Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Сябры, аднак, былi iншага меркаваньня: адны шчыра радавалiся, iшыя былi задаволеныя (усё ж лепш, чым каму iншаму), некаторыя i пазайздросьцiлi — не без таго. Усё, як у людзей. Тою ўзнагародаю я быў прыроўнены да маiх калегаў Iвана Шамякiна, Максiма Танка, Петруся Броўкi. Да доўгага шэрагу пранырлiвых старшыняў калгасаў, прабiў ных дырэктараў прадпрыемстваў-скрынак, перадавых мэханiзатараў i даярак. Было б, аднак, разумней, калi б тую ўзнагароду атрымаў той, хто яе дужа дамагаўся, або той, хто быў болей варты, чым я, болей плённы ў лiтаратуры. Мне думалася, што тое ганараваньне не па заслугах. Праўда, сябры i жонка казалi, што тое — за талент. Але я не адчуваў за сабой такога таленту — талент у мяне калi i быў, дык iнакшы, далёка не апалягетычны ў адносiнах да рэжыму. I рэжым ведаў пра гэта. Але, мабыць, рэч у тым, што мяняўся час, — нязграбна, непаваротлiва, ды саступаў месца новаму — новым людзям i новай палiтыцы. Першым сакратаром ЦК КПБ стаў Сьлюнькоў. У Маскве ўсё большую сiлу набiраў малады, пэрспектыўны Гарбачоў, якi фактычна i браўся кiраваць дзяржавай. Як я дазнаўся пасьля, у час нейкага мерапрыемства Сьлюнькоў папытаўся ў Гарбачова наконт яго думкi, калi б даць Быкаву героя, i той пагадзiўся. Усё вырашалася апэратыўна, але, як заўжды, да пары, да часу таемна. Толькi падпiсаўшы ўказ, Грамыка прыслаў вiншаваньне маладзёну-герою.
Недзе пад той час у мяне адбылася гутарка са Сьлюньковым. Здаецца, першы сакратар ЦК КПБ меў час i быў у добрым гуморы. Папытаўся пра лiтаратуру i лiтаратараў, як яны сябе пачуваюць у зьменлiвых, складаных умовах сучаснасьцi. Я коратка адказваў. Увогуле я iх паважаў, яны заслугоўвалi таго. Цi шмат знойдзецца ў сьвеце лiтаратараў, якiя працуюць у варунках моўнага вакууму, калi побач не чутно нi слова па-беларуску, родная мова захавалася толькi як рудымэнт i рызыкуе хутка стаць рарытэтам — як санскрыт цi лацiна. А беларускiя лiтаратары пiшуць — раманы i паэмы, лiрыку i эпiку — усё на роднай беларускай мове. Хаця выдаваць з кожным годам трудней. Гаспадар рэспублiкi ўвогуле не пярэчыў. Перад iм на стале ляжаў ладны стос нейкiх кнiжак, якiя пад канец гаворкi ён цiха пасунуў да мяне. «Во — Нiл Гiлевiч, за два гады дзесяць кнiжак!» — «Што ж, чалавек пiша, ну i друкуюць, тое ж ня крадзенае». — «Але ж iншых столькi не друкуюць?…» Тут ужо я ня ведаў, што адказаць, — стаяць за ўраўнiлаўку цi што? Але пасьля з гутаркi стала зразумела, што пад Саюз пiсьменьнiкаў даўно i настойлiва капае загадчык аддзелу прапаганды ЦК Савелiй Паўлаў. Пройдзе яшчэ нейкi час, i Нiл Гiлевiч арганiзуе яго прыём у Саюз. Хiба, каб улагодзiць варажнечу гэтага чалавека да сябе i нацыянальнай лiтаратуры?
Як вядома, юбiлей горш за хаўтуры — столькi надае клопату i адбiрае жыцьцёвай сiлы. Але мае i несумненную радасьць — радасьць дображаданых сустрэчаў зь сябрамi, якiя знаходзяць пэўную нагоду прыехаць, пабачыцца, а можа, i пабаляваць — кожны ў меру ўласных схiльнасьцяў. Вядома ж, ня так, як я нейкi час таму, запрасiўшы ў Менск добрых людзей, сам звалiўся напярэдаднi банкету, i сябрам замест балю давялося мяне ратаваць. А я так марыў тады пабыць разам з мiлым Юрам Каракiным, Iгарам Дзядковым, якi прымчаў у Менск з сваёй Кастрамы. Зь Юрам дык мы хоць напярэдаднi ўзялi каньяку ў «Мінску», а любага мной Iгара Аляксандравiча я пачуў хiба праз паўсьвядомае трызьненьне, як ляжаў на лаве, чакаючы «хуткую». Тады мяне ратаваў Сульянаў разам з Законьнiкавым, — рабiлi сардэчны масаж. Прыбегла з дому паклiканая Iрына і роспачна — з парогу: «Што з табой, Васiлька?» А Iгар недзе блiзка сьцiшана мовiў: «Таму што кахае…». Гэта ў адказ на нейчую, можа, сумнiўную рэплiку. Той яго цiхi голас дасюль прадаўжае гучаць у маёй удзячнае памяцi. Цяпер, на маю радасьць, прыехалi мае даўнiя сябры: масквiчы Лазар Лазараў зь Наяй, стары няўрымсьлiвы Залыгiн, зь якiм мы нядаўна перажылi адну бяду, асяцiн Нафi Джусойты, мой аднадумца i аднагодак. Зь Ленiнграду прыляцеў Данiiл Гранiн, зь Вiльнi — лiтоўскi златавуст Пяткявiчус, якi на ўрачыстасьцi павесялiў усiх трапным выслоўем: «Каўбаса павiнна быць даўгая, а прамова кароткая». Можа, раней за ўсiх зьявiўся з Малдовы жартоўны Васiль Васiлаке. Ну а мае беларускiя сябры даўно былi напагатове — Алесь Адамовiч адразу ўзяўся апекавацца гасьцямi, поруч заўжды былi Бураўкiн, Казько, Матукоўскi. Недзе, праўда, прапаў Рыгорка Барадулiн, але той паявiўся пазьней. Аляксей Карпюк на вечары ў Купалаўскiм тэатры, нiбы ў дакор сябрам, якiя расчынялi перад сабой прывiтальныя адрасы ў папках, цырымонна ўзнагародзiў юбiляра вялiзнымi фанэрнымi крыламi — для высокага лiтаратурнага палёту. Я быў крануты адмысловым жартам майго даўняга пакутнага сябра.