Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Уладзiмер Караткевiч ня быў нават шараговым камунiстам, ня быў якiм-небудзь «членам», нi тым болей рэдактарам, што ж яму заставалася? Нiчога iншага, апроч як пiсаць «несучасныя», гiстарычныя раманы ды пiць гарэлку. Друкавалi яго пасьля бясконцых, часам дурных, але заўжды палiтычных прыдзiрак (вядома ж, баючыся беларускага страхоцьця — нацыяналiзму), але пiць забаранiць не маглi. Мабыць, зыходзячы з уласнага вопыту, кіраўніцтва разумела, што тут яно бясьсільнае. Валодзя таксама разумеў тое як права на адзіна магчымую для сябе свабоду і па магчымасьці карыстаўся ёю. Аднак і тут не магло абысьціся без праблемаў. Усе Валодзевы «грахі» былі на строгім уліку.
Але тое будзе яшчэ не цяпер, яшчэ Валодзя хадзiў на мора, у пасёлак па чачу. Я ж колькi тыдняў сядзеў у лоджыi i пiсаў на лёгкiм i хiсткiм дзюралевым столiку. Валодзя казаў, што ён ненавiдзiць такiя столiкi, хоць у пакоi, хоць у кавярнi, што гэта — вынаходства д’ябла. На iм нiчога людзкага стварыць немагчыма. Яму для ягоных твораў патрэбны быў стары, моцны, дубовы стол. А таксама стос добрай паперы i свежая, адпрасаваная сарочка. Тады паяўлялася натхненьне, якое адно i гарантавала плён.
Аднойчы ён зноў прапаў на няпэўны час, а як паявiўся, мы яго не пазналi. Быў нiбы не тутэйшы — зь цьмяным позiркам, змучаным тварам. На зьмярканьнi пачаў скардзiцца, што ўнiзе ў кустоўi сядзiць цмок, пiльнуе за iм. Кажа — iдзi, пакажу. Я iшоў у iх з Валяй кутнi нумар, i Валодзя паказваў унiз: во, во… Выглядвае!.. Не, схаваўся. Ну, чакай, я цябе падпiльную… Не пiльнуй, Валодзя, казаў я з жалем. Кладзiся спаць. — Не, спаць я ня буду, я буду пiльнаваць яго…
Валя плакала. Toe было дужа кепска…
Напрыканцы нашага тэрмiну паехалi з экскурсiяй у Сухум, дзе Валодзя першым чынам пацягнуў усiх у малпоўнiк. Тут ён быў жывы i вясёлы, поўны самага дзiцячага захапленьня, калi азiраў усiх тых малых i вялiкiх iстотаў, што сядзелi, лазiлi, скакалi з сука на сук, здаецца, зусiм не рэагуючы на цiкаўных наведвальнiкаў. Валодзя знайшоў дужа сiмпатычную малпачку, якая, сустрэўшы ягоны позiрк, сьмела скокнула да яго i працягнула далоньку з тоненькiмi чорнымi пальчыкамi. «Глядзiце, якi цуд! — казаў Валодзя. — Яна ж лепшая за людзей, колькi дабрынi i адданасьцi…» Ён клаў ёй у далоньку мандарын, i яна з радасным вiскам узьлятала высока на дрэва.
А ў кавярнi на праспэкце пад пальмамi было толькi кiслае сьцюдзёнае вiно, ад якога Валодзя грэблiва моршчыўся. I пiў.
Караткевiч i Валя зьехалi зь Пiцунды раней за нас — скончыўся тэрмiн пуцёўкi. Мы правялi iх да аўтобусу, выпiць на разьвiтаньне не было чаго. Надта ж былi ўзрадаваныя, калi праз кароткi час атрымалi зь Менску тэлеграфны перавод на добрую суму i невялiчкую цяжкаватую пасылачку. Памятаю, iшлi з пошты i дужа цiкавалi: што гэта прыслаў Валодзя? Падобна — цаглiну. Аж не цаглiну — бутэльку малдаўскага каньяку, якi ў Беларусi яшчэ можна было «дастаць». Ну — Боская душа, мiлы Валодзя!
Пасьля, ужо ў Менску, Валю паклалi ў Бараўляны, i я вазiў да яе Валодзю — на адведкi. Сам заставаўся ў машыне, а ён iшоў у корпус. Вяртаўся адтуль вельмi i вельмi засмучаны, употай выцiраў вочы. Ён кахаў жонку… А як памерла, здаецца, ня плакаў. Памятаю, пасьля паховiн раiўся, як яму жыць? Хацеў знайсьцi кабету, каб безь дзяцей, якiх яму з Валяй ня даў Бог. I каб безь вялiкай раднi. Мяне неяк уразiлi тыя яго клопаты, бо яму самому жыць засталося няшмат.
Незадоўга да сваёй сьмерцi ён неяк дужа ўважлiва ставiўся да тых, каго паважаў, з кiм сябраваў. Тады часта тэлефанаваў мне, i, калi мяне не было дома, падоўгу размаўляў зь Iрынай. Здароўе яго пагаршалася, ды ён ня дужа прыслухоўваўся да здароўя. Вядома, хвораму ня надта пiсалася, i ён iшоў да сяброў. Бы ў прадчуваньнi хуткага канца рваўся на прыроду, зь якой наканавана было канчаткова зьлiцца, i апошняя паездка на любiмую Прыпяць i згубiла яго. Ягоную сьмерць аплаквала ўся Беларусь, доўга будзе шанаваць яго слаўнае iмя. Такiя, як Караткевiч, часта не нараджаюцца…