Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Бальшавiкi, аднак, дужа iмкнулiся падначалiць сабе мiнулае.
Тое самае ў яшчэ болей драматычнай форме праявiлася, як М. Пташук348 зьняў паводле аповесьцi аднайменны фiльм. Сьпярша быццам усё iшло добра, амаль прымальна, наколькi тады мог быць прымальным савецкi фiльм. Пташук неяк умудрыўся здаць яго без вялiкiх стратаў, карцiну адправiлi ў Кiеў на кiнафабрыку рабiць копii для пракату. Здымачная трупа была распушчаная, фiнансаваньне спыненае. I тады Пташука тэрмiнова выклiкае загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ Iван Iванавiч Антановiч, а разам i аўтара аповесьцi. Антановiч даволi нэрвова пачынае даводзiць, што фiльм трэба тэрмiнова перарабляць. Пташук упарцiцца — няма як i няма каму. Антановiч амаль у роспачы — вы разумееце, то ўказаньне «второго лица в государстве»… — «А я не магу i ня буду…» — «Тады вам не працаваць на кiнастудыi». — «Ну што ж, маю правы, пайду баранку круцiць». Доўга Антановiч уламваў Пташука, апеляваў да аўтара. Але трэба аддаць належнае гэтаму рэжысэру — той стаяў, бы скала.
Тым часам у Маскве насьпелi новыя падзеi, «второе лицо в государстве» перастала iм быць, Антановiч зьехаў зь Беларусi на падвышэньне, — стала не да карцiны Пташука i Быкава. На гарызоньце замаячыла вялiкая для КПСС пагроза ў асобах Гарбачова i Ельцына. Пэўна, што зьяўленьне на краявiдзе аднаго, а затым i другога, таксама як i разумнага Аляксандра Якаўлева, пачало зьмякчаць культурны клiмат у краiне. Зьмянялiся i адносiны да нядаўнiх дысыдэнтаў. Я ня быў дысыдэнтам у дакладным азначэньнi гэтага слова, але таксама адчуў, што нешта мяняецца. Найперш СП Беларусi вылучыў «Знак бяды» на Ленiнскую прэмiю. Таму найбольш пасадзейнiчала прыватная iнiцыятыва Нiла Гiлевiча, якi нядаўна стаў першым сакратаром Саюзу (пасьля шматгадовага сакратарства Iвана Шамякiна). Раней такога кшталту вылучэньне было немагчыма, бо Iван Пятровiч, набыўшы тузiн ордэнаў за лiтаратуру, ня мог яшчэ дамагчыся сабе Ленiнскай прэмii. Такiм чынам Быкава вылучылi як бы ў абыход законнай чаргi. Масква не аспрэчвала, мабыць, меркавала — хай дзеля прылiку ў немалым сьпiсе намiнантаў пабудзе i адзiн беларус. Ды раптам на тайным галасаваньнi ў камiтэце па прэмiях бальшыню галасоў якраз набраў ён. Як пасьля распавялi, той вынiк схiлiў на мой бок выдатны i паважаны расейскi музыка Георгi Сьвiрыдаў350, якi сказаў прыкладна гэтак: «Я люблю расейскую культуру i расейскую лiтаратуру, але яшчэ больш — iсьцiну. А ў дадзеным выпадку iсьцiна ў тым, што аповесьць „Знак бяды“ ёсьць лепшая сярод iншых».
Toe ўсё i вырашыла. Ляўрэатам стаў Быкаў.
Прэмiя — хай сабе, так цi iнакш яна апраўдана канкрэтным учынкам, плёнам аўтарскiх высiлкаў. Трохi iначай выглядаюць iншыя ганараваньнi, узаконеныя за дзесяцiгодзьдзi савецкай улады — усе i ўсялякiя ўзнагароды, колькасьць якiх пад канец царства Леанiда Iльлiча перавалiла за сотню. На кожным прадпрыемстве, ва ўстанове, нават у калгace цяжка было знайсьцi працаўнiка, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам, тым болей мэдалём. Iншыя iх мелi тузiны — ад мiнiстраў да даярак. З таго лiку не былi выключэньнем i пiсьменьнiкi. У шаноўнага Максiма Танка толькi ордэнаў Ленiна было болей, чым у маршала Конева, i трохi меней, чым у маршала Жукава. Хоць Яўген Iванавiч, як пiсаў Карпюк, за вайну нi разу ня стрэлiў.
У мой 60-гадовы юбiлей прыйшла вестка пра прысваеньне мне званьня Героя сацыялiстычнай працы. Па-праўдзе кажучы, таго я нiяк не чакаў, узнагароджаньне мяне напачатку зьдзiвiла, а пасьля засмуцiла. Iнстынктыўна я адчуў, што карысьцi з таго будзе няшмат, а клопату хопiць, i як бы ня стала бяды. Увогуле недалёка ад таго ўсё i атрымалася.