Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Пад восень мы зь Iрынай паехалi ў Піцунду. Туды звычайна езьдзiлi шмат якiя пiсьменьнiкi. У мяне абвастрылася астма, таму марскi клiмат Ялты, куды я пару разоў езьдзiў раней, стаўся няздатны. У Піцундзе ж, казалi, ёсьць рэлiктавы хвойны гай, дужа спрыяльны для лёгачнiкаў. Напачатку той дом творчасьцi мяне расчараваў — вялiзны жылы корпус, гармiдар у вялiзнай, на сотнi месцаў, сталоў цы. Ну i людзi, сярод якiх добра, калi знойдзецца дватры знаёмыя. Але на гэты раз трохi знайшлося, i сярод iх нешматлiкiх — мiлы Валодзя Караткевiч з жонкай Валяй. Цiкава было даведацца, мiж iншым, што Валя пэўным чынам мая зямлячка, яе бацька паходзiў з Воцькавiч, што былi цераз луг ад нашае вёскi, i дзявочае прозьвiшча яе — Вацьковiч. Хаця яна нарадзiлася ня там i, канешне, мала што там ведала. У дамах творчасьцi, якiх было багата па Саюзе, тою парой самы раз было знаёмiцца, таварышаваць, выпiваць. Працаваць — наўрад цi. Асаблiва калi зьбiралася кампанiя.
Тут асаблiвай кампанii не было (апроч хiба Спрынчана з сынам ды Алеся Савiцкага), але яны болей працавалi, мы iх ня надта турбавалi. Надвор’е ўвогуле было добрае, мора спакойнае. Аднойчы Валодзя сказаў, што трэба расстарацца гарэлкi, бо ён заўтра ранiцай iдзе з рыбакамi ў мора. Гэта добра — iсьцi ў мора, але дзе ўзяць гарэлкi, якой не было ў продажы? Заставалася брысьцi ў пасёлак да цётак-абхазак.
Выправiлiся ўчацьвярых — мы з Валодзем i жонкi. Валодзя туды iшоў не ўпершыню i ведаў шлях. Здалёку яшчэ на месцы самадзейнага базарчыку згледзеў вярблюдзiцу Нэлю. Ну, калi тут Нэля, дык недзе i яе гаспадыня — цётка Марыя, ужо ў яе разжывемся. Так i атрымалася, — безь вялiкiх праблемаў, праўда, злосная вярблюдзiца пару разоў плюнула на жанчынаў, якiх чамусь не любiла, а Марыя дастала з-пад палы дзьве бутэлькi з мутнаватай вадкасьцю.
Узрадаваныя, мы скiравалi дадому, дзе некаторыя калегi на вэрандзе спрабавалi нас «раскалоць», але Караткевiч трымаўся цьвёрда i лёг спаць цьвярозы. На сьвiтаньнi ён зьнiк. Сказаў Валi, што надвячоркам вернецца.
Але не вярнуўся да ночы, не было яго i назаўтра ўранку. Мы пачалi трывожыцца. Некаторыя супакойвалi: маўляў, зь дзьвюх бутэлек нiчога ня здарыцца. Але да дзьвюх можна было дадаць шчэ колькi. Зрэшты, так яно i сталася. Валодзя вярнуўся на трэцi дзень — мокры, змэнчаны, але вясёлы i нават зь некаторымi трафеямi, якiмi ён адарыў жанчынаў, — маленькiмi марскiмi канькамi. «А рыба?» — спыталiся мы. «Рыба плавае па дну, не спымаеш нi адну», — быў рыфмаваны адказ.
Я дасюль ня ўпэўнены, што Валодзя хадзiў у мора, а не яшчэ куды. Але колькi дзён ён бы жыў тым паходам, красамоў на распавядаў пра буру, у якую трапiў каля мысу Карадагу, калi iхнi баркас ледзьве ня выкiнула на скалы. Але рулявы (канешне ж, то быў Караткевiч) спрытна пераклаў руль i тым уратаваў утлую пасудзiну. Жанчыны войкалi ад спалоху — а раптам бы патануў! Такога не магло здарыцца, адказваў Валодзя, бо я аўтар няскончанага твору, над якiм апекваюцца багi. Я слухаў яго красамоўны аповед i прыпамiнаў другi выпадак у Менску, калi аднойчы спаткаў Караткевiча з забiнтаванай i падвешанай на перавязi рукой. «Разумееш, стары, — сказаў ён тады, — якая са мной здарылася гiсторыя. Учора iду во па гэтай вулiцы i бачу: два боўдзiлы б’юць дзяўчыну. Прыгожую дзяўчыну. Ну як мне з маiм шляхотным выхаваньнем было такое стрываць! Я кiнуўся ў бойку i раскiдаў iх, бы шчанюкоў. Праўда, i мне перапала — зламалi руку. Але чорт яе бяры — зрасьцецца. Затое ўратаваў дзяўчыну, прыгожую дзяўчыну». Тады я падзiвiўся, — i верыў, i не. А пасьля ўжо выпадкам дазнаўся, што ўчора п’яны Караткевiч упаў з лесьвiцы ў пад’езьдзе i зламаў руку. Той ды iншы выпадак, калi б ён здарыўся з кiм iншым, мог бы абурыць. Караткевiч жа не абураў. Мабыць, уся справа ў тым, як тое падаць i каму выпадак належыць. Караткевiчу ўсё належала дужа арганiчна. Можна было толькi сьмяяцца…
Пасьля тае рыбалкi Валодзя колькi дзён не паказваўся ў сталовай, Валя казала, што пiша. I сапраўды пiсаў — сьпяшаўся скончыць свой прыгоднiцкi раман, прысьвечаны жонцы. А як паявiўся зноў, узьнiкла пытаньне — дзе ўзяць чачы? Той самадзейны базарчык у пасёлку мiлiцыя прыкрыла. На ўтаптанай пляцоўцы пры апусьцелых лаўках тупала адна злая вярблюдзiца Нэля. Трэба было выпраў ляцца куды яшчэ.
Мы зрабiлi такую вандроўку ў суседнюю, хаця i няблiзкую вёску.
Па дарозе Валодзя быў цьвярозы i змрочны, гаварыў пра апрыклае — лiтаратуру. Распавядаў, як нядаўна яшчэ ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» рыхтавалi да друку ягоны раман «Каласы пад сярпом тваiм». Як сябрысабутэльнiкi не хацелi цi не маглi памагчы, i ён адзiн змагаў ся з колiшнiм знакамiтым выдавецкiм босам Матузавым.
I ўсё ж ён перамог, раман выйшаў. А дзе цяпер Матузаў? Прапаў, згiнуў, памёр, i нiхто яго не прыпомнiць. А раман застанецца ў лiтаратуры, як застаўся ў гiсторыi ягоны герой вялiкi Калiноўскi. Бо раман — ад Бога. А рэдактар — параджэньне д’ябла.