Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Караткевiч шмат у чым суцяшаў мяне ў маiх даўнiх i цяперашнiх клопатах i казаў, што нашая лiтаратура будзе жыць у народзе. Пакуль будзе жыць народ.
Але народ можа i ня жыць, калi таго не захоча, бы спахапiўшыся, дадаваў ён. Я не пярэчыў. У маёй падкорцы ўжо колькi часу фармаваўся сюжэт новага твору. Праз колькi дзён, седзячы ў зацiшнай лоджыi нашага корпусу, напiсаў першую фразу: «Карова скубала траву».
Мабыць, праўда, што ўжо на генэтычным узроўнi жанчына мацнейшая за мужчыну i далей у працэсе нялёгкага iснаваньня найменш паддаецца ўзьдзеяньню асяродзьдзя, захоўвае сваю самасьць. Асаблiва тое праяўляецца ў канфлiктныя моманты, калi трэба абаранiць сябе, сям’ю, дзяцей. А то i мужа. Мужчына ня мае такой пэўнасьцi, бо дужа шмат магутных акалiчнасьцяў уплываюць на яго — улады, партыi, войска, дзе зь iм толькi i робяць, што ламаюць, становяць на каленi. Мусiць, усё тое i сфармавала сучасны, ня надта зайздросны архетып беларускага мужыка ў жыцьцi i лiтаратуры, — беднай, рахманай, баязьлiвай iстоты. Таго, пра каго кажа выслоўе: красьцi баiцца, працаваць лянуецца, прасiць саромеецца. Тое мы спрэс назiралi пасьля вайны, калi адважныя цягам чатырох год партызаны ў мiрны час страцiлi ўсю сваю адвагу i даюць памыкаць сабой кожнаму, хто таго захоча. У тым лiку i з жаночага боку, якi, аднак жа, мала ў вайну згубiў. А можа, яшчэ i набыў — розуму i рашучасьцi.
Некаторыя пытаюцца, чаму ў вайну беларускiя партызаны апынулiся гэткiмi храбрымi, адкуль яны набралiся тае храбрасьцi ў абязбожанай, калгаснай, паўгалоднай краiне? А ўсё адтуль жа — з 30-х гадоў, у вынiку савецкай дрэсiроўкi голадам, вынiшчэньнем i страхам. Калi сялянству ўжо мала што засталося губляць. Хiба жыцьцё як апошнюю ўласнасьць. Але i жыцьця шмат каму было ня шкода, такое яно стала нясьцерпнае. У той сытуацыi i палягае псыхалягiчная крынiца шмат якiх учынкаў, у тым лiку i тых, якiя цяпер называюць подзьвiгамi.
Мы гаварылi пра тое, што нельга нiкога заганяць у кут — нi сябра, нi ворага. Беларускае сялянства ў 30-я гады, пазбаўленае зямлi i волi, па сутнасьцi апынулася ў куце. Ад галоднай сьмерцi яго ўратавалi гароды — сорак сотак дзедаўскай зямлi, якiя кармiлi. Пасьля немцы загналi яго яшчэ глыбей — што было рабiць сялянам? Што робiць сабака цi воўк, калi яго прышчэмяць у загарадзi? Кiдаецца на людзей. Беларусы кiнулiся на немцаў. З адчаю. Во i вытокi гераiчнай партызанкi.
Калi б акупацыйная палітыка немцаў была больш разумная ды немцы распусьцілі б калгасы, вярнулі беларусам іхнія царскія надзелы зямлі, цягло, дык нават ва ўмовах вайны і акупацыйнай няволі беларусы паводзiлi б сябе iнакш. Прынамсi, як летувісы, латышы цi эстонцы. Як украiнцы нарэшце. Аралi б зямлю, гадавалi дзяцей i плюнулi на бандыцкую партызанку, якая, наўрад ці памагаючы фронту, адно забясьпечвала амбіцыі маскоўска-партызанскага кіраўніцтва. Той факт, што немцы нішчылі ў мястэчках яўрэйскае насельніцтва, беларусаў ня вельмі турбаваў — абы не чапалі саміх. Але ж «зачапілі» і беларусаў — пачалі бязьлітасна страляць і паліць. Казалі — як расплата за партызанку, што ўвогуле было падобна на праўду. Пасутнасьц і тут Гітлер са Сталіным апынуліся ў адным хаўрусе, хаўрусе катаў. Тое, што Сталін ня справіўся дарабіць у перадваенныя гады, дарабіў за вайну Гітлер. Беларусь страціла чвэрць уласных насельнікаў і апынулася на руінах, каб затым пачаць «гераічную» эпоху адраджэньня. Нельга нiкога заганяць у кут — сабе даражэй абыдзецца. А мая Сьцепанiда апынулася менавiта загнанай у кут. Сьцепанiда, вясковая цётка, не хацела губляць жыцьцё i чаплялася за нейкiя праявы волi. Ды спазьнела чаплялася. У тым яе чалавечая трагедыя.
Але калi было — не спазьнела? У Сьцепанiды наогул не было свайго часу, яна, як i ўсё навакол, выпала з хады часу, апынулася на мяжы небыцьця. Некалькi год цi тыдняў таго балянсаваньня, i ўсё загiнула. Каб не адрадзiцца? Уладзiмер Караткевiч быў нязгодны з маiм фатальным паглядам, ён хацеў спадзявацца. Як мог, ён таксама чапляў ся за жыцьцё, за надзею. Ды не ўчапiўся. Бо таксама апынуўся чалавекам бяз часу, што зарана цi запозьнена нарадзiўся, не ў пару зрабiўся пiсьменьнiкам. Несучасным. Несучасны чалавек жыць доўга ня можа. Павiнны памерцi. У тыя часы, каб дасягнуць нейкага посьпеху ў лiтаратуры, мала было мець лiтаратурны талент — патрэбны быў грамадзкi твар, начальнiцкая пасада, немагчымыя бяз «членства» ў партыi. Менавiта з тае прычыны нашыя «маладыя таленавiтыя» яшчэ ва ўнiвэрсытэце ўступалi ў партыю, па сканчэньнi вучобы ахвотна (цi не) вербавалiся ў сэксоты i, каб замацавацца ў сталiцы, уладкоўвалiся ў рэдакцыi. Службовая кар’ера ўвогуле мала залежала ад лiтаратурнага таленту, якi нярэдка толькi шкодзiў кар’еры. Звычайна лiтаратурныя маэстры, надзеленыя рэгалiямi, званьнямi i адказнымi пасадамi, былi пасрэднымi лiтаратарамi, што, аднак, ня шкодзiла iм кiраваць iншымi. Лiтаратура была справай ня толькi рызыковай, але i вельмi няпэўнай, як няпэўным быў мэтад сацрэалiзму. Iншая рэч — пасада. Лiтаратурная цi яшчэ лепей — партыйная. Гэтая кармiла, забясьпечвала камфортным жытлом i належным да яе гонарам. Шмат хто зь пісьменьнікаў, калі ня шэньціла прабіцца да такіх пасадаў, апыналіся ў доўгіх сьпісах рэдкалегіяў (ці рэдсаветаў), некаторыя зь ліку адмыслова давераных значыліся ў двух, трох, а то і чатырох рэдкалег іях, дзе шэраг гадоў выконвалі свае цэнзарскія абавязкі. Іншых там не было, а ўжо гэтыя бальшыня зь іх мкнулася выконваць як мае быць.