За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Галоўнае, я змагу там гаварыць з людзьмі,— задумліва паправіў яго госць.
— I гэта вам не спешчаная віленская знаць, якая ходзіць у касцёл, каб паказаць свае новыя ўборы, a ў кальвінісцкі збор зазірае з-за цікаўнасці, бо ніколі не бачыла, каб у храме вісеў толькі крыж i які падсвечнік. Тутэйшыя людзі, хаця працуюць цяжка i абцяжараныя старастамі i войтамі, а можа, якраз таму, хочуць гаварыць з небам.
Невядома як, але сустрэчныя людзі, відаць, даведаўшыся, што госць — міністр збору, як i Крышкоўскі,— або нізка кланяліся, здымаючы магеркі i капелюшы, або проста праводзілі ix цікаўнымі позіркамі. Непадалёку ад старога драўлянага замка i касцёла, у лагчыне, сотні сагнаных халопаў капалі рыдлёўкамі зямлю.
— Тут будзе возера, i тады замак стане непрыступным,— растлумачыў Мацей.
— Прыгожы горад, зусім як у Швейцарыі,— сказаў Сымон.— Толькі пылу болей ды людзі глядзяць неяк спадылба. Яно i зразумела: тут чалавека дзешавей за гавяду лічаць, i вывесці яго з такога паднявольнага стану толькі навука зможа...
— Але ж, атрымаўшы навуку, ці не будзе халоп лічыць, што яму не трэба працаваць? Дый хто ўсё-такі тады гной на поле выводзіць будзе? — асцярожна загаварыў міністр нясвіжскага кальвінісцкага збору Крышкоўскі.
I яны зноў заспрачаліся, ды так, што спрэчка тая не перапынялася i за абедам.
— Калі не будзе ўлады, то як жа будзе трымацца дзяржава? — гаварыў Крышкоўскі.— Дай нашым мужыкам патолю, скажы, што араць поле можна па патрэбе, без прымусу — хто выедзе на тое поле?
— Калі ў чалавека няма поўнай, можна сказаць, боскай свабоды, калі ён вечна ў ярме, як вол — хіба можа ён называцца сапраўдным чалавекам? — гаварыў Сымон Будны.— Праца павінна стаць для яго патрэбнай, так, патрэбнай. Дзеля таго, каб стварыць такога чалавека, які б любіў працу — вольную працу — мы i стараемся сёння!
Марцін слухаў з заміраннем сэрца. Так, чалавек адрозніваецца ад быдла тым, што мае бессмяротную душу. А яго запрагаюць у цяжкі воз i б'юць пугай ці бізуном, i прыму шаюць везці той воз. I так цягне ён той воз да самай сморці, так i не зразумеўшы, для чаго прыйшоў на зямлю...
Яму хацелася гаварыць i гаварыць з Будным. Але саромеўся запрасіць міністра ў свой сціплы дом з простай мэбляй, што засталася яшчэ ад дзеда. У хаце няма дываноў, якімі засцелены ў вялікім доме Кавячынскіх ледзь не кожны куток, ёсць толькі тканыя посцілкі дый загкнутыя за бэльку травы, што засталіся пасля Сёмухі. Але сам Будны выдзеліў яго i, прапанаваўшы яшчэ адну прагулку на Нясвіжы, зайшоў у дом да маладога настаўніка. Толькі тады Марцін паказаў яму запісы, доўга i горача тлумачыў, што i як хацеў бы напісаць.
— Давай, браце,— Будны доўга праглядаў запісы, любоўна перабіраў паперыны.— Зямлі нашай патрэбны такія людзі, як ты. А ix, хто дбае аб народзе, а не аб набітым трыбуху, мала, ой, як мала! I трэба ісці не толькі ў народ. Трэба, каб i высакародныя вяльможы дапамагалі. Ix продкі рабілі ўступку за ўступкай, а цяпер справа аб самым галоўным — аб лесе народа. Яшчэ трохі, i ён знікне, растворыцца, як растварыліся сярод немцаў прусы, як зніклі яцвігі. A ці ж літвіны — беларусцы — не народ?!
Марцін пасля таго як праводзіў Сымона, доўга сядзеў у пакоі, не запальваючы святла. Усхадзілася непагадзь, дужы вецер са свістам гнаў па дарозе леташняе лісце, па краі неба клубіліся густа-чорныя хмары, абяцаючы не то дождж, не то позні снег, краёчкі ix адсвечвалі злавесным жоўтым колерам. Паспешліва грукаталі па брукаванцы колы сялянскіх вазоў i фурманак шляхты; заканчваўся дзень, i на плошчы зачыняліся невысокія каменныя крамы, a гадзіннік на ратушы працягла адзвінеў дзевяць гадзін вечара. Было відаць, як зачыняліся брамы, як на складзе грабара насупраць работнік доўга тузаў вялікі, у далонь, ключ, стараючыся закрыць замок. Бязладныя думкі Марціна былі аб тым, што Сымон, развітваючыся, неяк мімаходзь запытаўся, чаму ён дасюль не завёў гаспадыню, і, не пачуўшы адказу, змоўк.
Агромністыя ліпы каля дома бязладна рыпелі, i ад таго пачуццё няўтульнасці было асабліва моцным. Тады ж Марцін цвёрда вырашыў паехаць у Вільню, як толькі скончацца заняткі, i там шукаць сляды Еўкі. Можа, яшчэ ўдасца сустрэцца там з кімсьці, хто ведаў Скарыну, паглядзець кнігі, пра якія пакуль толькі чулі ў Нясвіжы, але ніколі не трымалі ix у руках. І, пастараўшыся развеяць цяжкія прадчуванні, ён лёг снаць больш акрыленым, ускалыханы надзеямі дружыць i ездзіць да Буднага, i ўзнёс ціхую хвалу ўсім нябесным сілам за тое, што гэты незвычайны чалавек будзе жыць так недалёка і, значыць, можна будзе бачыцца з ім цяпер часта...
Адкрыццё друкарні ў Нясвіжы ўшанаваў сваёй прысутнасцю сам пан Мікалай Радзівіл Чорны.