнена нарадзіўся, не ў пару зрабіўся пісьменьнікам. Несучасным. Несучасны чалавек жыць доўга ня можа. Павінны памерці.
У тыя часы, каб дасягнуць нейкага посьпеху ў літаратуры, мала было мець літаратурны талент — патрэбны быў грамадзкі твар, начальніцкая пасада, немагчымыя бяз «членства» ў партыі. Менавіта з тае прычыны нашыя «маладыя таленавітыя» яшчэ ва ўнівэрсытэце ўступалі ў партыю, па сканчэньні вучобы ахвотна (ці не) вербаваліся ў сэксоты і, каб замацавацца ў сталіцы, уладкоўваліся ў рэдакцыі. Службовая кар’ера ўвогуле мала залежала ад літаратурнага таленту, які нярэдка толькі шкодзіў кар’еры. Звычайна літаратурныя маэстры, надзеленыя рэгаліямі, званьнямі і адказнымі пасадамі, былі пасрэднымі літаратарамі, што, аднак, ня шкодзіла ім кіраваць іншымі. Літаратура была справай ня толькі рызыковай, але і вельмі няпэўнай, як няпэўным быў мэтад сацрэалізму. Iншая рэч — пасада. Літаратурная ці яшчэ лепей — партыйная. Гэтая карміла, забясьпечвала камфортным жытлом і належным да яе гонарам. Шмат хто зь пісьменьнікаў, калі ня шэньціла прабіцца да такіх пасадаў, апыналіся ў доўгіх сьпісах рэдкалегіяў (ці рэдсаветаў), некаторыя зь ліку адмыслова давераных значыліся ў двух, трох, а то і чатырох рэдкалегіях, дзе шэраг гадоў выконвалі свае цэнзарскія абавязкі. Іншых там не было, а ўжо гэтыя бальшыня зь іх мкнулася выконваць як мае быць.
Уладзімер Караткевіч ня быў нават шараговым камуністам, ня быў якім-небудзь «членам», ні тым болей рэдактарам, што ж яму заставалася? Нічога іншага, апроч як пісаць «несучасныя», гістарычныя раманы ды піць гарэлку.
Друкавалі яго пасьля бясконцых, часам дурных, але заўжды палітычных прыдзірак (вядома ж, баючыся беларускага страхоцьця — нацыяналізму), але піць забараніць не маглі. Мабыць, зыходзячы з уласнага вопыту, кіраўніцтва разумела, што тут яно бясьсільнае. Валодзя таксама разумеў тое як права на адзіна магчымую для сябе свабоду і па магчымасьці карыстаўся ёю. Аднак і тут не магло абысьціся без праблемаў. Усе Валодзевы «грахі» былі на строгім уліку.
Але тое будзе яшчэ не цяпер, яшчэ Валодзя хадзіў на мора, у пасёлак па чачу. Я ж колькі тыдняў сядзеў у лоджыі і пісаў на лёгкім і хісткім дзюралевым століку. Валодзя казаў, што ён ненавідзіць такія столікі, хоць у пакоі, хоць у кавярні, што гэта — вынаходства д’ябла. На ім нічога людзкага стварыць немагчыма. Яму для ягоных твораў патрэбны быў стары, моцны, дубовы стол. А таксама стос добрай паперы і свежая, адпрасаваная сарочка. Тады паяўлялася натхненьне, якое адно і гарантавала плён.
Аднойчы ён зноў прапаў на няпэўны час, а як паявіўся, мы яго не пазналі. Быў нібы не тутэйшы — зь цьмяным позіркам, змучаным тварам. На зьмярканьні пачаў скардзіцца, што ўнізе ў кустоўі сядзіць цмок, пільнуе за ім. Кажа — ідзі, пакажу. Я ішоў у іх з Валяй кутні нумар, і Валодзя паказваў уніз: во, во… Выглядвае!.. Не, схаваўся. Ну, чакай, я цябе падпільную… Не пільнуй, Валодзя, казаў я з жалем. Кладзіся спаць. — Не, спаць я ня буду, я буду пільнаваць яго…
Валя плакала. Toe было дужа кепска…
Напрыканцы нашага тэрміну паехалі з экскурсіяй у Сухум, дзе Валодзя першым чынам пацягнуў усіх у малпоўнік. Тут ён быў жывы і вясёлы, поўны самага дзіцячага захапленьня, калі азіраў усіх тых малых і вялікіх істотаў, што сядзелі, лазілі, скакалі з сука на сук, здаецца, зусім не рэагуючы на цікаўных наведвальнікаў. Валодзя знайшоў дужа сімпатычную малпачку, якая, сустрэўшы ягоны позірк, сьмела скокнула да яго і працягнула далоньку з тоненькімі чорнымі пальчыкамі. «Глядзіце, які цуд! — казаў Валодзя. — Яна ж лепшая за людзей, колькі дабрыні і адданасьці…» Ён клаў ёй у далоньку мандарын, і яна з радасным віскам узьлятала высока на дрэва.
А ў кавярні на праспэкце пад пальмамі было толькі кіслае сьцюдзёнае віно, ад якога Валодзя грэбліва моршчыўся. I піў.