Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Дапiсваў аповесьць у Менску, на Танкавай, — усю восень i пачатак зiмы. Не сказаць, каб яна давалася мне цяжка — матэрыял быў знаёмы, нейкаю часткай перажыты самiм. Асаблiва той, што мела адносiны да 30-х гадоў. Уражлiвая дзiцячая памяць захавала шмат якiя адзнакi побыту i драмаў таго незвычайнага часу. Што ж да вайны, дык тут таксама мог што-нiшто сабе ўявiць, хоць сам на акупаванай тэрыторыi ня жыў. Трэба сказаць — дзякаваць Бory, што таго не давялося, пазьбег ня толькi небясьпекi, але i пэўнага знаку ў бiяграфii. Людзям з тым знакам доўга не давалi аб iм забыцца.
Пiсаў пасьлядоўна, апроч хiба ўстаўнога сюжэтнага кавалку, якi стаўся нiбы ядром у арэху — той уставiў пасьля. Toe ядро было важнае для тэмы, бо якраз i несла ў сабе галоўны iдэйны знак — знак нацыянальнай бяды. Так бы мовiць — мала было калектывiзацыi, дык яшчэ i акупацыя. I ўсё тое наканавана было перажыць рэлiктавым хутаранцам — Сьцепанiдзе зь Петраком. Iнстынктыўна Сьцепанiда адчувала кiрунак, зь якога ўвесь час iмкнецца на iх бяда, — то быў мост. Дужа яна хацела яго панiшчыць, каб канчаткова адасобiцца, ад’яднацца — тое для беларускiх хутаранцаў было важней за ўсё.
Ды менавiта таго нiколi i нiдзе не ўдавалася, не зважаючы на ўвесь драматызм спробаў. Сьцепанiдзiна бомба была наканавана для iншага.
Акуратна перадрукаваны экзэмпляр аповесьцi панёс у «Полымя», чарговым рэдактарам якога стаў тады Кастусь Кiрэенка, чалавек з абмежаванымi здольнасьцямi, але з пэўнымi амбiцыямi. У мяне зь iм не было нiякiх стасункаў, i мець iх ня надта хацелася. Як, зрэшты, i з усёй рэдакцыяй гэтага часопiсу. Панёс рукапiс зранку, калi там нiкога, апроч хiба карэктараў, яшчэ не было, аддаў для перадачы галоўнаму. Праз трохi часу патэлефанаваў Кiрэенка, паведамiў, што рукапiс атрымаў, будзе чытаць Пташнiкаў. Пташнiкаў пры выпадковай сустрэчы пахвалiў рукапiс — чысты, без памарак, ня тое, што iншыя. На тым усё i скончылася. Я быў удзячны абодвум, бо тое было выдатным варыянтам стасункаў памiж двума антыподамi — аўтарам i выдаўцом. Лепшага i чакаць было нельга. Неўзабаве «Знак» быў надрукаваны.
Усе ранейшыя аповесьцi (да «Знаку бяды» ўключна) зазнавалi немалыя праблемы з друкаваньнем. Пра палiтычную стэрыльнасьць твораў дбаў ня толькi рэдактарат, ня толькi цэнзура, але i КДБ. Нават у часы Гарбачова таксама. Былы на той час прэс-аташэ генсека Андрэй Грачоў у сваёй кнiзе «М. С. Гарбачоў» пiша: «Адказваючы на паседжаньнi Палiтбюро В. Чэбрыкаву (тагачасны кiраўнiк КДБ СССР. — В. Б.), якi пярэчыў супраць публiкацыi аповесьцi Васiля Быкава „Знак бяды“, пiльна ўгледзеўшы ў ёй „падкоп пад калектывiзацыю“, Гарбачоў шумеў: „Так, перакосы будуць. Усё сплыве ў патоку, якi ўтворыцца. Будуць i пена, i сьмецьце, але ўсё тое знак вясны, абнаўленьня, спадарожнiкi дэмакратызацыi. А яе махавiк трэба раскручваць, ня трэба баяцца…“». Такiм чынам, мая аповесьць для кiраўнiка КДБ была «знакам бяды», а для Гарбачова — усё ж «знакам вясны». Здаецца, аднак, памылiлiся абодва.
