Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Самае, аднак, вясёлае чакала ўсiх на другi дзень i было зьвязанае з арцельным выездам у легендарную i экзатычную краiну — П а л е с ь с е, што рыхтавалася клопатам майго малодшага сябра i выдатнага пiсьменьнiка Вiктара Казько.
Выехалi ранiчкай на двух аўтобусах — госьцi i менчукi, некаторыя з жонкамi. На мяжы Жыткавiцкага раёну, дзе я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, нас спаткалi прадстаўнiкi працоўных ды кiраўнiцтва колькасьцю каля паўста чалавек. Паехалi ў раённы цэнтар, пасьля якога скiравалi ў старажытны Тураў. Адразу пачалi караскацца на гiстарычны пагорак зь дзьвюма аблезлымi козамi, якiя там пасьвiлiся. На вулiцах жа паселiшча iшло звычайнае жыцьцё — гуляла цыганскае вясельле з чарначубым жанiхом у ботах i агнявокай нявестай-цыганкай. Усiх прывабiла Прыпяць, на якой нас чакала рачное судна, i мы паплылi кудысь уверх па цячэньнi. Але тубылец Казько ведаў, куды. Там над пясчаным абрывам ужо прывабна курэла цяпельца, у вядзерцы варылiся ракi — дужа прыйшлiся яны да смаку са сьцюдзёным, вынятым з вады пiвам. Пайшоў амаль першабытны баль гасьцей i мясцовых, а затым пачалося купаньне. Жонка колiшняга марака Лазарава — Ная — пад воплескi прысутных храбра пераплыла Прыпяць — туды i назад. Было радасна, i рабiлася трошкi сумна. Гэта цi не ад прадчуваньня непазьбежнага, што сталася з цудоўнай палескай ракой, неўзабаве пасыпанай чарнобыльскiм попелам. Надвячоркам Вiця Казько не ўпусьцiў выпадку звазiць усiх на сваю недалёкую Вiльчу зь яе дубамi на ўзрэччы, якiмi ён шмат гадоў апекаваўся. Дубы сапраўды былi векавыя, а галоўнае — шмат iх раскашавала на поплаве мiж ракой i вёскай.
Здаецца, то былi апошнiя шчасьлiвыя часiны майго не старога яшчэ жыцьця. Хутка ўсё тое незваротна адышло ў нябыт.
Патэлефанавалi з СП, сакратарка паведамiла, што прыйшлi нейкiя немцы, пытаюцца каго з кiраўнiцтва. Але кiраўнiкоў нiкога няма, дык яны просяць, каб спаткацца з Быкавым. Ну што мне было рабiць? Кiнуў свае справы, паклаў у кейс бутэльку каньяку i паехаў на вулiцу Фрунзэ.
Немцаў аказалася немалая група (чалавек 12), усе чакалi ўнiзе, я завёў iх у канфэрэнц-залю. Адзiн, што больш-менш выразна гаварыў па-расейску, патлумачыў, што гэта група нямецкiх сьвятароў эвангелiчнай царквы, што яны прэзэнтуюць Aktion Suhnezeichen, якая апекваецца ахвярамi нацызму ва ўсiм сьвеце, у тым лiку i ў Беларусi. Што яны ў Нямеччыне чыталi мае кнiгi i ўважаюць Быкава за пiсьменьнiка-пацыфiста, прыхiльнiка дружбы памiж нямецкiм i беларускiм народамi. Я сказаў, што ўвогуле яны не памыляюцца, я сапраўды вораг варожасьцi, значыць, прыхiльнiк мiру i дружбы з усiмi народамi, у тым лiку i зь нямецкiм. З гэтай нагоды запрашаю выпiць за беларускiм сталом па чарчыне грузiнскага каньяку.
Так адбылося мае знаёмства зь нямецкай пацыфiсцкай арганiзацыяй, якое шчасьлiва доўжыцца i па сёньняшнi дзень.
Тады ў трупе былi розныя людзi — сьвятары i студэнты, два-тры ветэраны мiнулай вайны, адзiн меў пратэз замест правай рукi. Ён распавёў, як у 43-м годзе ляжаў у шпiталi ў Менску, дзе яму ампутавалi руку. Другi меў царкоўны прыход у Кройцбэргу — раёне Заходняга Бэрлiну. Малады, чарнявы, болей падобны на iтальянца, чым на немца, быў Крыстаф Хойбнэр, паэт i супрацоўнiк Акцыi. Немцы мяне зацiкавiлi, я адчуў, што гэта — зусiм ня тыя, вядомыя з вайны, фашысты. Так яно i атрымалася. Праз колькi часу ў Дом дружбы i культурнiцкiх сувязяў, якi ўзначальваў Арсен Ванiцкi, прыехала прыгожая, выкшталцоная дама Хельга Сiбаi, дамаўлялася пра канкрэтнае супрацоўнiцтва Акцыi зь Беларусьсю. Было палагоджана наконт догляду помнiкаў ахвяраў фашызму (Хатынь), удзелу нямецкiх валанцёраў у лекаваньнi нашых псыхiчна хворых (Навiнкi), доглядзе малых у занядбаных дзiцячых садках. Напрадвесьнi прыехала вялiкая група маладых хлопцаў i дзяўчат, якiя адправiлiся прыбiраць Хатынь. На гэты раз яе прывёз Хойбнэр. Пасьля працы ў гатэлi была наладжана гутарка, мяне папрасiлi распавесьцi пра Беларусь, пра вайну i трохi пра лiтаратуру. Тое было яшчэ да перабудовы, калi савецкiя людзi i асаблiва чынавенства глядзелi на немцаў як на нядаўнiх фашыстаў, некаторыя з навукоўцаў Акадэмii навук у час вiзыту чужынцаў запiралiся ў туалеце — каб не спатыкацца. Хiба адзiн Дом дружбы i ягоны старшыня Арсен Ванiцкi сьмела iшлi на кантакты i нават дамагалiся iх пашырэньня, на тое запрашалi i Быкава. Пасьля, як вядома, кантакты разрасьлiся з усiмi краiнамi, але дзеля таго спатрэбiлася шмат часу i немалых зрухаў у масавай сьвядомасьцi. Да тых кантактаў былi прыцягнуты Саюз мастакоў, вельмi нясьмела — Саюз пiсьменьнiкаў. Прыяжджалi да нас, запрашалi нашых людзей у Нямеччыну, — вядома, за кошт немцаў, у нас жа вечна не ставала сродкаў.