Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Пасьля тае рыбалкі Валодзя колькі дзён не паказваўся ў сталовай, Валя казала, што піша. I сапраўды пісаў — сьпяшаўся скончыць свой прыгодніцкі раман, прысьвечаны жонцы. А як паявіўся зноў, узьнікла пытаньне — дзе ўзяць чачы? Той самадзейны базарчык у пасёлку міліцыя прыкрыла. На ўтаптанай пляцоўцы пры апусьцелых лаўках тупала адна злая вярблюдзіца Нэля. Трэба было выпраўляцца куды яшчэ.
Мы зрабілі такую вандроўку ў суседнюю, хаця і няблізкую вёску.
Па дарозе Валодзя быў цьвярозы і змрочны, гаварыў пра апрыклае — літаратуру. Распавядаў, як нядаўна яшчэ ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» рыхтавалі да друку ягоны раман «Каласы пад сярпом тваім». Як сябрысабутэльнікі не хацелі ці не маглі памагчы, і ён адзін змагаўся з колішнім знакамітым выдавецкім босам Матузавым. I ўсё ж ён перамог, раман выйшаў. А дзе цяпер Матузаў? Прапаў, згінуў, памёр, і ніхто яго не прыпомніць. А раман застанецца ў літаратуры, як застаўся ў гісторыі ягоны герой вялікі Каліноўскі. Бо раман — ад Бога. А рэдактар — параджэньне д’ябла.
Караткевіч шмат у чым суцяшаў мяне ў маіх даўніх і цяперашніх клопатах і казаў, што нашая літаратура будзе жыць у народзе. Пакуль будзе жыць народ.
Але народ можа і ня жыць, калі таго не захоча, бы спахапіўшыся, дадаваў ён. Я не пярэчыў. У маёй падкорцы ўжо колькі часу фармаваўся сюжэт новага твору. Праз колькі дзён, седзячы ў зацішнай лоджыі нашага корпусу, напісаў першую фразу:
«Карова скубала траву».
96. Уладзімер Караткевіч
Мабыць, праўда, што ўжо на генэтычным узроўні жанчына мацнейшая за мужчыну і далей у працэсе нялёгкага існаваньня найменш паддаецца ўзьдзеяньню асяродзьдзя, захоўвае сваю самасьць. Асабліва тое праяўляецца ў канфліктныя моманты, калі трэба абараніць сябе, сям’ю, дзяцей. А то і мужа. Мужчына ня мае такой пэўнасьці, бо дужа шмат магутных акалічнасьцяў уплываюць на яго — улады, партыі, войска, дзе зь ім толькі і робяць, што ламаюць, становяць на калені. Мусіць, усё тое і сфармавала сучасны, ня надта зайздросны архетып беларускага мужыка ў жыцьці і літаратуры, — беднай, рахманай, баязьлівай істоты. Таго, пра каго кажа выслоўе: красьці баіцца, працаваць лянуецца, прасіць саромеецца. Тое мы спрэс назіралі пасьля вайны, калі адважныя цягам чатырох год партызаны ў мірны час страцілі ўсю сваю адвагу і даюць памыкаць сабой кожнаму, хто таго захоча. У тым ліку і з жаночага боку, які, аднак жа, мала ў вайну згубіў. А можа, яшчэ і набыў — розуму і рашучасьці.
Некаторыя пытаюцца, чаму ў вайну беларускія партызаны апынуліся гэткімі храбрымі, адкуль яны набраліся тае храбрасьці ў абязбожанай, калгаснай, паўгалоднай краіне? А ўсё адтуль жа — з 30-х гадоў, у выніку савецкай дрэсіроўкі голадам, вынішчэньнем і страхам. Калі сялянству ўжо мала што засталося губляць. Хіба жыцьцё як апошнюю ўласнасьць. Але і жыцьця шмат каму было ня шкода, такое яно стала нясьцерпнае. У той сытуацыі і палягае псыхалягічная крыніца шмат якіх учынкаў, у тым ліку і тых, якія цяпер называюць подзьвігамі.
Мы гаварылі пра тое, што нельга нікога заганяць у кут — ні сябра, ні ворага. Беларускае сялянства ў 30-я гады, пазбаўленае зямлі і волі, па сутнасьці апынулася ў куце. Ад галоднай сьмерці яго ўратавалі гароды — сорак сотак дзедаўскай зямлі, якія кармілі. Пасьля немцы загналі яго яшчэ глыбей — што было рабіць сялянам? Што робіць сабака ці воўк, калі яго прышчэмяць у загарадзі? Кідаецца на людзей. Беларусы кінуліся на немцаў. З адчаю. Во і вытокі гераічнай партызанкі.
Калі б акупацыйная палітыка немцаў была больш разумная ды немцы распусьцілі б калгасы, вярнулі беларусам іхнія царскія надзелы зямлі, цягло, дык нават ва ўмовах вайны і акупацыйнай няволі беларусы паводзілі б сябе інакш. Прынамсі, як летувісы, латышы ці эстонцы. Як украінцы нарэшце. Аралі б зямлю, гадавалі дзяцей і плюнулі на бандыцкую партызанку, якая, наўрад ці памагаючы фронту, адно забясьпечвала амбіцыі маскоўска-партызанскага кіраўніцтва. Той факт, што немцы нішчылі ў мястэчках яўрэйскае насельніцтва, беларусаў ня вельмі турбаваў — абы не чапалі саміх. Але ж «зачапілі» і беларусаў — пачалі бязьлітасна страляць і паліць. Казалі — як расплата за партызанку, што ўвогуле было падобна на праўду. Пасутнасьці тут Гітлер са Сталіным апынуліся ў адным хаўрусе, хаўрусе катаў. Тое, што Сталін ня справіўся дарабіць у перадваенныя гады, дарабіў за вайну Гітлер. Беларусь страціла чвэрць уласных насельнікаў і апынулася на руінах, каб затым пачаць «гераічную» эпоху адраджэньня.