У часопiс «Дружба народов», куды я аддаў уласнаручна зроблены пераклад, тэрмiнова паклiкалi аўтара. Рэдактар Сяргей Барузьдзiн выказаў агульныя прэтэнзii, але дэталiзаваць iх ня стаў — дужа сьпяшаўся на нейкую нараду (вядома ж, у ЦК). Сказаў, што астатняе давядзе намесьнiк Леанiд Тэракапян. Тэракапян даводзiў ня надта катэгарычна, затое падрабязна i доказна. (Ну, канешне, былi перагiбы, парушэньнi, але калектывiзацыя была патрэбная, бо раздробленая прыватнаўласьнiцкая сельская гаспадарка ня здольна была… і г. д.) Што-нiшто давялося закрэсьлiць, апусьцiць цi замянiць на банальнасьцi. Але я ўжо ведаў, што калi на першым этапе рэдагаваньня ў чымнебудзь саступiш (во тут усяго тры-чатыры месцы), дык у наступным тых месцаў будзе ўжо пяць-восем, а затым i дзесяць — пятнаццаць. Калi ў Галоўлiце. Увогуле так яно ў мяне i атрымалася. Каб канчаткова ўсё падчысьцiць, з рэдакцыi ў Менск быў камандзiраваны вопытны лiтаратурны праўшчык, зь якiм мы чысьцiлi аповесьць у чатыры рукi. Мелася на ўвазе праўка стылю, хаця да стылю справы было меней за ўсё — чапляла палiтыка. Прытым палiтыка мiнулага дня, нават мiнулых дзесяцiгодзьдзяў, якая ўпарта не хацела сыходзiць з жыцьця. А што, калi твор назваць раманам? — прыйшла мне ў галаву недарэчная думка, на якую мой праўшчык адказаў проста: «Тады зь iм прыйдзецца вазiцца ўдвая болей, бо iншы жанр». Такое было афiцыйна-навуковае вызначэньне жанру, i я падумаў: хай ён ужо застаецца ў жанры аповесьцi.
А ў выдавецтве «Молодая гвардия», дзе яго мелiся выдаць асобнаю кнiжкай, атрымалася i яшчэ горш. Ужо добра вычышчаную за папярэднiя публiкацыi аповесьць раптам завярнуў Галоўлiт. Мяркуючы па ўсiм, сакрэт таго палягаў у тым, што Галоўлiтам стаў курыраваць мой стары «сябра» Уладзiмір Сеўрук, якi з кожным годам усё набываў вагу ў апараце ЦК. Вiдаць, зь ягонай падачы аповесьць трапiла на стол да «второго лица в государстве», якiм тады стаў сакратар ЦК Лiгачоў. Як вядома, новая мятла заўжды мяце чыста, у дадзеным выпадку разам зь сельскай гаспадаркай падмятала i лiтаратуру. У выдавецтве ўсчаўся скандал, загадчыцу аддзелу Зою Яхантаву накiравалi ў Менск — уламваць аўтара. Добрая гэта жанчына прыехала на Танкавую i распавяла пра сваю праблему. Увогуле трэба было няшмат: «Снять вот здесь, здесь и здесь. А также, если можно, отсюда и досюда» i г. д. Я шчыра хацеў дапамагчы ўвогуле слаўнай жанчыне (якой да таго ж хутка на пэнсiю), бо ведама ж, што кожны рэдактар — той жа сапёр. Аднойчы памылiўся, i ўсё прапала. Я крэсьлiў, выкiдваў, але лёгiка твору пратэставала, даводзiлася аднаўляць, мы спрачалiся. У рэшце рэшт вытруцiлi надта канфлiктную сцэну раскулачваньня, яшчэ нешта. Цэнзары, канешне, выдатна адчувалi, дзе быў «знак бяды», i дужа iмкнулiся, каб таго ня сьцямiў чытач. Каб усё схаваць у строга засакрэчаных фондах, выкрасьлiўшы з лiтаратуры. Але не ў iх моцы было выкрэсьлiць тое з жыцьця, бо, як казалi антычныя грэкi, — нават багi ня могуць перайначыць былое. Былое вышэй за жывое, яно ўжо непадуладнае нiкому.